“Славянскі базар у Віцебску”: хто на конкурс?

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

19 красавіка ў Маладзёжным тэатры эстрады адбылося праслухоўванне на дзіцячы і дарослы конкурсы ХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

/i/content/pi/cult/319/5642/2-1.jpg

 Сярод членаў журы былі народныя артысты Беларусі, кампазітары Васіль Раінчык, Эдуард Зарыцкі, заслужаная артыстка краіны Ірына Дарафеева, начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Міхаіл Казловіч, лаўрэат міжнародных конкурсаў Пётр Ялфімаў, вядомы аўтар, аранжыроўшчык, выканаўца і прадзюсар Сяргей Сухамлін ды іншыя. На кожны з конкурсаў з дзясятка раней адабраных прэтэндэнтаў былі вылучаны двое. Але гэта не значыць, што адбор, заяўкі на які прымаліся да 1 красавіка, цалкам завершаны.

 Праз нейкі час павінна прайсці яшчэ адно праслухоўванне, каб з двух маладых спевакоў спыніцца, па ўмовах Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2011", на адным, які і прадставіць Беларусь на гэтым прэстыжным творчым спаборніцтве. Гэта будзе ці Алена Ланская - выхаванка прадзюсарскага цэнтра "Спамаш", ці Яўген Слуцкі - артыст Тэатра песні Ірыны Дарафеевай, які вучыцца ў Мінскім каледжы мастацтваў.

А вось сярод нашых пасланцаў на Міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2011" барацьба разгорнецца ўжо непасрэдна пад час "Славянскага базару ў Віцебску". Паводле конкурсных умоў, наша краіна можа прадставіць двух канкурсантаў. Імі будуць Ганна Атрошчанка - выхаванка Ірыны Раманоўскай - і Аляксандра Няхай, якая займаецца ў вакальна-эстраднай студыі прадзюсарскага цэнтра "Залатыя галасы" пры арт-групе "Беларусы".