Калі спяваюць анёлы...

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Гэтым тыднем уся краіна смуткавала, развітваючыся з ахвярамі тэракта ў сталічным метро. У Белдзяржфілармоніі былі перанесены многія ўрачыстасці.

Але канцэрт, прызначаны на 14 красавіка, адбыўся згодна з ранейшым раскладам. Бо ў гэты вечар гучаў Рэквіем В.А. Моцарта. Крыху змянілася хіба яго прысвячэнне: твор планавалася выконваць у памяць аб ахвярах Чарнобыля, Сендая і Фукусімы, ды красавік прынёс яшчэ адну трагедыю.

На прэс-канферэнцыі, якая прайшла за некалькі гадзін да канцэрта, кіраўнік Капэлы хлопчыкаў Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімір Глушакоў расказаў, што заняткі ў каледжы, што побач са станцыяй метро "Кастрычніцкая", павінны былі скончыцца за некалькі хвілін да таго, як прагрымеў выбух. Але хлопчыкі затрымаліся, каб яшчэ раз прарэпеціраваць частку Рэквіема, якая называецца "Агнец Божы"...

Здаецца, яшчэ ніколі моцартаўскі шэдэўр не гучаў так мякка і пранікнёна. Ледзь не ўпершыню ў нас твор гучаў у выкананні камернага склада, як задумана кампазітарам; упершыню далучыўся хор хлопчыкаў - ад 9-і да 19-і гадоў (у часы Моцарта ў царкве спявалі мужчыны і хлопчыкі, забяспечваючы высокімі галасамі "жаночы" дыяпазон). Хочацца верыць, што разам з імі спявалі самі анёлы...

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"