Падатковыя льготы і дадатковыя стымулы

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

У Беларусі зніжаецца падатковая нагрузка на арганізацыі культуры. Адпаведны Указ № 145 “Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання ў сферах культуры і інфармацыі” 14 красавіка падпісаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

 

Дакументам устаноўлены падатковыя льготы, якія датычацца вызвалення ад ПДВ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь шэрагу напрамкаў дзейнасці.

 Напрыклад, гэта датычыцца рэалізацыі каталогаў (буклетаў), паштовак з інфармацыяй аб музеях (выстаўках), маёмасных правоў на аб'екты аўтарскага права і сумежных правоў, работ па тыражаванні аўдыязапісаў арганізацыямі культуры, а таксама Белтэлерадыёкампаніяй, ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал", ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне".

Указам таксама прадугледжана распаўсюджванне на арганізацыі культуры, арганізацыі, якія займаюцца выкананнем работ (аказаннем паслуг) у сферы культуры, усіх форм уласнасці, а таксама тэлекампаніі шэрагу льгот, устаноўленых для дзяржаўных арганізацый культуры.

 Так, вызваляюцца ад ПДВ абароты па рэалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь:

паслуг у сферы культуры, работ па вытворчасці, тыражаванні, рэстаўрацыі фільмаў, стварэнні музейных каталогаў, вырабе копій экспанатаў і дакументаў з фондаў музеяў і бібліятэк, а таксама шэрагу іншых работ і паслуг;

 арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі- культурных каштоўнасцей, работ па вытворчасці фільмаў, вырабе камп'ютарнай графікі, прадметаў, якія выкарыстоўваюцца пры правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў і вытворчасці фільмаў, тэлерадыёперадач, маёмасных правоў на аб'екты аўтарскага права і сумежных правоў арганізацыям культуры, тэлекампаніям;

 замежнымі арганізацыямі- рэкламных паслуг, маёмасных правоў на аб'екты аўтарскага права і сумежных правоў арганізацыям культуры, тэлекампаніям;

носьбітаў экзэмпляраў фільмаў, культурных каштоўнасцей, што ўвозяцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь арганізацыямі культуры.

На названыя арганізацыі таксама распаўсюджваецца вызваленне ад абкладання падаткам на прыбытак прыбытку арганізацый культуры, атрыманага ад культурнай дзейнасці; вызваленне ад падатку на нерухомую маёмасць будынкаў і збудаванняў, якія належаць арганізацыям культуры або прадастаўлены ім у арэнду, іншае карыстанне; вызваленне зямельных участкаў арганізацый культуры ад зямельнага падатку.

Акрамя таго, ствараюцца дадатковыя стымулы для прыцягнення ў сферу культуры і інфармацыі значных аб'ёмаў спонсарскай дапамогі.

Прыняцце Указа дасць магчымасць знізіць падатковую нагрузку на арганізацыі культуры і накіраваць вызваленыя сродкі на забеспячэнне іх дзейнасці, сфарміраваць сістэму падатковых прэферэнцый для развіцця нацыянальнай культуры, стварыць эканамічныя стымулы для прыцягнення дадатковых пазабюджэтных сродкаў, забяспечыць роўныя ўмовы гаспадарання для ўсіх арганізацый культуры, павелічэнне аб'ёмаў і зніжэнне кошту паслуг культуры для насельніцтва. Дакумент таксама стане стымулам для далейшага развіцця тэлерадыёкампаній, дзяржаўных арганізацый, якія займаюцца выпускам тэлерадыёперадач, а таксама рэалізацыяй сацыяльна значных праектаў у сеціве Інтэрнэт. Указ уступае ў сілу 1 ліпеня 2011 года.

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

 Каментарый з нагоды

Начальнік эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вольга Кананюк па просьбе "К" пракаменціравала Указ № 145 "Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання ў сферах культуры і інфармацыі". Дадзены дакумент, падкрэсліла яна, дапаможа прыцягнуць пазабюджэтныя сродкі ў сферу культуры, што зробіць яе больш прывабнай для прыватнага капіталу.

"Дадатковыя падатковыя льготы будуць прадастаўлены арганізацыям незалежна ад форм уласнасці, - паведаміла Вольга Кананюк. - Указ створыць выгадныя ўмовы для працы і фарміравання прававой базы, што будзе стымуляваць развіццё дзяржаўнапрыватнага партнёрства".

Дакумент прадугледжвае распаўсюджванне на юрыдычных асоб, незалежна ад формы ўласнасці, наяўных для дзяржаўных арганізацый культуры падатковых ільгот, а таксама прадастаўленне дадатковых падатковых ільгот. Гэта тычыцца ПДВ, падаткаў на прыбытак, нерухомасць, зямельнага падатку. Указам прадугледжаны таксама льготы па падатку на дабаўленую вартасць, па шэрагу кінавытворчых работ. Вольга Кананюк патлумачыла, што, згодна з

Указам № 145, прыбытак, атрыманы ад культурнай дзейнасці, не будзе абкладацца падаткам. Прадугледжаны накірункі выкарыстання сродкаў, што вызваляюцца ад падатку на прыбытак. Найперш гэтыя грошы мяркуецца накіроўваць на набыццё і рамонт асноўных сродкаў, набыццё маёмасных правоў на аб'екты аўтарскага права і сумежных правоў, неабходных для наладжвання культурнай дзейнасці. Акрамя таго, павялічаны памер вызваляемага ад падатку прыбытку, што перадаецца ў арганізацыі культуры і іншыя арганізацыі на вызначаныя Указам мэты да 10 працэнтаў ад валавога прыбытку (цяпер - 5 працэнтаў).