“Ля” і бэз

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Чаго не бывае “проста так”?

/i/content/pi/cult/318/5629/pic_22.jpg21 красавіка загадчык кафедры харавога і вакальнага мастацтва БДУКіМ, прафесар Альбіна ПЯКУЦЬКА адзначае свой творчы юбілей вялікім харавым канцэртам у Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

- Акадэмічныя спевы, - Альбіна Васільеўна, здаецца, не гаворыць, а шчодра сыпле звонкія, гуллівыя кроплі-гукі свайго голасу,- гэта аснова ўсёй культуры. Бо яны вучаць не толькі ўменню прыслухоўвацца да сябе самога і ўсяго навакольнага, але і- галоўнае - добраму эстэтычнаму густу. Доказам - нашы зорныя выпускнікі, сярод якіх - і намеснік міністра культуры краіны Тадэуш Стружэцкі, і оперны саліст Васіль Мінгалёў, і знаны даследчык, нястомны арганізатар фестываляў духоўнай музыкі Ларыса Густава, аўтар і аранжыроўшчык шматлікіх песень Генадзь Маркевіч, адзін з пераможцаў праекта "Новыя галасы Беларусі" Яўген Ермалковіч, заснавальнік і кіраўнік Тэатра песні "Хвілінка" Таццяна Панова і многіямногія іншыя. Але галоўнае - нашы выхаванцы працуюць у хорах і з хорамі, ахопліваючы прафесійныя і аматарскія калектывы па ўсёй рэспубліцы і нават за яе межамі...

Альбіна Васільеўна спрытна дастае запісную кніжку, спрэс запоўненую каардынатамі сваіх выпускнікоў (усяго яна падрыхтавала больш як 1500 спецыялістаў), і пачынае з уласцівым ёй запалам распавядаць літаральна пра кожнага. Не ўсе, мабыць, ведаюць, а яна ж не толькі заслужаны работнік адукацыі, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, кандыдат педагагічных навук, а яшчэ і ганаровы прафесар педагагічнага ўніверсітэта ў Чань Джоу. У Кітай яна ездзіла тройчы: прымала іспыты, праводзіла майстар-класы. Неаднойчы была ў замежжы і на гастролях са сваімі калектывамі.

29 красавіка - 9 мая чакаецца чарговая такая паездка, у Польшчу, з камерным хорам "Дабравест" БДУКіМа. Спачатку- невялікі гастрольны тур, потым - удзел у Фестывалі праваслаўнай духоўнай музыкі ў горадзе Кельцэ. Духоўных твораў у рэпертуары не толькі "Дабравеста", але і мужчынскага хору "Віват!" БДУКіМа - папраўдзе шмат. Невыпадкова два гады таму А.Пякуцька была ўзнагароджана ордэнам Беларускай Праваслаўнай Царквы Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Увогуле ж, рэпертуар яе студэнцкіх калектываў - найбагаты: тут і класіка, і сучасныя кампазіцыі. Адной з першых у рэспубліцы яна прымусіла хор не толькі спяваць, але і рухацца.

- Тэатралізацыя жартоўнай песні,- упэўнена мая сураўмоўца,- працэс не "вымучаны", а цалкам натуральны. У творах Уладзіміра Дамарацкага, у апрацоўках беларускіх народных песень, зробленых Аленай Атрашкевіч, так і хочацца зрушыцца з месца, ледзь не ў скокі пайсці! І гэты няхітры прыём, што працуе на відовішчнасць, таксама можа спрыяць папулярызацыі харавой музыкі. Бо тое, што спевы цяпер выкладаюцца толькі да 4-га класа, што са школьнай праграмы знікла дысцыпліна "Сусветная мастацкая культура", можа прывесці да страты паўнавартаснага духоўнага выхавання цэлага пакалення.

- А як прыйшлі ў харавое мастацтва вы самі?

- Можна сказаць, выпадкова. Праўда, спяваць любіла, і старэйшая сястра вырашыла запісаць мяне ў музычную школу. Але патрабаваўся дазвол бацькоў. Памятаю, ледзь угаварыла маці, каб тая пайшла са мной на ўступнае праслухоўванне: піяніна каштавала нятанна, такія грошы нам і не сніліся, - было з чаго сумнявацца... Калі ж я заспявала перад камісіяй, мама ажно расплакалася. А ў сёмым класе я атрымала першы прыз на фартэпіянным конкурсе ў горадзе Уладзіміры - двухтомнік "Вайны і міру" Талстога. І ўсе паверылі, што стану піяністкай. Уяўляеце, што адчувалі маці і мой выкладчык, калі я, прыехаўшы паступаць у музычнае вучылішча, адправіла ім тэлеграму: маўляў, падала дакументы на... харавое дырыжыраванне! Проста, мяне дзяўчаты знаёмыя зманілі: "Будзеш з намі спяваць!". Цягам двух курсаў я займалася нават на двух аддзяленнях, а потым канчаткова абрала хор.

- А як абралі Беларусь? Вы ж родам з Далёкага Усходу...

 - Спачатку мы пераехалі ў Мурам, дзе нарадзіліся мае бацькі. Музычнае вучылішча скончыла з адзнакай - гэта ўжо горад Іванава. Потым павінна была быць Маскоўская кансерваторыя. Але былы аднакурснік ехаў у Мінск, да жонкі, і папрасіў: маўляў, давай паступаць разам, можа, хоць штосьці ў цябе паспрабую спісаць, бо іначай - завалюся! Конкурс быў - 10 чалавек на месца. Але знакаміты маэстра Віктар Роўда адразу мяне вылучыў: "Вось гэтая дзяўчынка мне спадабалася!". Пасля заканчэння кансерваторыі мяне размяркоўвалі ў выдавецтва "Беларусь" - галоўным музычным рэдактарам, - але я зразумела: гэта не маё. Мне патрэбен менавіта хор! Працавала ў хоры МАЗа (на цяперашнім юбілейным вечары гэты калектыў будзе выконваць тыя творы, якія я калісьці з ім развучвала), мы выступалі і ў Польшчы, і ў Маскве. Былі і іншыя калектывы, пачала педагагічную дзейнасць...

- Са сваім мужам вы таксама дзесьці на працы пазнаёміліся? Ці яшчэ ў кансерваторыі?..

Запытваю, бо разумею: "проста так" двух хормайстраў у адной сям'і не бывае. А Яўген Рэўтовіч - бліжэйшы калега Альбіны Васільеўны: заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, таксама прафесар БДУКіМ. І называе жонку не іначай, як Ля. Атрымліваецца гук камертона - нота, па якой настройваецца хор.

- Ён загадваў курсамі пры Міністэрстве культуры, што ладзіліся для кіраўнікоў аматарскіх хораў. На чацвёртым курсе мяне адправілі туды на практыку. А пачалося ўсё з таго, як ён падарыў мне галінку бэзу... Для мяне гэтыя кветкі і цяпер - самыя любімыя. І ў кабінеце вісіць нацюрморт. З бэзам.

На здымку: Альбіна Пякуцька.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"