Моцная рука побач

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

Свой дзейсны ўнёсак у дапамогу нашым суграмадзянам рабіла і робіць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі .

Як сказала карэспандэнту "К" старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Наталля Аўдзеева, Цэнтральны камітэт і іншыя структуры галіновага прафсаюза, прафкамы тых арганізацый, дзе працавалі ахвяры ці працуюць пацярпелыя пад час выбуху ў метро, аказваюць гэтым людзям і іхнім сем'ям усю неабходную дапамогу:

- Мы шчыра спачуваем і смуткуем разам з сем'ямі загінулых, з усімі пацярпелымі пад час выбуху 11 красавіка. Мы глыбока ўзрушаны трагедыяй на станцыі метро "Кастрычніцкая", якая, разам з тым, паказала чуласць, спагаду і ўзаемападтрымку як адметныя рысы беларускага народа. Мы суперажываем разам з усім народам краіны, падзяляем боль незаменных страт і жадаем хутчэйшай папраўкі ўсім пацярпелым.

На наш адрас таксама прыходзяць словы сяброўскай падтрымкі ад Міжнароднага аб'яднання прафсаюзаў "Кансультатыўны савет прафсаюзаў работнікаў культуры незалежных дзяржаў", у якое ўваходзяць 12 краін Еўропы, Каўказа і Азіі. Кіраўніцтва гэтай арганізацыі ўсёй душой ўсхвалявана трагедыяй у мінскім метро і пераканана: "Беларускі народ мужна і з годнасцю выйдзе з гэтай трагедыі". І я таксама ўпэўнена, я веру, што мы, беларусы, будзем годна крочыць далей у будучыню.

Пераканана, разам, у агульным парыве, мы зможам пераадолець усё. Адным з сімвалаў гэтай еднасці, гэтага адзінства народа Беларусі павінен стаць і Рэспубліканскі суботнік. У гэты дзень члены прафсаюза, як і кожны грамадзянін краіны, будуць працаваць на вызначаных для добраўпарадкавання аб'ектах. А вось апарат ЦК прафсаюза работнікаў культуры зоймецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі фізкультурна-аздараўленчай базы ФПБ у Ратамцы пад Мінскам.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"