Напярэдадні Вербнай

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Сёння зранку ў Сендайскім скверы, што знаходзіцца каля Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, з’явяцца ніцыя вербы, высаджаныя ў знак падтрымкі пацярпелых ад землятрусу ў Японіі.

Мінск і японскі горад Сендай - пабрацімы. Як сімвал сяброўства, сквер упрыгожвае алея горнай сакуры. Цяпер тут схіляць свае галіны нашы вербачкі. У акцыі прымуць удзел прадстаўнікі Мінгарвыканкама, Пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь і Музычнага тэатра.

Кажуць, сябры пазнаюцца ў бядзе. Два гарады і разам з імі дзве краіны напаткалі трагедыйныя падзеі, загінулі мірныя людзі. Аплакваць іх будуць і дрэвы, знакавыя для славянскай культуры ды хрысціянства. Галіны вербы, згодна з хрысціянскімі звычаямі, ахоўваюць хату ад маланак, пажараў і іншых няшчасцяў. Высаджаныя напярэдадні вялікага свята - Вербнай нядзелі, - няхай тыя дрэвы ахоўваюць сваімі галінамі нашы гарады.

Учора ж у тэатры адбыўся Вечар смутку. Музычная капэла "Санорус" пад кіраўніцтвам Аляксея Шута ўпершыню ў Мінску выканала Рэквіем англійскага кампазітара Джона Ратэра.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"