Упершыню ў Каннах

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

11 мая ў Францыі адкрыецца 64 Міжнародны Канскі кінафестываль, дзе публіка ўпершыню зможа наведаць Беларускі нацыянальны павільён.

 

Як паведамілі карэспандэнту "К" у сцэнарна-маркетынгавай службе "Кінапраект" Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", сёння тут адбіраюцца стужкі айчыннай вытворчасці, урыўкі з якіх пакажуць у павільёне на знакамітым форуме. Як стала вядома, для наведвальнікаў будзе даступны каталог-буклет з інфармацыяй пра мастацкія, дакументальныя і мультыплікацыйныя фільмы кінастудыі, створаныя ў 2010 - 2011 гадах. Афармленне павільёна будзе скіравана на тое, каб пазнаёміць замежных аматараў кіно з культурай Беларусі, яе мастацкімі здабыткамі.

 Асноўная мэта нацыянальнага павільёна ў Каннах - паказаць магчымасці "Беларусьфільма", заявіць пра сваю прадукцыю, прыцягнуць увагу да айчыннага кіно з боку замежных кінавытворцаў і прадзюсараў. Беларуская дэлегацыя прадэманструе адкрытасць да супрацоўніцтва, а таксама свой намер павышаць узровень нашага кіно і ў будучыні ўдзельнічаць у конкурснай праграме Канскага кінафестывалю. Журы тут сапраўды пачэснае, а старшынёй яго ў гэтым годзе з'яўляецца Роберт дэ Ніра.

Арганізатарамі Нацыянальнага павільёна на форуме сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Белтэлерадыёкампанія, "Беларусьфільм".