Хто пераможа ў tibo?

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Установы культуры Беларусі падалі больш за 20 заявак на ўдзел у конкурсе на лепшы беларускі інтэрнэт-рэсурс пад назвай “Інтэрнэт-прэмія “TІБО2011”. Яны спаборнічаюць у адной з пятнаццаці намінацый — “Культура і мастацтва”.

 

Як паведамілі карэспандэнту "К" у аргкамітэце конкурсу, імёны пераможцаў і прызёраў можна будзе даведацца 28 красавіка, пад час Міжнароднага спецыялізаванага форуму па інфармацыйных тэхналогіях "TІБО-2011". Ён адкрываецца на наступным тыдні пад дэвізам "Інфармацыйныя тэхналогіі - важны фактар інавацыйнага развіцця краіны". На гэтай выстаўцы можна будзе пабачыць і стэнд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якая прадставіць звесткі пра новыя тэхналогіі, што выкарыстоўваюцца сёння ў яе працы.

Інтэрнэт-прэмію ў рамках форуму будуць прысуджаць стваральнікам і ўласнікам самых лепшых сайтаў вось ужо дзявяты раз. Старшынёй журы конкурсу з'яўляецца міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі. У намінацыі "Культура і мастацтва" арганізатарамі конкурсу былі заяўлены такія падраздзелы, як "Інтэрнэт-рэсурс установы культуры", "Інтэрнэт-рэсурс, прысвечаны відам і накірункам мастацтва", "Мастацтва, творчыя праекты, каталогі, творчыя альбомы, электронныя галерэі ды інш. асобных творцаў", "Электронныя бібліятэкі, інтэрнэт-рэсурсы бібліятэк". На кожны з іх удзельнікі даслалі заяўкі.

Паводле інфармацыі аргкамітэта, колькасць прадстаўленых сайтаў па культуры і мастацтве ў параўнанні з мінулым годам не знізілася, і яна - сярэдняя па ўсіх намінацыях. Да прыкладу, на некаторыя з іх было даслана амаль восемдзесят заявак, на іншыя - каля пяці. Вядома, што ўжо неаднаразова гэтая інтэрнэт-прэмія стымулявала айчынных работнікаў культуры ствараць і развіваць сваё прадстаўніцтва ў Сеціве.