Каб вярнуць грошы ў райбюджэт…

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Століншчына. Што змянілася за два гады?

Новы этап развіцця cяла: сацыякультурны зрэз 

У Столінскі раён Брэсцкай вобласці "К" прыязджала неаднойчы. Апошнім разам - прыкладна два гады таму з велатурыстычным праектам. Карэспандэнты газеты на сваіх "жалезных конях" наведалі вёску Гарадная - цэнтр палескага ганчарства, сам Столін, былую сядзібу роду Алешаў у Нова-Беражным, вёску Цераблічы з унікальным этнаграфічным музеем і Давыд-Гарадок... Але пра навіны з дадзенага рэгіёна Берасцейшчыны чытачы "К" працягвалі даведвацца і пасля завяршэння "велапрабегу". Цягам гэтых двух гадоў у рэдакцыю пастаянна пісала пра цікавосткі краю наша сталая пазаштатная аўтарка, мясцовы журналіст Галіна Гашчук. Міжнародны пленэр у Гарадной, Дні культуры Польшчы і Украіны, праведзеныя ў раёне, шмат іншых навін - уся гэтая інфармацыя паступала ад яе да нас аператыўна і своечасова, ды, натуральна, тут жа друкавалася на старонках газеты. Вось такі ж бы імпэт у піяры свайго рэгіёна - і іншым чытачам! Таму, па прыездзе ў Столінскі раён, зусім не дзівам для мяне сталася інфармацыя пра тое, што Галіна Гашчук па выніках 2010 года атрымала прэмію і ганаровую грамату аддзела культуры. А ўжо сама "К" станоўча згадала раён напрыканцы мінулага года: першае месца ў нашым конкурсе на лепшы сцэнарый, надрукаваны на старонках газеты, заваявала метадыст мясцовага РМЦ Ніна Будкевіч. Так што сувязі з гэтым рэгіёнам Брэсцкай вобласці ў нашай газеты - сталыя і неперарыўныя. Гэтаму, натуральна, спрыяе і начальнік аддзела культуры мясцовага райвыканкама Васіль Заруба, які актыўна ўдзельнічае ў рэдакцыйных он-лайн-канферэнцыях, "гарачых лініях", запрашае наведаць тое або іншае мерапрыемства рэспубліканскага ці міжнароднага маштабу, што ладзяцца ў раёне, дасылае да нас інфармацыю пра культурнае жыццё рэгіёна... А ў культурнай сферы Століншчыны шмат навін. Менавіта пра іх і пойдзе размова ў артыкуле. Выкарыстоўваюцца ў раёне і найноўшыя тэхналогіі, ёсць свае крэатыўныя асобы. Тут, неаспрэчна, багата зроблена, але многае яшчэ трэба здзейсніць. Пытанні выклікае стан матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама недастатковая камп'ютарызацыя бібліятэчных устаноў. Але, як запэўнівае кіраўніцтва мясцовага райвыканкама, дзякуючы дзяржаўным праграмам, што пачалі рэалізоўвацца з 2011 года, гэтыя праблемы паступова пераадольваюцца.

 

 

Народ пытаецца і прапануе

"Ці будзе рэстаўрацыя?"

Некаторыя праблемныя пытанні сацыякультурнага жыцця рэгіёна былі агучаны пад час нашага традыцыйнага апытання жыхароў.

Ігар Віктаравіч, служачы, г. Столін:

- Напэўна, самае дрэннае ў культурным жыцці горада - тое, што вось ужо шмат гадоў у цэнтры Століна стаіць, фактычна без догляду, гістарычны будынак былой сінагогі: сцены засталіся, а даху ўжо няма... Ці будуць яго рэстаўраваць? Хаця б мінімум зрабілі... Бо сцены пад дажджом і снегам доўга не прастаяць...

Святлана, маладая маці, в. Гарадная:

- Часта бываю ў нашай бібліятэцы: даволі багаты там выбар кніг, газет і часопісаў. Але вельмі шкада, што няма ў ёй ні камп'ютара, ні прынтара з ксераксам... Адстаём ад часу...

Алена Кулік, дырэктар СДК аграгарадка "Ніжні Церабяжоў":

- Наш СДК адрамантавалі два гады таму, але, на жаль, не была абноўлена ні мэбля, ні апаратура... Ці зменіцца што-небудзь у лепшы бок сёлета? 

 

/i/content/pi/cult/318/5637/pic_26.jpgСтатус абавязвае

Як змянілася Гарадная за два мінулыя гады? На гэтае пытанне адказала добрая знаёмая рэдакцыі - дырэктар Цэнтра ганчарства Алімпіяда Леанавец, якая сустрэла мяне каля дзвярэй сваёй установы.

