НАВУКОВАЯ КАНЦЭПЦЫЯ ЭКСПАЗІЦЫІ ДЗЯРЖАЎНАГА ЛІТАРАТУРНАГА МУЗЕЯ ЯНКІ КУПАЛЫ

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Музей выносіць на абмеркаванне

(Працяг. Пачатак у № 15.)

Экспазіцыйнымі сродкамі паказваецца лёс беларускай мовы: ад Вялікага Княства Літоўскага, Статута ВКЛ, напісанага старажытнай беларускай мовай, праз творы Янкі Купалы - да сённяшняга дня. Гэта старажытныя выданні- сведчанні гістарычнасці роднай мовы, кнігі і творы Янкі Купалы аб роднай мове і сучасныя дакументы аб дзяржаўнасці беларускай мовы. Прапануюцца мультымедыйныя тэхналогіі для паказу матэрыялаў па вышэйпазначанай тэме.

Немагчыма ўявіць творчасць паэта без гістарычных падзей таго часу, без рэалій ягонага жыцця. У экспазіцыі будуць паказаны гарады Вільня, Пецярбург, Мінск, у якіх, у асноўным, жыў Купала, адлюстраваны актыўны ўдзел паэта ў нацыянальным друку, сустрэчы з вядомымі асобамі як у розных кутках Беларусі, так і за яе межамі.

Мультымедыйныя сродкі дазволяць візуальна наведаць кожны з гэтых гарадоў, уявіць вобраз Янкі Купалы і асяроддзе таго часу.

Драматычны лёс жыцця Янкі Купалы, беларускага народа, нацыянальнай інтэлігенцыі вымагаюць шматпланавага, мастацкага вобраза.

 

2.1. Шматграннасць паэтычнага генія Янкі Купалы

Санетарый, рамантычная, філасофская, грамадзянская, пейзажная, інтымная лірыка паэта, яго эпічныя творы. Касмізм, хрысціянскія і язычніцкія матывы ў творчасці Купалы, наследаванні традыцый сусветнай і еўрапейскай літаратуры. "Жалейка"- "Гусляр" - "Шляхам жыцця".

Рэканструкцыя часткі інтэр'ера пакоя Янкі Купалы ў Пецярбургу. Рэканструкцыя пакоя ў доме маці паэта ў Акопах.

Галоўная ідэя - шматграннасць паэтычнага генія Янкі Купалы, пераемнасць традыцый сусветнай літаратуры і актуальнасць яго творчасці ў ХХІ стагоддзі.

Упершыню ў новай экспазіцыі разглядаюцца санеты Янкі Купалы як адметная старонка творчага лёсу Песняра, аўтара 22 санетаў, пачынальніка санетапісання ў беларускай літаратуры:

Янка Купала - творца глыбокага лірычнага таленту, рамантызму, грамадзянскага пафасу, абагульнена-філасофскага ўспрымання жыцця. Ягоная творчасць ахапіла існаванне чалавека ў шырокай прасторы і часе ва ўзаемаадносінах са светам і Космасам.

Касмізм Янкі Купалы - як "балючае рэагаванне на трагічную алагічнасць жыцця і паэтычная мадэль светабудовы, якая павінна даць чалавеку схрон і ахову ад зла і безвыходнасці, што акружаюць яго сярод зямной юдолі". Еднасць хрысціянства і язычніцтва, іх узаемапранікнёнасць і значнасць у жыцці і творчасці Янкі Купалы паказаны праз Сусвет, агульначалавечыя каштоўнасці, супрацьпастаўленне дабра і зла, праз сваё і чужое, лёсы людзей:

Зямлі і сонцу нізка пакланюся -

Я сын зямлі і сонца вольны сын!

Як з братам, з ветрам шчыра абымуся-

Я- ветру, а мне вецер друг адзін... ...

 Душы дам волю, заручуся з песняй -

Душа і песня - свет мой, скарбы ўсе мае...

