”Зямля...” пленэрная

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

У рамках праекта “Культурная сталіца Беларусі і СНД-2011” у Гомелі 20 красавіка адкрыецца славянскі пленэр пад назвай “Зямля беларуская”.

Арганізатары мерапрыемства - Міністэрства культуры краіны, упраўленне культуры Гомельскага аблвыканкама і гарвыканкама, а таксама Карцінная галерэя Г.Вашчанкі.

Як заўважыла дырэктар карціннай галерэі Людміла Шымбалёва, у пленэры прымуць удзел прафесійныя мастакі з Беларусі, Расіі і Украіны. Галоўная мэта мерапрыемства - паказаць хараство нашай зямлі. Для гэтага мастакі правядуць дзесяць дзён у адным з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі - у санаторыі "Чонкі", што на беразе ракі Сож. Па выніках пленэру ў маі зладзяць выстаўку работ тых творцаў, якія будуць удзельнічаць у мерапрыемстве.

Але гэта не адзіная падзея, што чакае жыхароў і гасцей Гомеля на працягу бліжэйшага часу. Як распавяла "К" начальнік аддзела культуры гарвыканкама Алена Герашчанка, Гомель у якасці Культурнай сталіцы прыме новы Міжнародны праект "Музыка без межаў" з удзелам дэлегацыі з Нідэрландаў.

22 красавіка ў Абласным грамадскакультурным цэнтры адбудзецца канцэрт з удзелам пераможцы дзіцячага Еўрабачання-2009 Ральфам Макенбахам з Нідэрландаў і чэмпіёнкай свету па вакале ў Галівудзе ў 2010 годзе Дзіянай Громавай з Гомеля.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"