Эстафета перададзена

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

28 красавіка завяршаецца “Мінская вясна”, а на дзень раней, 27-га, адкрываецца “Магілёўская музычная вясна-2011”. Пачынаўся ж вяснова-канцэртны марафон у Полацку, у Сафійскім саборы, дзе 20 красавіка адгучалі апошнія акорды ХХІV Міжнароднага фестывалю старадаўняй і сучаснай камернай музыкі.

 

Кожны з музычна-вясновых фестываляў мае свае асаблівасці. Канцэрты на сталічнай філарманічнай сцэне праходзілі пад знакам 200-годдзя Ф.Ліста: яго творы гучалі літаральна ў кожным канцэрце. Вось і закрыецца "Мінская вясна" яго знакамітай "Венгерскай рапсодыяй". За дырыжорскім пультам будзе стаяць славуты Аляксандр Анісімаў, і ўжо адно ягонае імя абяцае сюрпрызы. Скрыпачоў прывабіць удзел у канцэрце лаўрэата міжнародных конкурсаў Марата Бісенгаліева з Казахстана. Аматары ж аркестравых прэм'ер будуць рады пачуць "Метамарфозы" славацкага кампазітара ХХ ст. Эўгена Сухоня: гэтыя сімфанічныя варыяцыі, напісаныя ў пачатку 1950-х, прагучаць у нас упершыню.

Куды больш размаітай, разнавектарнай станецца "Магілёўская музычная вясна-2011", якая працягнецца ажно да 25 мая. Яна змесціць і цыркавыя выступленні, і спектакль Маскоўскага незалежнага тэатра паводле М.Булгакава. Не менш разнажанравымі будуць і ўласна музычныя сустрэчы. Тут і Надзея Бабкіна з ансамблем "Руская песня", і джазавы вечар, сярод удзельнікаў якога - знакаміты маскоўскі кампазітар, дырыжор і піяніст Анатоль Крол. Свае сольныя праграмы прадставяць Пётр Ялфімаў, Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі "Свята", паэт-песеннік Алег Жукаў, салістка Магілёўскай абласной філармоніі Алена Мацярынка і тамтэйшы ансамбль эстраднага танца "Тэт-а-тэт". Сапраўднай падзеяй стане творчы вечар Людмілы Браілоўскай, якая ў сваёй вакальнай студыі дала пуцёўку ў творчае жыццё салістам Беларускай оперы Ніне Шарубінай, Сяргею Франкоўскаму, салісту Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Алегу Кавалеўскаму і многім іншым вядомым спевакам. Адкрыўся ж фестываль буйным сумесным праектам: разам выступілі два аркестры народных інструментаў - смаленскі, імя У.Дуброўскага, і магілёўскі, імя Л.Іванова.

 Ну, а Сафійскі сабор у Полацку, паводле традыцыі, сабраў не толькі арганістаў (акрамя нашай Ксеніі Пагарэлай, выступіў таксама француз Ален Бавэ), але і аркестры, капэлы, ансамблі. Сярод удзельнікаў свята былі сімфанічны аркестр Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, музычная капэла "Санорус" пад кіраўніцтвам Аляксея Шута, інтэрнацыянальны інструментальны квартэт "Primavera" (Германія - Расія - Беларусь), Смаленскі гітарны квартэт, вакальны гурт "Чысты голас" ды іншыя знаныя музыканты.