6 красавіка канцэртам у Камернай зале імя Л.Александроўскай было адзначана 75-годдзе з дня нараджэння народнага артыста СССР Аркадзя Саўчанкі, які больш за 40 гадоў шыкоўна спяваў вядучыя барытонавыя партыі ледзь не ўсяго нашага рэпертуару. А 7 красавіка чарговы паказ "Князя Ігара" А.Барадзіна быў прысвечаны 85-годдзю з дня нараджэння народнага артыста краіны Аляксея Кагадзеева, які амаль 35 гадоў быў галоўным хормайстрам тэатра, адначасова выкладаючы ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, дзе падрыхтаваў больш як паўсотні дырыжораў хору. Сярод яго выпускнікоў - і цяперашнія дзеячы тэатра: галоўны хормайстар, народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч і хормайстар Галіна Луцэвіч.
- Аляксей Пятровіч, - узгадвае Галіна Луцэвіч, - выпусціў больш за 60 прэм'ерных спектакляў, выдаў два вучэбныя дапаможнікі. А ён жа яшчэ і дырыжыраваў опернымі ды балетнымі спектаклямі! З хорам працаваў надзвычай карэктна, мэтанакіравана, даваў свабоду спеўнаму голасу, умеў запаліць усіх нас сваёй кагадзееўскай іскрай. На рэпетыцыях мы не толькі спявалі, але і слухалі запісы, вучыліся па іх. А ў якасці адпачынку ён мог прачытаць лекцыю, да прыкладу, пра шкоду тытуню, пра кагосьці з выдатных музыкантаў,- кругагляд у яго быў вялікі. Дасканала ён ведаў і нямецкую мову, яшчэ з ваенных часоў: хлопчыкам быў адпраўлены на прымусовыя работы ў Германію, там і навучыўся. Пасля вайны і ў духавых аркестрах працаваў, і ў ансамблях песні і танца, кіраваў салдацкай мастацкай самадзейнасцю. Мінскае музычнае вучылішча заканчваў па дзвюх спецыяльнасцях: па класе народных інструментаў і як музыказнаўца. А ўжо ў нашай кансерваторыі і, пазней, у піцерскай аспірантуры канчаткова спыніўся на хоры і дырыжыраванні, стажыраваўся ў знакамітым Марыінскім тэатры...
Дарэчы, опера "Князь Ігар", багатая на разнастайныя харавыя сцэны - рускіх і полаўцаў,- віртуальна з'яднала і згаданыя юбілейныя даты. Кагадзееў рыхтаваў спектакль 1967 года, Саўчанка ж спяваў Ігара на прэм'еры пастаноўкі 1996-га, якая ідзе ў тэатры і дагэтуль.
На здымку: А.Кагадзееў; А.Саўчанка ў спектаклі "Князь Ігар".