Сакрэт “бяседаўскага” варыянта

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Сямейна-ансамблевы клас

/i/content/pi/cult/318/5631/pic_25.jpgАнсамблю народнай музыкі "Бяседа" Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі споўнілася 20 гадоў. Чарговая юбілейная "справаздача" - 12 мая ў Канцэртнай зале "Мінск". 21 красавіка - дабрачыннае выступленне перад ветэранамі Вялікай Айчыннай. Улетку - гастролі ў Літву. І кожны выхад на сцэну - бляск. У чым сакрэт?

Выступленні "Бяседы" - святочныя па ўсіх складніках гэтага паняцця. Прычым святочнасць тая - зіхатлівая. Ззяе ўсё. Скажам, сцэнічныя строі (а іх, вядома, некалькі камплектаў), дзе сплятаюцца элементы сялянскага, гарадскога, шляхецкага ўбрання і нават сучасна-ўсходнія матывы. Уражвае і папраўдзе "каралеўскае" музіцыраванне, дзе кожная дробязь літаральна інкруставана золатам, віртуознасць, у якой бліскаюць ужо самі тэмбры - інструментальныя (баяна, гармоніка, скрыпкі, бубна, флейты-дудкідуды, цымбалаў, калёснай ліры і інш.) і, вядома, вакальныя. А як без танцавальнасці? Ёю прасякнуты ці не ўсе песні (цікава, што кожны саліст танчыць па-свойму, як у жыццёвай аўтэнтыцы, а не "як у кіно"). Яшчэ адным сакрэтам бляску можна лічыць фірменна "бяседаўскі" варыянт падвойнага фіналу - бісіраванне апошняга куплета ці прыпева не адразу пасля песні, праз невялічкую паўзу, а толькі пасля ўсіх апладысментаў, кветак і падарункаў: атрымліваецца і гэткі "дайджэст" мінулай кампазіцыі, і яе клічнік-візітоўка, і натуральны "бясшвовы" пераход да наступнай кампазіцыі.

Але ўсё пералічанае - толькі "наступствы" дзвюх галоўных прычын таго ззяння. Першая - рэпертуар, дзе ёсць не толькі разнастайны святочны фальклор і аўтарскія песні ў народнай манеры, але і багатая кантавая культура, уключаючы псалмы-калядкі, усе народна-беларуска-танцавальныя кірункі, вянок "старых песень пра галоўнае" ў адметна "бяседаўскім" выкладанні і нават выкананне сусветных класічных хітоў - зноў-такі, у традыцыях народных музыкаў.

Другая прычына - асаблівая сямейнасць атмасферы, што склалася ў ансамблі. Іншымі словамі, бляск не ляск: яго не дасягнеш пад бразгат творчых "кайданоў" ці патэльняў на мастацкай "кухні". Ён ідзе ад бляску ў вачах, прычым не ваяўніча-зласлівага, а радасна-натхнёнага. І пасуе абранаму рэпертуару ўжо на генетычным узроўні: менавіта са святкаванняў сямейных урачыстасцей пачынаўся больш як стагоддзе таму тэатр Ігната Буйніцкага - і "Бяседа" з яе тэатрам песні шмат у чым працягвае тыя традыцыі. Адпавядаюць духу сямейнасці і згаданыя ўжо сцэнічныя строі. Кожны камплект - не проста нейкая модная калекцыя, дзе вар'іруецца ўдалая дызайнерская знаходка, а "сям'я з некалькіх пакаленняў", дзе зменлівыя дэталі падкрэсліваюць індывідуальныя якасці салістаў. Святлана Суседчык, паводле тыпажу, - быццам "тая яшчэ" суседачка, а па вакале - беларуская Лідзія Русланава ці Людміла Зыкіна. Наталля Раманская - лірычна-засмучоная, але з хітрынкай у вачах. Таццяна Лазоўская - вогненная, тэмпераментная, з каларытным мецца. Валянцін Кірыленка - не толькі беларускі салоўка, а яшчэ і жаўранак, ад першых трэлей якога наступае ў сэрцах вясна. Дый сам кампазітар, народны артыст Беларусі Леанід Захлеўны, які ўзначальвае калектыў, -не столькі для ўсіх іх "кіроўца", колькі "старшыня роду" і, адначасова, быццам "аднакласнік".

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"