Хто першым павінен сказаць “Ау!”?

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Пошукі аўтараў у прававым полі

/i/content/pi/cult/318/5621/pic_8.jpgЗакон Рэспублікі Беларусь "Аб аўтарскім праве і сумежных правах" дзейнічае на тэрыторыі нашай краіны з 1996 года. З таго часу ў яго ўносіліся пэўныя змяненні і дапаўненні. Але, скажам, у тым жа тэатральным асяроддзі і да гэтай пары з цяжкасцю можна знайсці таго, хто ў дадзенай прававой плыні пачуваў бы сябе як рыба ў вадзе. СМІ перыядычна распавядаюць пра сітуацыі, звязаныя з парушэннем аўтарскага права на выкарыстанне пэўных твораў у рэпертуары тых або іншых калектываў. Тэатры ж працягваюць самастойна, метадам спроб і памылак, шукаць алгарытм узаемадзеяння з драматургамі. Дык дзе схаваны той камень спатыкнення, аб які другое дзесяцігоддзе запар "ламаюць коп'і" айчынныя тэатральна-відовішчныя арганізацыі?

 

Падкажы мне адрас, Інтэрнэт

Наўрад ці хто возьмецца аспрэчваць тэзіс аб тым, што маёмасныя і немаёмасныя правы аўтараў павінны быць абаронены. Прынамсі, у паўнавартасным забеспячэнні аўтарскага права зацікаўлены тэатры, бо ад канкрэтных крокаў у гэтым кірунку залежыць, ці прапануе ім наступным разам свае ідэі сцэнограф і мастак па касцюмах, ці дазволіць выкарыстоўваць арыгінальную музыку запатрабаваны кампазітар, ці прынясе да іх новую п'есу драматург.

Тэатральна-відовішчныя арганізацыі кіруюцца пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 452, дзе вызначана: карыстальнік (у нашым выпадку - тэатр) абавязаны заключыць дагавор з аўтарам. Аднак на практыцы справа вельмі часта заходзіць у тупік у той момант, калі пачынаецца пошук праваўладальніка ці яго правапераемніка.

Зусім свежы прыклад "на тэму" - у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага. Тут пэўны час імкнуцца атрымаць дазвол на пастаноўку п'есы вядомага амерыканскага драматурга Джэймса Голдмэна.

- Не пераказаць, колькі было зроблена захадаў, каб знайсці правапераемнікаў аўтара! - распавяла "К" загадчык літаратурна-драматычнай часткі тэатра Таццяна Ягорава. - Я шукала ў Інтэрнэце, падымала асабістыя кантакты, дзень за днём вяла тэлефонныя перамовы з Амерыкай, вывучала дасланыя дакументы, якія былі, адпаведна, на англійскай мове, складала аўтарскі дагавор, упарадкоўвала фінансавыя пытанні з аўтарскімі адлічэннямі... Але ж я не юрыст, не бухгалтар, не перакладчык, у рэшце рэшт. Возьмем суседзяў: там гэтай далікатнай справай займаюцца спецыялісты Расійскага аўтарскага таварыства. Да каго ж звяртацца нам?..

Зрэшты, усе беларускія тэатры маюць дагавор на права карыстання творамі з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці. Менавіта з гэтай прычыны ў падобных сітуацыях яны першапачаткова звяртаюцца ў НЦІУ.

- Прынцыпова памылковае разуменне сітуацыі сфарміравана з-за практыкі, што існавала за савецкім часам . Канешне, мы гатовы дапамагчы нашым тэатрам, але - у межах сваіх паўнамоцтваў. Калі прасцей - у аб'ёме правоў, у адносінах да якіх вядзём калектыўнае кіраванне, - праясніў сітуацыю кіраўнік Цэнтра па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі НЦІУ Аляксей Бічурын. - Мы можам ажыццявіць пасрэдніцкія функцыі паміж тэатрам і драматургам у выпадку, калі гэты аўтар у свой час заключыў з НЦІУ адпаведны дагавор. Цяпер мы імкнёмся давесці тэатральнай грамадзе: Цэнтр дзейнічае ў інтарэсах аўтараў, а не карыстальнікаў...

