Філармонія: стартуем датэрмінова

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

Беларуская дзяржаўная філармонія сёлета святкуе 70-годдзе. Таму і канцэртны сезон — юбілейны, 70-ы — распачынае раней, чым звычайна: у верасні.

У мінулыя гады адкрыццё філарманічнага сезона прымяркоўвалася акурат да Міжнароднага дня музыкі, што адзначаецца 1 кастрычніка. Але і ў верасні на абедзвюх філарманічных сцэнах праводзіліся асобныя канцэрты. Сёлетняя ж вераснёўская афіша нават больш цікавая за некаторыя фестывальныя, што прапаноўваліся падчас правядзенняў “Беларускай музычнай восені” ды “Мінскай вясны”. І справа не толькі ў тым, што на Вялікую філарманічную залу прыпадаюць два з васьмі канцэртаў ІІ Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. І без таго аматараў музыкі чакаюць адметныя канцэрты, многія з якіх прэтэндуюць на з’явы культуры не сталічнага, а рэспубліканскага і міжнароднага маштабу.
Ужо 5 верасня перад слухачамі, што згаладаліся за лета па класіцы, паўстане выбар, які з двух канцэртаў наведаць. Бо ў Вялікай зале будзе іграць наш знакаміты піяніст Юрый Бліноў, які апошнім часам жыве ў Амерыцы. А ў Малой зале — наша маладая мандаліністка Наталля Корсак, якая з’яўляецца лаўрэатам Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Абое музыканты — выхаванцы беларускай выканальніцкай школы, лаўрэаты шматлікіх міжнародных конкурсаў. І ў абоіх — цікавая, з густам складзеная праграма з твораў замежнай класікі.
У верасні расчыніць дзверы “Музычная гасцёўня” Таццяны Старчанка, пачнуцца канцэртныя выступленні Беларускай оперы. Свае праграмы прэзентуюць вядучыя філарманічныя калектывы, сярод якіх — Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча, Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь. Мінскі струнны квартэт разам з артыстам-купалаўцам Віктарам Манаевым прапануе кампазіцыю “Нябеснае і зямное”, прысвечаную 120-годдзю з дня нараджэння сусветна знакамітага мастака Марка Шагала. 250-годдзе з дня нараджэння беларускага і расійскага класіка Восіпа Казлоўскага адзначыць сваім канцэртам ансамбль салістаў “Класік-Авангард”. Да 60-годдзя нашага знанагакампазітара Віктара Войціка прымеркаваны яго аўтарскі канцэрт з удзелам вядомых айчынных салістаў і Дзяржаўнага камернага аркестра пад кіраўніцтвам Пятра Вандзілоўскага (дарэчы, гэты калектыў хутка адзначыць сваё 40-годдзе).
Шыкоўны падарунак атрымаюць аматары даўніны, наведаўшы канцэрт “Лютня эпохі барока”, які з’яўляецца сумесным расійска-польска-беларускім праектам. Адметны джазавы вечар падорыць польскі квартэт Яраслава Сметаны. У двух выбітных канцэртах возьме ўдзел мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі, заслужаны артыст краіны Юрый Гільдзюк, вядомы не толькі сваім сольным, але і ансамблевым майстэрствам.
Асаблівае месца ў вераснёўскай філарманічнай афішы займаюць канцэрты Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, які таксама святкуе свой юбілей — ажно 80-годдзе. 14 верасня ў якасці адкрыцця сімфанічнага сезона аркестр на чале са знакамітым Аляксандрам Анісімавым прапануе праграму, складзеную з беларускай, рускай і замежнай класікі — твораў Я.Глебава, С.Пракоф’ева, Л.Бетховена. З калектывам-юбілярам выступяць выбітныя музыканты, сярод якіх — лаўрэаты міжнародных конкурсаў, салісты Маскоўскай філармоніі Рустам Камачкоў і Юлія Ігоніна (яе, колішнюю выхаванку Мінскага музычнага вучылішча імя М.Глінкі, слухачы памятаюць па канцэртах з Прэзідэнцкім аркестрам Беларусі). 23 верасня Аляксандра Анісімава зменіць за пультам амерыканская дырыжорка Карэн Ніксан-Лэйн, якая даўно сябруе з калектывам: будуць выкананы 9-я сімфонія А.Дворжака і папулярная музыка амерыканскіх кампазітараў. І гэта акрамя таго, што аркестр дае буйны канцэрт у Вялікай зале Палаца Рэспублікі ў межах ІІ Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета і ўдзельнічае ў гала-канцэрце цырымоніі закрыцця Дня беларускага пісьменства ў Шклове.
Увогуле да свайго 80-га сезона Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі рыхтуе 5 канцэртных цыклаў: “Маэстра Анісімаў запрашае”, “Шэдэўры сімфанічнай музыкі”, “Летнія сімфанічныя канцэрты”, “Уваскрэсенне класікі”, “Іграем з аркестрам”, а таксама канцэрты для студэнцкай моладзі “Музыка — маладым”. Лепшыя праграмы аркестра плануецца паказаць у гастрольных паездках па абласных цэнтрах Беларусі і за мяжу. У прыватнасці, у пачатку кастрычніка аркестр возьме ўдзел у Эканамічным і культурным форуме Беларусі ў Літве і выступіць у Вільнюсе.

Надзея БУНЦЭВІЧ