- Змен даволі шмат,- распавяла яна. - Устанавілі вітрыны з вырабамі нашых рамеснікаў, з'явіліся новая мэбля ды камп'ютар, а самае галоўнае - пры дапамозе сродкаў аддзела культуры займелі японскі ганчарны круг коштам у дзевяць мільёнаў рублёў, на якім вельмі любяць працаваць навучэнцы нашага Цэнтра...

Летась у Гарадной, як вядома, з вялікім поспехам прайшоў другі па ліку Міжнародны пленэр ганчароў, на які з'ехаліся прадстаўнікі васьмі краін свету. Але не толькі гэтым ганарыцца Алімпіяда Дзмітрыеўна: летась аўтэнтычнай традыцыі ганчарнага майстэрства вёскі Гарадная быў нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Яшчэ адна навіна, што радуе дырэктара: у паселішчы афіцыйна запрацаваў "Музей-сядзіба ганчара". Ён месціцца ў звычайнай сялянскай хаце, дзе кожны наведвальнік можа пабачыць, як даўней жыў і працаваў гараднянскі глінамес.

Поспехі ёсць, але ж хто не марыць пра большае? Вось і дырэктар Цэнтра ганчарства вельмі спадзяецца, што сёлета ўстанова атрымае яшчэ адзін ганчарны круг і муфельную печ. Хочацца, каб сядзіба ганчара сталася цікавым аб'ектам для тых турыстаў, што наведваюць вёску. А для гэтага трэба зрабіць рамонт самога будынка, добраўпарадкаваць тэрыторыю, на якой ён знаходзіцца...

Не дае спакою мясцовым жыхарам і вось якая праблема. Гараднянскі сельскі дом культуры, дзе месціцца Цэнтр ганчарства, пакуль што не адрамантаваны, як і два гады таму, калі ў ім упершыню пабывалі карэспандэнты "К". Натуральна, гэта таксама не надта спрыяе іміджу вёскі, якую даволі часта наведваюць не толькі айчынныя аматары аўтэнтычнага ганчарнага майстэрства, але і замежныя турысты, ахвочыя да палескай экзотыкі. Таму вырашэнне пытання - надзённае і вельмі актуальнае.

 

Сум па Інтэрнэце

Два гады таму велапрыезд журналістаў "К" настолькі ўразіў Валянціну Ківель, загадчыка Гараднянскай сельскай бібліятэкі, што яна нават даслала ліст у рэдакцыю.

- Ваша апантанасць і прага даведацца пра культурнае жыццё нашай вёскі мяне вельмі кранулі, - не раз паўтарыла Валянціна Міхайлаўна, калі я зноў завітаў ва ўстанову.

Распавяла Валянціна Ківель і пра навіны ў бібліятэчным жыцці. Значна папоўніўся кніжны фонд (цяпер ён складае 14 тысяч адзінак), з'явілася новая мэбля. А ва ўнікальным прыродным музеі, створаным пры ўстанове хлопцамі і дзяўчатамі з аматарскага аб'яднання "Захапленне плюс", цяпер шмат новых экспанатаў з дароў лесу.

Вельмі не стае ў бібліятэцы камп'ютара з прынтарам. Да таго ж, установа пакуль не тэлефанізавана. Таму бібліятэкарка карыстаецца тэлефонам, які ёсць у Гараднянскім СДК, і камп'ютарам, што з'явіўся ў Цэнтры ганчарства.

Дарэчы, гэтыя "камп'ютарная" і "тэлефонная" праблемы ёсць не толькі ў Гарадной. Як распавяла дырэктар Столінскай ЦБС раёна Людміла Неўдах, на сённяшні дзень тэлефанізавана прыкладна 20 бібліятэк. А ўсяго ў раёне гэтых устаноў культуры ажно 60! Сетка бібліятэк на Століншчыне даволі значная, бо раён - самы вялікі не толькі ў Брэсцкай вобласці, але і ў Беларусі.

Яшчэ менш бібліятэк камп'ютарызавана. Па словах Людмілы Неўдах, у Столінскай ЦБС - 23 камп'ютары, прычым шэсць з іх знаходзяцца ў бібліятэках райцэнтра, а выхад у Інтэрнэт маюць толькі адзінаццаць устаноў. Натуральна, што з-за гэтай "камп'ютарнай" праблемы аўтаматызацыя працэсаў у Столінскай ЦРБ пакуль што нават і не пачыналася. Бібліятэкары паспяхова развіваюць на раёне сетку цэнтраў прававой інфармацыі (іх на сёння трынаццаць), зарабілі летась на аказанні платных паслуг прыкладна 40 мільёнаў рублёў, актыўна ўводзяць новыя іх віды...

