Па гомельскім Палессі

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

У Гомельскім раёне стартавала творчая ініцыятыва ўпраўлення культуры Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта і Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў — першая перасоўная мастацкая выстаўка “Па гомельскім Палессі”.

 /i/content/pi/cult/126/560/Palesse.jpg
 Мастакі-перасоўнікі (злева направа): Генадзь Говар, Роберт Ландарскі, Дзмітрый Папоў.
Як вядома, мастакі-перасоўнікі — гэта з ХІХ ст. Расіі. І іх мастацтва мае даўнія вялікія традыцыі, бо раскрывае ўсю складанасць духоўнага свету чалавека і навакольнага асяроддзя. Буйныя памеры, па-сапраўднаму манументальны характар твораў рускіх мастакоў былі абумоўлены часам і з’явамі.
Гомельскія перасоўнікі пайшлі іншым шляхам. На выстаўцы экспануюцца ўсе галоўныя станковыя формы выяўленчага мастацтва: жывапіс, графіка, скульптура.
Вядомыя ў краіне мастакі Роберт Ландарскі, Генадзь Говар і Дзмітрый Папоў вынеслі на суд гледачоў свае лепшыя работы, над якімі яны натхнёна працавалі апошнім часам.
З выстаўкай ужо азнаёміліся жыхары Гомельскага, Добрушскага, Веткаўскага і Чачэрскага раёнаў. Трэба асабліва заўважыць, што людзі вельмі актыўна наведвалі выставачныя залы і з зацікаўленасцю знаёміліся з творамі сваіх землякоў.
Уся цудоўная тройца — даўнія госці літаратурна-мастацкага салона “Сустрэчы на Замкавай” пры Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.І. Герцэна. Тут яны ладзілі свае юбілейныя і творчыя вечарыны, прэзентацыі кніг, як гэта было з мастаком і літаратарам Генадзем Говарам.
Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі БСМ, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Роберт Ландарскі прадставіў серыю пейзажных карцін, прысвечаных роднаму Палессю.
Асаблівы інтарэс у гледача выклікае жывапіснае палатно “Яблыкі на снезе”. Гэтая карціна, прысвечаная Чарнобыльскай трагедыі, несумненна, увойдзе ў залаты фонд беларускага выяўленчага мастацтва. Па снезе стомлена крочыць старая жанчына, якая засталася адна ў зоне адсялення. Каля яе — схуднелы стары кот, які застаўся верным сваёй гаспадыні. І на дрэвах, і на снезе — вялізныя спелыя яблыкі, такія прывабныя, але нікому ўжо не патрэбныя…
Палітры мастака падуладныя і індустрыяльны, і сельскі пейзажы, някідкія, вытанчаныя фарбы роднага краю, і тэма Вялікай Айчыннай вайны. Не так даўно рэпрадукцыя ягонай карціны “Подых вясны” была апублікавана на вокладцы зборніка вершаў Петруся Броўкі “Крыніца з-пад Ушачаў”. Творчасць Роберта Яфімавіча разнапланавая, уражвае мноствам тэм і знаходак у кампазіцыйным плане.
 /i/content/pi/cult/126/560/Palesse1.jpg

Генадзь Говар прапанаваў гледачам серыю з дваццаці графічных аркушаў пад агульнай назвай “Рысы эры”. Выкананая на высокім душэўным уздыме з выкарыстаннем нетрадыцыйных матэрыялаў, яна прыцягвае шырынёю задум і вышынёю ўяўленняў мастака. Перад намі, нібы ў калейдаскопе, праходзяць абагуленыя вобразы знакамітых асоб розных эпох. Дваццаць стагоддзяў як бы аб’яднаны ў адзіную кампазіцыю і прымушаюць задумацца аб хуткаплыннасці часу і аб сваім месцы ў ім. Кожны з твораў забяспечаны аўтарскім чатырохрадкоўем.
Дзмітрый Папоў, прадстаўнік вядомай на Беларусі дынастыі мастакоў Паповых, вынес на суд гледачоў скульптурныя работы, напоўненыя гаркотай і болем аб зямлі, зраненай цэзіем і стронцыем. Але не толькі гэтая тэма прысутнічае ў творчасці майстра. Цудоўны, чысты, лёгкакрылы вобраз прыгажосці палескіх дзяўчат увасобіўся ў скульптурным партрэце “Паляшучка”.
Няскончаным болем напоўнены вобраз ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, у якім адлюстраваліся і незабыўныя страты, і свята Перамогі, і пасляваенная разруха, і вера ў светлую будучыню. Асабліва ўдалыя вобразы старых з пакінутых чарнобыльскіх вёсак.
Першая перасоўная мастацкая выстаўка “Па гомельскім Палессі” не затрымліваецца доўга на адным месцы. Сёння скіравала свой шлях на Кармянскі раён, да новых гледачоў, а вандраваць па ўсіх раёнах Гомельскай вобласці будзе больш за год. На адкрыццё кожнай яе экспазіцыі, як заўсёды, завітваюць аўтары. Мастакі ідуць да людзей з любоўю — народ дорыць ім любоў у адказ.

Наталля МАЛАШЭНКА,
загадчыца аддзела ЦДБ імя А.І. Герцэна
Гомель