Па словах Аляксея Бічурына, апрыёры абсалютная большасць айчынных аўтараў ахоплена сістэмай калектыўнага кіравання правамі, праблемы ж, у асноўным, датычацца ўзаемадзеяння з замежнікамі. Але ў апошнім выпадку Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці не заўсёды мае магчымасць адшукаць аўтара твора, у якім зацікаўлены тэатр, ці пераканаць замежнага аўтара аддаць свае правы ў калектыўнае кіраванне.. Як запэўніў суразмоўца карэспандэнта "К", арганізацыя кіравання маёмаснымі правамі - усяго адна з магчымых крыніц інфармацыі. Калі НЦІУ не здолеў дапамагчы, то тэатр павінен самастойна знайсці аўтара і атрымаць фінансавыя ўмовы выкарыстання яго твора.

 

Не маладзей за 50

Сітуацыя - зразумелая. Але хто ў тэатры павінен займацца тымі самымі пошукамі і складаннем дагавора? Аўтар гэтых радкоў таксама некалі працаваў загадчыкам літаратурна-драматычнай часткі аднаго са сталічных тэатраў, таму дакладна ведае, што ў працоўных абавязках загліта не значыцца праца па пошуку праваўладальнікаў, правядзенне перамоў з агентамі драматургаў, складанне аўтарскага дагавора. Зрэшты, ці можа несці такую адказнасць чалавек, які не мае адпаведнай юрыдычнай адукацыі, не валодае замежнай мовай на ўзроўні заканадаўчай тэрміналогіі? Між іншым, дакумент - не выключана!- мае нямала падводных камянёў... Я ўжо не кажу пра тое, што тэлефонныя перамовы, у залежнасці ад часавага пояса краіны, дзе знаходзіцца суразмоўца, могуць пачынацца пасярод ночы...

Карацей, з кожным новым драматургам, чыя п'еса заяўлена ў плане, той круг давядзецца праходзіць наноў. У гэтым спецыфіка тэатральнай дзейнасці: у кожным канкрэтным выпадку для пэўнага тэатра драматург і іншыя аўтары пастаноўкі маюць права вылучаць асобныя патрабаванні (падкрэслім: у іншых сферах калектыўнага кіравання дзейнічаюць стандартызаваныя стаўкі і ўмовы выкарыстання аўтарскіх правоў).

 Пагадзіцеся, наяўны механізм рэгулявання маёмасных правоў даволі складаны для непадрыхтаванага чалавека. Падобныя супярэчнасці могуць прывесці да таго, што тэатралы пачнуць адмаўляцца ад інсцэніроўкі твораў тых аўтараў, якія яшчэ жывыя, ці тых, пасля чыёй смерці яшчэ не прайшло 50 гадоў. Але каму карысная падобная адмова ад сучаснай драматургіі?

 

Далікатнасць фінансавай рэпрызы

Для многіх тэатраў яшчэ адной перашкодай на шляху паўнавартаснай працы з замежнымі аўтарамі стала адсутнасць валютнага разліку, што само па сабе не дае магчымасці перасылаць драматургам зацверджаныя аўтарскія ганарары. Ёсць і іншыя фінансавыя складанасці. Прынамсі, адпаведна нацыянальнаму заканадаўству, тэатр не мае права пералічваць за мяжу валютны аванс, што выклікае неразуменне ў іншамоўных аўтараў.

