Валанцёрства + мастацтва

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Мастацкае вучылішча: адрасы дабрачыннасці

Цягам доўгага перыяду навучэнцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча імя А.К. Глебава супрацоўнічаюць з Беларускім дзіцячым хоспісам.

Валанцёрскі праект, распрацаваны ў вучылішчы, называецца "Падары дзецям радасць". У рамках праекта ладзяцца навучальныя заняткі па розных відах мастацтва: жывапісе, батыку, калажы, вітражы, фотамантажы, лепцы з гліны і некаторых іншых. Вучыць дзетак "глебаўцам" вельмі падабаецца.

Цяперашнія старшакурскнікі памятаюць, як яшчэ на пачатку вучобы ўпершыню прыехалі ў дзіцячы хоспіс, і з таго часу ўсё часцей, бывае - і два разы на тыдзень, наведваюць хлопцаў і дзяўчат з гэтай установы.

- Мне даспадобы займацца валанцёрскай дзейнасцю, - кажа трэцякурсніца Варвара, - і я ўпэўнена, што ў далейшым, пасля заканчэння вучылішча, не спыню сваіх паездак у Беларускі дзіцячы хоспіс...

Тых, хто жадае паехаць і папрацаваць у хоспісе, заўсёды хапае. Так, у гэтым навучальным годзе "глебаўцы" афармлялі хол у Дзіцячай інфекцыйнай бальніцы, а навучэнцы другога курса Саша Правалінскі і Таня Томуць распісалі сцены ў пакоі для гульняў у Навінках.

Як вядома, паводле рашэння Еўрапейскай камісіі ЕС, 2011-ы аб'яўлены Годам валанцёрства ў Еўропе. Таму і ў Беларусі валанцёрская дзейнасць знаходзіць усё больш ахвотных сярод будучых жывапісцаў, дызайнераў і скульптараў.

Марына БУТКЕВІЧ, культарганізатар вучылішча