Два рэспубліканскія

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Слонім і Паставы: фестывальны марафон

Вызначаны тэрміны і зацверджаны склады аргкамітэтаў двух знакавых фестываляў народнай творчасці - у Слоніме і Паставах.

Начальнік аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Святлана Раманюк паведамляе "К", што 13 - 15 мая ў Слонімскім СДК пройдзе ІV Рэспубліканскі фестываль сямейнай творчасці "Жывіце ў радасці!".

Першы такі форум, па словах Святланы Раманюк, адбыўся ў райцэнтры больш за дзесяць гадоў таму. За гэты час фэст набыў вагу і пашырыў маштабы. У сёлетнім бяруць удзел ледзь не тры сотні чалавек, мастацкія калектывы і творчыя дэлегацыі з Польшчы, Літвы, Расіі.

"Нас цікавіць радасны дух творчасці, што жывіць любую сям'ю, - распавядае Святлана Раманюк. - Творчасць гэтая - ва ўзаемаадносінах, у працоўнай дзейнасці, у арганізацыі адпачынку, які нароўні з дарослымі наладжваюць і дзеці".

Цягам фестывалю адбудуцца конкурсы песні, танца, інструментальнай музыкі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Канцэртныя праграмы пройдуць не толькі ў РДК, але і ў аграгарадках раёна.

"Жывіце ў радасці!", як паведамляе галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Людміла Лебедзь, - адзін з пяці міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, што паспелі стаць у вобласці знакавымі.

А сёлетні, ХІV Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік", па словах начальніка аддзела культуры Пастаўскага райвыканкама Наталлі Булавінцавай, будзе прысвечаны цымбалам. Таму на адкрыцці, 3 чэрвеня, мяркуецца выступленне зводнага цымбальнага аркестра, у склад якога ўвойдуць лепшыя музыканты вобласці. Кіраваць гэтым калектывам будзе галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І.Жыновіча Міхась Казінец.

Палову фінансавання, як і заўжды, бярэ на сябе раён. Старшыня Пастаўскага райвыканкама Віктар Гутараў лічыць фэст, што доўжыцца тры дні, самай яркай творчай візітоўкай раёна.

Фестываль і сёлета захавае традыцыйную структуру: плануюцца конкурс народных музыкаў "Хто каго?", канцэрт класічнай музыкі ля Палаца Тызенгаўзаў, выезды творчых калектываў у самыя розныя куткі Пастаўшчыны. Цяпер на абласным узроўні прапрацоўваюцца дэталі рэжысуры будучага свята.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"