Да таго ж, яшчэ з 2007 года ў раёне функцыянуе бібліобус, першы ў вобласці, які аказвае шматлікія паслугі, дзякуючы таму, што ў мабільнай бібліятэцы ёсць ноўтбук з усім патрэбным начыннем: сканерам, прынтарам, ксераксам... "К", дарэчы, таксама пісала пра гэтае "ноў-хау" мясцовых бібліятэкараў. Але, зразумела, без вырашэння "камп'ютарнай" і "тэлефоннай" праблем казаць пра далейшае паспяховае развіццё бібліятэк не выпадае.

 

Маглі б зарабіць больш

Цягам камандзіроўкі пабываў і ў двух аграгарадках. Адзін з іх - "Ніжні Церабяжоў" - размешчаны на мяжы з Украінай. Пры ўстанове працуе пяць гурткоў і тры аматарскія аб'яднанні, сярод якіх найвядомейшы - ансамбль "Церабяжоўскія харашухі", якому летась было прысвоена званне народнага. Рэпертуар калектыву - аўтэнтычныя спевы, якія вельмі падабаюцца як мясцоваму насельніцтву, так і жыхарам тых паселішчаў Століншчыны, дзе выступаюць артысты з Ніжняга Церабяжова.

Ансамбль са званнем - высокая ацэнка дзейнасці мясцовых культработнікаў. Але праблем і ў іх хапае. Па словах дырэктара мясцовага СДК Алены Кулік, пад час рамонту будынка ўстановы культуры ў 2009 годзе ўнутраныя памяшканні СДК былі даведзены да ладу, але не хапіла фінансаў на задавальненне ўсіх іншых надзённых патрэб: рамонт фасада, набыццё новай мэблі, гукаўзмацняльнай і светлавой апаратуры, ноўтбука... Да таго ж, вельмі неабходны рамонт сцэнічнай пляцоўкі ў глядзельнай зале.

- Мы зарабілі летась на аказанні платных паслуг даволі значную суму: блізу шасці з паловай мільёнаў рублёў,- кажа Алена Кулік. - Але, зразумела, пры наяўнасці найноўшага абсталявання нашы паказчыкі былі б значна большыя.

 

Кіно з "фішкай"

Яшчэ адзін аграгарадок - "Белавуша" - знаходзіцца прыкладна за дзесяць кіламетраў ад Століна.

- Нягледзячы на такую адлегласць, да нас даволі часта прыязджаюць патанцаваць хлопцы і дзяўчаты са Століна,- зазначыла дырэктар Белавушскага СДК Людміла Вандзіч, - бо наш Дом культуры - дагледжаны і прыгожы, дзякуючы рамонту, што адбыўся два гады таму. Ладзім многа цікавых тэматычных дыскатэк, а светлавая і гукаўзмацняльная апаратура - найноўшая...

Адна з "фішак" установы - правядзенне відэадыскатэк. Супрацоўнікі даволі даўно і вельмі плённа працуюць з мясцовым кінатэатрам, які прывозіць на танцавальныя вечары ў СДК кінавідэаўстаноўку. У танцавальнай зале ставіцца экран, і на ім "круцяцца" музычныя кліпы, тэматычныя сацыяльныя ролікі ды шмат чаго цікавага.

Таму і не дзіва, што, прыкладам, у мінулую суботу на дыскатэку ў Дом культуры прыйшло каля 130 чалавек, а летам гэтая лічба, па словах дырэктара СДК, набліжаецца да 300. Таму мясцовыя культработнікі і не маюць праблем з выкананнем плана платных паслуг. Летась зарабілі прыкладна 16 мільёнаў рублёў, перавыканаўшы даведзеныя паказчыкі. І спыняцца на гэтым, як запэўніла Людміла Вандзіч, не збіраюцца.

 

/i/content/pi/cult/318/5637/pic_27.jpgЯк бачна, у сацыякультурным жыцці раёна ёсць шмат дадатных момантаў. Але хапае і праблемных пытанняў. На райвыканкамаўскай "лятучцы", ініцыяванай "К", усе надзённыя праблемы мясцовых культработнікаў, натуральна, былі агучаны. У абмеркаванні прынялі ўдзел першы намеснік старшыні Столінскага райвыканкама Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ і начальнік аддзела культуры Васіль ЗАРУБА.

