Ляці, “жывы гук”, ляці!

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Міністэрства культуры Беларусі працягвае шэраг захадаў, накіраваных на пашырэнне ў канцэртнай практыцы выкарыстання “жывога” гуку.

Нагадаем, калегіяй Міністэрства культуры было прынята рашэнне "Аб мерах па паляпшэнні развіцця музычна-эстраднага мастацтва ў Рэспубліцы Беларусь". Цяпер ва ўсе ўпраўленні культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, а таксама ў канцэртныя арганізацыі краіны былі накіраваны адпаведныя рэкамендацыі - абмежаваць выкарыстанне фанаграм. Калі ж з тых або іншых прычын канцэрт без фанаграмы не абыдзецца, гледачоў павінны аб гэтым папярэдзіць - у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў".

Самі дзеячы культуры да ўсіх гэтых мер ставяцца станоўча.

- Для мяне, - кажа Саша Нэма, - гэта заўсёдная норма, да якой ва ўсе часы прывучаліся салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі на чале з народным артыстам каріны, прафесарам Міхаілам Фінбергам. Так, сустракаюцца спевакі, якія пад час канцэрта нават батарэйкі ў мікрафон не ўстаўляюць: маўляў, навошта? Ёсць і гледачы, для якіх галоўнае - убачыць шоу, а не паслухаць песні, і яны гатовы прыдбаць "ненатуральны" прадукт, нашпігаваны "кансервантамі" ды іншымі "штучнымі дабаўкамі". Але калі мы купляем катлеты ці цукеркі, дык на этыкетцы пазначаны складнікі. Так павінна быць і на эстрадзе: публіка можа сама зрабіць выбар, у што ёй укладаць грошы. І падманваць яе нельга!

- Спевы пад "плюсавую" фанаграму, дзе запісаны і акампанемент, і голас,- разважае кіраўнік гурта "Беларусы" Валерый Шмат,- я параўнаў бы з малітвай праз Інтэрнэт. Скажаце, абсурд? Так і тут. Вядома, сёння многае вырашае тэхніка. І на "плюсавых" канцэртах спаборнічаюць між сабой аранжыроўшчыкі, гукарэжысёры - усе тыя, хто прыклаў свае намаганні задоўга да выступлення, каб надаць музычнаму матэрыялу годную якасць. Але ж роля выканаўцы не менш важная! Калі тую або іншую песню бярэ ў свой рэпертуар прафесіянал, дык колькі ён яе спявае, столькі - удасканальвае. І "прымервае" непасрэдна да той ці іншай залы, публікі, да цяперашняга моманту. А галоўнае - дасылае жывую энергетыку, якае заключаецца не толькі ў постаці артыста, але і, найперш, у самім пасыле ягонага голасу, што змяняецца адпаведна з усімі пералічанымі абставінамі. Таму давайце звяртацца адно да аднаго без пасрэднікаў!__

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"