Ад ВГИКа да “Зор Шакена”

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Студэнты экраннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў гэтымі днямі праходзяць стажыроўку ў сценах знакамітага Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі імя С.А. Герасімава.

 

Гэта стала магчыма дзякуючы падтрымцы спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Маладых кінематаграфістаў з нашай краіны чакае шэраг лекцый праслаўленых майстроў экрана, прагляды кінакласікі, знаёмства з найноўшымі кінатэхналогіямі.

Як паведаміў карэспандэнту "К" дэкан факультэта экранных мастацтваў, прафесар Павел Іваноў, "падыхаць паветрам легендарнага ВГИКа - сапраўдная ўдача для нашых студэнтаў". Каштоўны вопыт адной з вядучых кінашкол свету, несумненна, будзе вельмі карысны для будучых беларускіх кінарэжысёраў і аператараў. Плануецца, што на гэтым стажыроўкі за мяжой для студэнтаў БДАМ не скончацца. Паводле інфармацыі Міністэрства культуры краіны, у бліжэйшы час за мяжу адправяцца студэнты тэатральнага і мастацкага факультэтаў Акадэміі: яны наведаюць Германію, Чэхію і, таксама, Расію.

Дарэчы, у гэтыя дні дэлегацыя студэнтаў і выкладчыкаў факультэта экранных мастацтваў БДАМ прымае ўдзел у маладзёжным кінафестывалі "Зоры Шакена", які праходзіць у казахстанскай Алма-Аце. На вядомым ужо колькі гадоў і прэстыжным не толькі на прасторах СНД кінафоруме маладыя беларускія кінематаграфісты прадставяць шэраг работ, знятых цягам навучальнага года.

 С.А.