 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Пачну гаворку з, бадай, самага вядомага вясковага паселішча Століншчыны - вёскі Гарадная. Былі там прыкладна два гады таму. Цяпер там шмат чаго змянілася ў лепшы бок, але ёсць і шэраг пытанняў, што тычацца рамонту мясцовага СДК, набыцця неабходнага абсталявання для Цэнтра ганчарства, для мясцовай бібліятэкі...

Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ:

- Гарадная - сапраўды знакавы пункт на культурнай карце раёна. У 2008-м і 2010-м у вёсцы правялі міжнародныя пленэры ганчароў, закупілі туды неабходнае абсталяванне. Сёлета распачнём рамонт Гараднянскага СДК - для гэтага выдаткуем з райбюджэту 110 мільёнаў рублёў. Зробім дах і правядзём усе сталярныя работы.

Васіль ЗАРУБА:

- Паводле Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся, на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ў Гарадной запланавана штогод выкарыстоўваць па трыццаць мільёнаў рублёў. Таму і ганчарныя кругі, і печ, і ўсё патрэбнае абсталяванне ў Гарадной з'явіцца.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- У сельскай бібліятэцы вёскі Гарадная няма камп'ютара, установа культуры не мае тэлефоннай сувязі... Падобныя праблемы - у большасці бібліятэк раёна...

Васіль ЗАРУБА:

- Паступова будзем вырашаць і гэтыя пытанні. Згодна з Дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады, для Столінскай ЦБС запланавана набыццё 49 камп'ютараў. З іх дзевяць займеем ужо сёлета.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - А што за перспектывы ў сядзібы роду Алешаў, з якога, як вядома, пайшоў знакаміты аўтар "Трох таўстуноў" у Нова-Беражным?

Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ:

- Ужо зроблена праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт гэтага аб'екта. Паводле праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся, атрымаем паўтара мільярда рублёў. Акрамя таго, цягам 2008 - 2010 гадоў з раённага бюджэту на сядзібу Алешаў выдаткавалі 146 мільёнаў рублёў і адрамантавалі там дах.

Васіль ЗАРУБА:

- Па плане, у Нова-Беражным неўзабаве з'явіцца музейна-турыстычны комплекс. У былой сядзібе Алешаў размесцяць нумары, музейную і канферэнц-залу, пакой прыёму гасцей. Натуральна, турыстам і гасцям трэба будзе харчавацца: праектам прадугледжана размяшчэнне ў будынку кухні і сталовай. Таксама правядзём добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- У аграгарадку "Ніжні Церабяжоў" не хапае якаснай гукаўзмацняльнай і светлавой апаратуры, добрай мэблі, ноўтбука... Пэўна, гэтае пытанне- даволі вострае, калі ўлічыць, што ў раёне немалая сетка ўстаноў культуры...

Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ:

- Так, у нас сапраўды досыць вялікая сетка як клубных, так і бібліятэчных устаноў, да таго ж, 24 тыпавыя дамы культуры. Таму затраты на аплату камунальных паслуг - значныя. Дзякуючы Дзяржпраграме адраджэння і развіцця сяла нам удалося давесці да ладу больш за дзясятак устаноў, а некаторыя дамы культуры мы адбудавалі, як кажуць, з "нуля".

Васіль ЗАРУБА:

- Гэта СДК у аграгарадках "Вялікае Малешава" і "Кароцічы"...

Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ:

- Застаўся, праўда, адзін пераходны аб'ект у аграгарадку мінулага года "Лядзец": там - вялікі будынак, і на яго капітальны рамонт патрэбна прыкладна два з паловай мільярды рублёў.

Васіль ЗАРУБА:

- Мы ўжо зрабілі праектна-каштарысную дакументацыю і правялі там усе сталярныя работы. Выдаткавана было прыкладна 300 мільёнаў рублёў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Выдаткі на ўтрыманне ў належным стане ўстаноў культуры, натуральна, - вялікія. Але, як вядома, частку гэтых грошай аддзел культуры "вяртае" праз выкананне плана платных паслуг. Наколькі я ведаю, сёлета столінскія культработнікі зарабілі больш за 550 мільёнаў рублёў. Неблагая сума...

Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ:

- Вось лічбы: за пяцігодку на ўтрыманне і развіццё сферы культуры было выдаткавана з райбюджэту прыкладна 25 мільярдаў рублёў. І калі на аказанні платных паслуг аддзел культуры зарабіў у 2006 годзе прыкладна 330 мільёнаў, дык у 2010-м - ужо 550. Рост - значны. А калі ўлічыць, што на культуру з райбюджэту летась было выдаткавана 6 мільярдаў, дык атрымліваецца, што культура вярнула ў раённы бюджэт прыкладна дзесяць працэнтаў ад выдаткаванага. Гэта не вялікая, але і не малая сума. Дарэчы, за кошт платных паслуг мы ўводзім новыя стаўкі ва ўстановах культуры.

