Як не стаць русалкай?

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

У сетцы, ды не Інтэрнэт

/i/content/pi/cult/317/5605/pic_26.jpgЗаслужаная артыстка Беларусі, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Ірына ДАРАФЕЕВА вярнулася з В'етнама. Збіраецца ў Сербію, дзе прадоўжыць працу над новай песняй знакамітага Жэлька Яксімавіча - колішняга ўладальніка Гран-пры "Славянскага базару ў Віцебску". І, вядома, рыхтуецца да чарговага тура па Беларусі, які скаардынаваны сёлета з Міністэрствам абароны краіны і пройдзе пад дэвізам "Заўсёды са сваім народам".

Пачаўшыся ў маі, гастролі працягнуцца ўсё лета і ахопяць Міншчыну і Брэстчыну. Не забываецца артыстка і на партыю Князёўны Тараканавай у мюзікле К.Брэйтбурга "Блакітная камея", удзельнічаючы ў спектаклі сталічнага Музычнага тэатра.

Вядома, я не магла ўтрымацца, каб хаця б адным вушкам не пазнаёміцца з новай песняй. Нават у дэма-варыянце - прыгажосць проста казачная! Гэткае шчырае, добрае, душэўнае слова пра каханне, вымаўленае надзвычай інтэлігентна, узнёсла і адначасова вельмі проста, без наўмысных выкрунтасаў. А галоўнае - песня вельмі запамінальная ды зусім не надакучлівая, такую хочацца слухаць зноў ды зноў, пяшчотна "дакранаючыся" пачуццямі і думкамі да кожнай дробязі.

- Тут яшчэ працаваць ды працаваць, - сціпла кажа Ірына Дарафеева. - У красавіку, як і планавалася, паеду ў Сербію: разам з аўтарам будзем паступова даводзіць нарыхтоўку да канчатковага выгляду. Думаю, пачуць песню можна будзе ўжо ўвосень.

- Песня гэтая, у лепшым сэнсе слова, еўрапейская. А в'етнамскія запісваць не збіраецеся? Адразу ўявіла вас у шырокім конусападобным капялюшыку...

- Дарма ўсміхаецеся. Я сама была вельмі здзіўлена, але, паглядзеўшы там эстрадны фестываль на адкрытым паветры, пераканалася, што цяпер в'етнамцы ствараюць вельмі еўрапеізаваныя песні - вядома, з нацыянальным каларытам. Уключыш тэлевізар- мноства ўласных рэгіянальных тэлеканалаў, на ўсіх- свае песні і свае выканаўцы. Увогуле, уражанняў шмат: экзотыка, катанне на сланах старадаўняя архітэктура, будыйскія храмы, возера, поўнае лотасаў, вельмі адкрытыя, дружалюбныя людзі. Не абышлося і без прыгод. Пайшла ўвечары купацца, а там хлопцы на лодцы: стукаюць-грукаюць, песні спяваюць на ўвесь голас... Думаю, пэўна, моладзь катаецца-забаўляецца. Раптам адчуваю: ногі быццам нейкімі вяроўкамі закручвае, - ледзь выратавалася! А потым даведалася, што гэта яны на рыбу сеткі расстаўлялі і яе туды песнямі ды гоманам зганялі. Ну, і я на тыя песні "патрапіла"...

 На здымку: акрамя канцэртаў, у В'етнаме Ірына Дарафеева "апрабавала" мясцовую экзотыку.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"