Класікам прысвячаецца

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Энцыклапедыя “Максім Багдановіч”, выпуск якой прымеркаваны да 120-годдзя паэта, уключана Міністэрствам інфармацыі ў спіс сацыяльна значнай літаратуры. Выйдзе яна сёлета ў верасні. Пра гэта карэспандэнту “К” паведаміла галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” імя П.Броўкі Ларыса Языковіч.

 

- Мы вырашылі стварыць энцыклапедыю, класічную па форме, але сучасную па мастацкім афармленні, - адзначае галоўны рэдактар. - Калектыў афарміцеляў цяпер спрабуе знайсці ўдалае візуальнае рашэнне кнігі. У ёй будуць выкарыстаны здымкі з Дзяржаўнага літаратурнага музея імя М.Багдановіча ў Мінску, Дома-музея паэта ў Гродне, Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. Макет энцыклапедыі яшчэ ў стадыі распрацоўкі, а ў залежнасці ад яго вырашым і аб'ём: на сёння запланавана прыблізна 500 старонак...

Днямі ў Энцыклапедычным навуковаметадычным цэнтры выдавецтва адбылося пашыранае пасяджэнне рэдакцыйнай калегіі і творчага калектыву энцыклапедыі "Максім Багдановіч". Выданне аб'яднае прыблізна 2200 матэрыялаў пра жыццё і творчасць класіка беларускай літаратуры, было зазначана там, а таксама пра яго сувязі з майстрамі слова замежжа.

Дадамо, што да 1 верасня будзе знаходзіцца на абмеркаванні План мерапрыемстваў па святкаванні 130-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны Уладзіміра Шышкіна, міністр Павел Латушка ўнёс прапанову ўключыць у гэты план гастролі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы з пастаноўкай "Паўлінкі" ў Томску.