Юныя творцы — новыя гукі

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

Напярэдадні новага навучальнага года самы час звярнуць увагу на цікавыя ноў-хаў года мінулага, што паспелі з’явіцца ў музычна-педагагічнай практыцы. Адзін з такіх праектаў — правядзенне адкрытага конкурсу сучаснай музыкі “Новыя гукі свету”, арганізаванага кампазітарам Ганнай Кароткінай на базе сталічнай гімназіі № 17 з музычна-педагагічным ухілам.

 /i/content/pi/cult/126/564/Novyja guki.jpg
Адметнасцю гэтага конкурсу, у параўнанні са шматлікімі іншымі, стала свядомая арыентаванасць на сучасную музычную мову — і ў кампазіцыі, і ў фартэпіянным выканальніцтве, прычым ва ўсіх трох узроставых катэгорыях. Юныя піяністы акрамя класічнай музыкі павінны былі выканаць беларускі твор, а таксама сучасную п’есу і, у якасці абавязковага твора, — адзін з тых, што сачыняліся ў класе Г.Кароткінай. Юныя ж кампазітары павінны былі прадставіць п’есу для інструмента-сола ці з суправаджэннем і п’есу для камернага ансамбля ці вакальны твор.
Сярод ажно 145-ці ўдзельнікаў (прычым не толькі з Мінска, але і з Полацка) былі вучні музычных школ і дзіцячых школ мастацтваў, агульнаадукацыйных школ і гімназій з музычным і эстэтычным ухіламі, навучэнцы Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, студэнты БДПУ імя М.Танка, БДУ культуры і мастацтваў. Ганаровым старшынёй журы стаў народны артыст СССР, старшыня Беларускага саюза кампазітараў Ігар Лучанок. Сярод членаў журы былі кампазітары Ганна Кароткіна, Валерый Карэтнікаў, Дзмітрый Лыбін, выкладчыкі, метадысты, а таксама італьянскі кампазітар, прафесар Акадэміі музыкі імя Н.Пічыні Б’яджа Пуціньяна: той прыязджаў у Мінск чытаць лекцыі аб сучасных тэхніках кампазіцыі для студэнтаў БДАМ і пагадзіўся адначасова паглядзець конкурсныя працы. Нават заснаваў уласны прыз, падарыўшы ноты сваіх твораў тым дзецям, музыка якіх яму найбольш спадабалася. Пераможцы атрымалі памятныя медалі, дыпломы, але галоўным прызам стала магчымасць выступіць у Малой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Паспяховае правядзенне конкурсу прывяло да думкі яго прадоўжыць. Было вырашана ў новым навучальным годзе правесці ў школах сіламі навучэнцаў і выкладчыкаў канцэрты сучаснай музыкі, арганізаваць у Саюзе кампазітараў лекцыі пра сучасную музыку і асаблівасці яе выканання. Акрамя таго, уключаць лепшыя выступленні юных талентаў у канцэрты Таварыства сучаснай музыкі, у адпаведныя радыёпраграмы. А сам конкурс праводзіць раз у два гады і давесці да статуса міжнароднага.
— Галоўная ідэя гэтага конкурсу, — сказаў сакратар праўлення Беларускага саюза кампазітараў Дзмітрый Лыбін, які некалькі гадоў узначальваў Таварыства сучаснай музыкі, — у выхаванні ў моладзі цікавасці да жывой музычнай творчасці сённяшняга дня. Цяперашнія музыканты ў большай ступені арыентуюцца на дасягненні мінулага. Дый увогуле ў айчынным музычным мастацтве назіраецца пэўная схільнасць да кансерватызму. Найбольшую частку рэпертуару як асобных выканаўцаў, так і творчых калектываў складаюць творы ХІХ стагоддзя. Таму прапаганда сучаснай беларускай музыкі сярод моладзі з’яўляецца асабліва важнай.