У гэтай сувязі Аляксей Бічурын са смуткам зазначае, што на практыцы адбылася падмена паняццяў, калі НЦІУ разглядаецца тэатрамі як свайго роду агенцтва па аказанні фінансавых паслуг, бо самастойныя адлічэнні ў іншую краіну па аўтарскім дагаворы адразу ўзнімаюць пытанні з ускладненнем падаткаабкладання:

- Бывае, тэатр дамовіўся з замежным драматургам на пастаноўку, ды ў дагаворы ўказаў, што адлічэнні будуць праводзіцца праз НЦІУ. Але зразумейце, для гэтага мы таксама павінны заключыць дагавор з аўтарам, што, у сваю чаргу, прыводзіць, сярод іншага, да змяншэння агаворанай сумы аўтарскіх адлічэнняў на сукупную стаўку падаткаў і камісійны працэнт НЦІУ. У выніку аўтар можа паскардзіцца, што атрымаў не тое, на што падпісваўся. Калі плануеце весці фінансавыя разлікі праз НЦІУ, то і дагавор з праваўладальнікам неабходна адразу замаўляць праз нас.

 

Не забыцца на літаратурныя вытокі

Заблытаная сітуацыя з урэгуляваннем аўтарскіх правоў падштурхоўвае тэатры да ненаўмыснага парушэння заканадаўства. Прыкладам, у Мінскім абласным драматычным тэатры ў Маладзечне "апякліся" на п'есе знакамітага айчыннага драматурга Кандрата Крапівы. Пасля прэм'еры высветлілася, што права на пастаноўку не было ўзгоднена са спадчынніцай класіка. "Каб не трапіць у падобную сітуацыю, вельмі хацелася б ведаць, у каго можна атрымаць дакладную інфармацыю і, ці атрымана згода праваўладальніка", - зазначае загадчык літаратурнай часткі ўстановы Аляксандр Пыцько.

Аляксей Бічурын упэўнены, што танчыць патрэбна ад печы, якой у дадзеным выпадку выступае тэатр. У выніку канфліктнай сітуацыі адказнасць будзе несці не рэжысёр, загліт або іншая асоба, а менавіта тэатр як карыстальнік. Ён жа атрымлівае прыбытак ад карыстання аб'ектам аўтарскіх правоў.

- Таму, атрымліваючы інфармацыю аб творчай задуме рэжысёра, тэатр адразу павінен удакладніць у НЦІУ, ці можа ён урэгуляваць "аўтарскае пытанне". Цягам трох месяцаў мы робім усе магчымыя захады для ўстаноўкі кантактаў з аўтарам, калі ён не адзін з тых, хто ўжо перадаў свае правы ў калектыўнае кіраванне. Але нават адсутнасць адказу неабходна трактаваць адназначна: як адсутнасць дазволу на выкарыстанне твора, - падкрэслівае кіраўнік Цэнтра.

Рыначны механізм ужо ўвайшоў у сферу інтэлектуальнай уласнасці, аднак, на думку суразмоўцы, у тэатральным асяроддзі воз ставіцца наперадзе каня: заказваюцца сцэнаграфія і касцюмы, ідуць рэпетыцыі, і толькі потым пачынаюцца пошукі праваўладальніка. У гэтай сувязі суразмоўца ўзгадаў сітуацыю з папулярным камедыёграфам Рэем Куні: НЦІУ давялося ісці на перамовы з прадстаўнікамі драматурга ўжо пасля таго, як спектаклі па яго п'есах з'явіліся на падмостках многіх беларускіх тэатраў.

Дарэчы, Аляксей Бічурын зазначыў, што рацыянальны падыход да вытворчага працэсу дапамагае вырашыць і тонкія моманты, звязаныя з велічынёй аўтарскіх адлічэнняў, бо з заяўленым постфактум цэннікам мала што зробіш, а вось у працэсе папярэдніх дамоў можна прыйсці да ўзаемавыгадных умоў.

 

Звязаныя адной мэтай

Па словах навуковага супрацоўніка аддзялення даследаванняў у сферы эканамічнага развіцця і экалогіі Інстытута прававых даследаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь Юліі Фёдаравай, дзеючы Закон "Аб аўтарскім праве і сумежных правах" прадугледжвае вельмі дакладныя, адпаведныя нормам сусветнай практыкі, механізмы афармлення зносін бакоў.