Васіль ЗАРУБА:

- У нас у аддзеле культуры 22 стаўкі ўведзены за кошт пазабюджэту: гэта кіраўнікі платных гурткоў, дзіджэі, касіры, кантралёры... Яны працуюць на 0,25 - 0,75 стаўкі.

Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ:

- Зразумела, адразу ўсе пытанні не вырашыць. Так, напрыклад, мяне вельмі непакоіць праблема з рэстаўрацыяй сінагогі, што месціцца ў цэнтры горада, хаця мы адкрыты для супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі бакамі. Колькі гадоў таму перадавалі гэты аб'ект на баланс мясцовай яўрэйскай абшчыны, але ёй не ўдалося прыцягнуць фінансавыя сродкі на рэстаўрацыю будынка. Такім чынам, гады чатыры таму сінагога зноў перайшла на баланс раёна. Яшчэ адна складанасць у тым, што наш раён - датацыйны на 67 працэнтаў. Таму вельмі спадзяёмся як на Дзяржаўную праграму "Культура Беларусі", так і на Праграму развіцця Прыпяцкага Палесся. Толькі з іх дапамогай зможам палепшыць становішча ў сферы культуры.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Якая першарадныя задачы стаяць перад аддзелам культуры ў бягучым годзе?

Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ:

- Акрамя пытанняў паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, работнікам сферы варта развіваць супрацоўніцтва як з суседнімі раёнамі Беларусі, так і з краінамі Еўропы. Бо нашы знакамітыя калектывы са званнямі- іх на Століншчыне чатырнаццаць - гэта, на маю думку, адзін з найлепшых ідэалагічных кірункаў, якія ў нас ёсць. Праз ансамблі мы прэзентуем культуру свайго раёна, не кажучы ўжо і пра тое, што такім чынам прадстаўляем і ўсю краіну.

Васіль ЗАРУБА:

- Так, і мы актыўна ў гэтым плане працуем. Нашы калектывы бывалі ў Італіі, Швейцарыі, Польшчы, Украіне і шмат дзе яшчэ. А летась правялі раённыя Дні культуры Украіны і Польшчы, якія атрымалі высокую ацэнку жыхароў Століншчыны.

 Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ:

- Так. Таму варта гэтую практыку развіваць. Да прыкладу, сёлета да Дня горада мы ўжо запланавалі запрасіць калектывы з тых краін, з якімі ў нас наладжана супрацоўніцтва, і паступова выходзіць на новыя рубяжы кантактаў.

 

 

Дэталь да агульнай карціны

У партнёрах - прыватнік

Летась у Століне была адкрыта прыватная мастацкая галерэя. Ініцыятар яе стварэння - Сяргей Місюн, выкладчык аддзялення выяўленчага мастацтва Дзіцячай музычнай школы рабочага пасёлка Рэчыца. 

Пра гэтага чалавека варта сказаць асобна. Сяргей (яму не споўнілася яшчэ і трыццаці гадоў) - двойчы прэзідэнцкі стыпендыянт, летась заваяваў ІІІ месца ў рэспубліканскім конкурсе "Зорка ўзышла над Беларуссю" ў намінацыі "Жывапіс і графіка", а ў 2008 быў аб'яўлены пераможцам раённага конкурсу "Чалавек года" ў сферы культуры.

Прыватная галерэя ў Століне карыстаецца вялікім попытам: яе наведваюць шмат школьнікаў, аматараў мастацтва і турыстаў... Прычым дзверы адкрыты для ўсіх ахвотных: уваход - вольны.

- Пакуль прадстаўлены толькі мае асабістыя работы, - кажа Сяргей Місюн, - але я цалкам адкрыты для супрацоўніцтва з мастакамі- як Століншчыны, так і іншых куткоў Беларусі. І калі яны будуць выстаўляць свае творы ў галерэі, буду вельмі рады...

Па словах начальніка аддзела культуры Столінскага райвыканкама Васіля Зарубы, стварэнне такой мастацкай галерэі - цалкам апраўданы ход: столінцы вельмі цікавяцца карцінамі Сяргея Місюна і даволі часта наведваюць установу. Таму ў планах кіраўніка аддзела культуры - адкрыццё ў хуткім часе яшчэ адной мастацкай галерэі, ужо дзяржаўнай формы ўласнасці, якая з'явіцца ў рабочым пасёлку Рэчыца.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"