("Вечар")

 Сувязь Янкі Купалы з сусветнай і еўрапейскай літаратурай плануецца паказаць, перш за ўсё, праз творчасць А.Пушкіна, А.Міцкевіча, Т.Шаўчэнкі, М.Някрасава, М.Лермантава, якіх ён перакладаў і ў якіх ён вучыўся. Наследаванне традыцый сусветнай літаратуры - рамантычнай паэзіі Ю.Славацкага, мадэрнісцкай драматургіі С.Выспянскага і С.Пшыбышэўскага, творчасці Шэкспіра, Байрана, Гётэ, Шылера, Гаўптмана, Ібсена, Гамсуна і іншых у творчасці Янкі Купалы.

 "Жалейка" - "Гусляр"- "Шляхам жыцця" (1908 - 1910- 1913 гг.). Тэма прысвечана першым тром зборнікам Янкі Купалы, якія былі выдадзены ў Пецярбургу.

Асновай мастацкага вобраза тэмы "Шматграннасць паэтычнага генія Янкі Купалы" могуць стаць краявіды Акопаў, творчай калыскі паэта, - магутныя дубы, камень-валун, зямля, неба, сонца, зоркі - як сімвалы Купалавай паэзіі. Тэму "Акопы" плануецца эмацыянальна ўзмацніць выкарыстаннем рэліквіі- бронзавага падсвечніка з дома маці Янкі Купалы ў Акопах.

Матэрыял прапануецца размясціць у асобнай зале і дапоўніць панарамай горада таго часу, з захаваннем інтэр'ера пакоя, у якім жыў Янка Купала ў Пецярбургу.

Будуць выкарыстаны інфакіёскі (альбо лічбавыя фотарамкі), каб паказаць рукапісы, фотаздымкі сяброў і паплечнікаў паэта, сучасныя віды Акопаў.

 

2.2. Тэатр Янкі Купалы (1908 - 1941 гг.). Вільня- Пецярбург - Радашковічы - Мінск- Бабруйск- Віцебск...

Ад драматычных паэм да п'ес. Янка Купала і беларускі тэатр. І.Буйніцкі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, навукова-літаратурны гурток беларускіх студэнтаў пры Санкт-Пецярбургскім універсітэце, Першае таварыства драмы і камедыі, стварэнне нацыянальнага тэатра.

Камедыя, драма, сцэнічны жарт, трагічна-смяшлівыя сцэнкі - п'есы Янкі Купалы як адлюстраванне тагачаснага жыцця беларусаў, яго імкненне да духоўнага выхавання народа. Разнастайнасць драматургічнага таленту пісьменніка (1912- 1926 гг.). Творы Янкі Купалы (драматычныя паэмы і п'есы) на тэатральнай сцэне ў 2-й палове ХХ - пач. ХХІ стст. (часткова мультымедыйны паказ).

Стварэнне ўмоўнай тэатральнай сцэны для правядзення камерных мерапрыемстваў. Гэтая тэма - адна з самых значных, як у жыцці і творчасці беларускага Песняра, так і ў гісторыі нацыянальнага сцэнічнага мастацтва. Янка Купала стаяў ля вытокаў нацыянальнай драматургіі, стварэння і развіцця беларускага тэатра.

Задача дадзенага раздзела- паказаць ролю Янкі Купалы ў станаўленні і развіцці беларускага тэатра, неўміручасць яго драматычных твораў.

Канцэпцыя экспазіцыі раздзела, яе тэматыка, сэнс заключаны ў выказванні Максіма Гарэцкага, сучасніка Купалы: "Тэатр наш павінен стаць Храмам нашага Адраджэння".

Раздзел складаецца з наступных тэм:

Нараджэнне драматурга, драматычныя паэмы. Камедыя "Паўлінка" - перліна беларускага мастацтва. "Прымакі" - п'есажарт у адным акце. Драма "Раскіданае гняздо" - асэнсаванне нацыянальнай і сямейнай драмы. Трагікамедыя Янкі Купалы "Тутэйшыя" - адлюстраванне тагачаснага жыцця беларусаў, імкненне драматурга да духоўнага выхавання нацыі. Новае сцэнічнае жыццё драматургічных твораў Янкі Купалы ў ХХI ст.

