Мінск і японскі горад Сендай - пабрацімы. Як сімвал сяброўства, сквер упрыгожвае алея горнай сакуры. Цяпер тут схіляць свае галіны нашы вербачкі. У акцыі прымуць удзел прадстаўнікі Мінгарвыканкама, Пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь і Музычнага тэатра.
Кажуць, сябры пазнаюцца ў бядзе. Два гарады і разам з імі дзве краіны напаткалі трагедыйныя падзеі, загінулі мірныя людзі. Аплакваць іх будуць і дрэвы, знакавыя для славянскай культуры ды хрысціянства. Галіны вербы, згодна з хрысціянскімі звычаямі, ахоўваюць хату ад маланак, пажараў і іншых няшчасцяў. Высаджаныя напярэдадні вялікага свята - Вербнай нядзелі, - няхай тыя дрэвы ахоўваюць сваімі галінамі нашы гарады.
Учора ж у тэатры адбыўся Вечар смутку. Музычная капэла "Санорус" пад кіраўніцтвам Аляксея Шута ўпершыню ў Мінску выканала Рэквіем англійскага кампазітара Джона Ратэра.