Хвала пчале!

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

Трэці раз Нацыянальны мастацкі музей РБ адсвяткаваў Мядовы Спас. Фальклорна-мастацкая акцыя “Спас Мядовы, Спас Музычны”, пра падрыхтоўку якой мы пісалі ў “К” №31, пачалася 14 ліпеня ў 14 гадзін перад Домам Ваньковічаў — філіялам НММ. У цэнтры прысядзібнага газона-партэра быў узняты штандар з надпісам на лаціне: “Ave apis!” (“Хвала пчале!”) і выявай гэтай меданоснай руплівіцы. Штандар зрабілі мастак, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Васюк і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, а аднайменны гімн, які прагучаў падчас адкрыцця свята, стварылі кампазітарка Ганна Казлова і паэтка Таццяна Сінкевіч.

 /i/content/pi/cult/126/565/pchala1.jpg
Мінскі клуб пчаляроў прапаноўваў усім ахвотным сваю, асвечаную іерэем Мікалаем Сухановічам, прадукцыю — розныя гатункі мёду, пяргу, а таксама незаслужана забыты збіцень — любімы напой нашых продкаў, карысны і дарослым, і дзецям. Уладзімір Пракапцоў прадставіў публіцы дырэктара гандлёвага цэнтра “Свет пчол”, нязменнага партнёра музея па правядзенні Мядовага Спаса Л.Дзёмкіна.
— Пчаліны рой можа служыць прыкладам таго, што нам трэба трымацца разам у згодзе і ўзаемнай падтрымцы, — звярнуўся ён да ўдзельнікаў свята, трымаючы ўручаную Г.Казловай плюшавую пчолку. — Праз пчаліны лад жыцця Гасподзь дае людзям урокі працавітасці, самаахвярнасці і нават… павагі да жанчыны-маці, бо пчаліная матка — каралева вулля.
Сапраўды, ніводнае насякомае не ўслаўлена чалавекам так, як пчала. 10 тысяч вылетаў робіць яна, каб вырабіць 1 чайную лыжку мёду. Падчас свята не раз гучала параўнанне пчолкі-працаўніцы з клапатлівай гаспадыняй, якае дбае аб сямейным дабрабыце. Гэтую ж асацыяцыю выклікаў і трыпціх заслужанага дзеяча мастацтваў Уладзіміра Кожуха. На цэнтральнай карціне — прыгожая жанчына, крыху стаміўшыся, прысела адпачыць ва ўтульны фатэль. Паабапал яе — краявіды родных ніў у залатых, мядовых колерах. Добрыя словы пра мастака і яго творы казалі старшыня секцыі жывапісу Беларускага саюза мастакоў Васіль Касцючэнка і галоўны спецыяліст упраўлення мастацтва Міністэрства культуры РБ Мікалай Мішчанка.
Але ж акцыя НММ была не толькі мастацкай, але і музычнай. У першай яе частцы выступілі фальклорны гурт “Крынічанька” і дудар Вадзім Дземідовіч, а потым публіка перамясцілася ў залу Дома Ваньковічаў, дзе дала аўтарскі канцэрт Ганна Казлова.
Мядовы Спас — свята жыццялюбаў, прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і хрысціянскіх каштоўнасцей. Вось што гаварылі яго ўдзельнікі.

Уладзімір Васюк:
— Як з’ем зранку лыжку мёду, дык увесь дзень усяго добрага хочацца: вучыць, ствараць, кахаць…

Валерый Калтыгін, мастак-кераміст з Бабруйска:
— Штодня зранку і ўвечары з’ядаю сталовую лыжку мёду і запіваю кубачкам халоднай вады. Гатую сабе аўсяную кашу з мёдам, сухафруктамі і арэхамі. Таму заўсёды сплю здаровым сном.

Уладзімір Пракапцоў:
— Кожны сняданак на нашым сямейным стале прысутнічае слоік з мёдам. Ён карысны ад розных хвароб. Асабліва люблю ліпавы мёд… Аддаю перавагу шампуням, мылу з дадаткам мёду. Таму, мабыць, у мяне такая густая чупрына (усміхаецца). А калі казаць сур’ёзна, святкаванне Мядовага Спаса далучае нас да нашых вытокаў, да здаровых арыенціраў, духоўнай чысціні — гэта галоўнае, асабліва ў век глабалізацыі. І нашаму музею трэба і надалей падтрымліваць добрыя традыцыі і перадаваць іх моладзі.

Святлана ІШЧАНКА
Фота Андрэя ШЭРСТНЁВА