Купалу прысвячаецца.

За гады існавання музея сабрана вялікая колькасць матэрыялаў па гэтай тэме: рукапісы, друкаваныя выданні п'ес, у тым ліку і прыжыццёвыя, фотаздымкі сцэн са спектакляў, эскізы дэкарацый, сцэнічных касцюмаў да тэатральных пастановак, макеты і інш., частка з іх дэманструецца ў экспазіцыях музея і яго філіялаў, выкарыстоўвалася ў выстаўках. Упершыню будуць прадстаўлены сцэнічныя касцюмы артыстаў розных пакаленняў і цікавыя каштоўныя матэрыялы з асабістых архіваў выканаўцаў ролі Паўлінкі П.Мядзёлкі і Р.Кашэльнікавай, а таксама матэрыялы новага прачытання купалаўскіх п'ес на сцэнах беларускіх тэатраў.

Характар экспанатаў раздзела вымагае цікавай, неардынарнай мастацкай канцэпцыі, якая прадугледжвае сучаснае візуальнае, вобразна-прасторавае вырашэнне, сцэнаграфічны накірунак і дызайн, дзе зала становіцца сцэнай, а экспанаты - акцёрамі ва ўмоўнай драматургіі экспазіцыйнай прасторы. Уся зала стылізавана пад тэатр, а наведвальнікі музея стануць гледачамі і ўдзельнікамі тэатральных дзей; яны пройдуць доўгімі, падчас складанымі, але цікавымі і яркімі шляхамі развіцця беларускага прафесійнага тэатра, аматарскіх, самадзейных драматычных калектываў і гурткоў. А шлях гэты - больш чым у цэлае стагоддзе. І праз тэматычныя комплексы экспазіцыі раздзела, яе сімвалы, вобразы яшчэ раз прачытаем неўміручую спадчыну Янкі Купалы.

У фондах музея захоўваюцца каштоўныя кіна-, фона-, аўдыязапісы спектакляў паводле п'ес Янкі Купалы: "Паўлінка" 1952 г., сучасныя пастаноўкі п'ес "Паўлінка", "Тутэйшыя"; "Яна і я"; кінафільм "Раскіданае гняздо". Іх выкарыстанне ў экспазіцыі створыць пэўны эмацыянальны і візуальны настрой у наведвальнікаў музея.

 

ІІІ раздзел. Мінск - родны горад паэта (1919- 1941 гг.)

Раздзел прысвечаны жыццю, творчасці і грамадскай дзейнасці народнага паэта са студзеня 1919 г. да чэрвеня 1941 г. у перыяд жыцця ў сталіцы Беларусі - Мінску.

Менавіта з Мінска шляхі Купалы ішлі і па роднай зямлі, і за яе межы. Шляхі як імкненне Янкі Купалы ў будучыню, як спасціжэнне жыцця роднай зямлі і свайго народа праз сустрэчы з суайчыннікамі, як філасофскае асэнсаванне і назіранне за жыццём суседніх краін, сяброў-аднадумцаў з братніх рэспублік.

Мінск у творчасці класіка прысутнічае і як старажытны горад са сваёй гісторыяй, горад, які ён пабачыў у дзяцінстве і дзе пазней адбываліся палітычныя падзеі 1918 - 1920 гг., і як індустрыяльны цэнтр Беларусі ў перыяд сацыялістычнага будаўніцтва. Сустрэчы, жыццё ў Доме пад таполяй (так называлі ў Мінску дом паэта госці Купалавага дома) - усё павінна знайсці месца ў раздзеле, як і драматычныя падзеі, якія чакалі паэта (рэпрэсіі 30-х гг., арышты сяброў, допыты па справе СВБ і інш.). І, нягледзячы на гэта, аптымізмам поўняцца радкі яго твораў, прысвечаныя роднаму гораду.

(Працяг будзе.)