Фантастыка млыноў

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Якой была “ідэальная сувязь”?

/i/content/pi/cult/318/5622/pic_9.jpgГэты год для вядомага мастака і педагога Віктара Нямцова - юбілейны: у верасні мы будзем віншаваць яго з 70-годдзем. З іх роўна палову ён аддаў творчасці. Яго настаўнікамі ў Мінскім мастацкім вучылішчы і Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце былі такія выдатныя майстры, як Л.Шчамялёў, М.Залозны, Г.Вашчанка. А пачынаў ён як манументаліст (вядомыя яго габелен "Музыка" для Белдзяржфілармоніі, вітражы для ТЮГа і Медыцынскага інстытута (у сааўтарстве). 

/i/content/pi/cult/318/5622/pic_12.jpgАле станковы жывапіс, асабліва - паэтычны пейзаж, усё ж стаўся для яго шчырай любоўю на ўсё жыццё. Глядач добра памятае яго творы "Бабіна лета", "Партызанскі аэрадром", "Успаміны", "Дзікі мёд", "Світанак на Нёмане", "Алегорыя трывогі", "Дзень смутку. Ф.Скарына", "Хроніка Перамогі".

А вось новы праект пад назвай "Млыны Беларусі", які прадстаўлены сёння на выстаўцы ў галерэі Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў, уразіў мяне сваёй нечаканасцю. "У /i/content/pi/cult/318/5622/pic_11.jpgпошуках страчанага" - такая яго дамінанта.

Экспазіцыя прысвечана менавіта ветраным і вадзяным млынам, якія, як кажа Віктар Віктаравіч, "па сваёй пластычнай выразнасці і вобразнасці ў характарыстыцы пейзажа сталі ў адзін шэраг з архітэктурнай дамінантай цэркваў і касцёлаў, якія размяшчаліся ў цэнтры паселішча на самым высокім і прыкметным месцы". Сапраўды, размяшчэнне млыноў абумоўлівалася іх прызначэннем. Ветракі будаваліся там, дзе была больш спрыяльная ружа вятроў, а вадзяныя млыны - на берагах вялікіх рэк і рачулак.

В.Нямцоў ужо шмат гадоў працуе над гэтай серыяй. Ён пабываў у многіх рэгіёнах краіны, дзе калісьці ў асяроддзі цудоўнай прыроды нашы таленавітыя людзі ўзводзілі гэтыя яркія аб'екты матэрыяльнай і духоўнай народнай культуры, дзе эстэтыка і функцыянальнасць суіснавалі ў непарыўнай ідэальнай сувязі.

/i/content/pi/cult/318/5622/pic_10.jpg Час не пашкадаваў гэтыя помнікі народнай архітэктуры, ды і мы, мякка кажучы, не надта захоўвалі іх. Цяпер амаль што і няма на нашай тэрыторыі гэтых цудаў. Праўда, як кажуць, штосьці засталося ад вадзянога млына ў вёсцы Пабрэззе, што за 17 кіламетраў ад Навагрудка...

Праект В.Нямцова - гэта не столькі жывапісна-архітэктурная рэканструкцыя страчаных помнікаў, а спроба праз прыгажосць і выразнасць прапорцый, сілуэтаў, фактуры, матэрыялу, канструктыўных асаблівасцей народнай архітэктуры паказаць у прасторы пейзажа эмацыянальна-каларыстычны вобраз Бацькаўшчыны.

На вернісажы хтосьці сказаў, што карціны Нямцова - не проста эмацыянальнае бачанне пэўнага этапа развіцця вясковай цывілізацыі ў Беларусі. Гэта своеасаблівы праект для далейшай распрацоўкі экалагічных зон у рэспубліцы. Напрыклад, фантастычны трыпціх Нямцова на тэму млыноў могуць выкарыстаць зацікаўленыя арганізацыі па ўладкаванні экатурыстычных зон на Нарачы і іншых вадаёмаў краіны.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"