Сёння ж у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чакае другога чытання новы Закон "Аб аўтарскім праве і сумежных правах". Сярод новаўвядзенняў значацца палажэнні аб дагаворы ўступкі выключнага права, які сёння названы ў заканадаўстве, але практычна не ўрэгуляваны, ліцэнзійным дагаворы, дагаворы аб стварэнні і выкарыстанні аб'екта аўтарскага права ці сумежных правоў, што дазволіць пры заказе твора вызначыцца з прыналежнасцю правоў на яго. У праекце Закону застанецца і аўтарскі дагавор, але прадугледжваецца магчымасць яго заключэння на бязвыплатнай аснове. Значацца ў праекце Закону і падрабязныя палажэнні аб калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі аўтараў і іншых праваўладальнікаў.

- Але не трэба чакаць ад гэтых новаўвядзенняў радыкальных змен, - падкрэслівае Юлія Фёдарава. - У любым выпадку, праект Закону зыходзіць з таго, што аўтар стаіць у цэнтры адносін у сферы аўтарскага права. Між іншым, падобны падыход - сусветная практыка. Заканадаўства накіравана перш за ўсё на тое, каб стымуляваць творцу да стварэння новых добрых, якасных работ...

Юлія Фёдарава сама некалі працавала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, таму сітуацыю з рэгуляваннем аўтарскіх правоў ведае, як кажуць, знутры. "Маё суб'ектыўнае меркаванне, што ў ідэале нацыянальная сістэма калектыўнага кіравання маёмаснымі правамі аўтараў і іншых праваўладальнікаў павінна быць больш комплекснай: тут неабходна дапамога тэатрам і ў пошуку праваўладальніка, і ва ўзгадненні спосабаў выкарыстання гэтых твораў, і, у рэшце рэшт, у абароне правоў аўтараў і іншых правапераемнікаў, калі адкрываецца факт парушэння..."

Як высветлілася ў ходзе ўласнага журналісцкага даследавання, пакуль не існуе арганізацыі, якая дапамагла б вырашыць усе гэтыя пытанні. Сёння ў тэатраў ёсць некалькі варыянтаў вырашэння пытанняў у сферы аўтарскага права. Па-першае - дзейнічаць праз НЦІУ, у пэўнай сітуацыі прадастаўляючы ім кантакты, праз якія можна выйсці на неабходнага аўтара. Па-другое - самастойна займацца пошукам праваўладальнікаў і правапераемнікаў, ствараючы для гэтай працы ў тэатры ўсе неабходныя ўмовы - аж да ўвядзення новай пасады ў штатны расклад, накіравання супрацоўнікаў на адпаведныя курсы павышэння кваліфікацыі... Па-трэцяе - дабівацца стварэння неабходнага "пошукавага" аддзела ў НЦІУ, па аналогіі з адпаведнай структурай у тым жа Расійскім аўтарскім таварыстве, або асобнай арганізацыі, што будзе спецыялізавацца на вырашэнні гэтых канкрэтных праблем.

Зразумела, кожны з названых пунктаў мае шмат плюсаў і мінусаў, а многія варыянты дзеянняў упіраюцца ў фінансавы падмурак справы. Але відавочна галоўнае: каб выйсці з тупіка і знайсці сталы алгарытм узаемадзеяння з айчыннымі і замежнымі драматургамі, тэатрам было б няблага аб'яднацца. Толькі разам, намаганнямі ўсіх практыкаў у сферы дзеяння дадзенага пытання, магчыма вынайсці той шлях, які дапаможа дасканала выконваць нацыянальнае заканадаўства ў галіне аўтарскага права і сумежных правоў. І больш не "апякацца" на адных і тых жа пытаннях.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"