НАВУКОВАЯ КАНЦЭПЦЫЯ ЭКСПАЗІЦЫІ ДЗЯРЖАЎНАГА ЛІТАРАТУРНАГА МУЗЕЯ ЯНКІ КУПАЛЫ

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

“К” пачынае друкаваць для абмеркавання праект новай навуковай канцэпцыі экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Па словах дырэктара музея Алены Мацевасян, цяперашняя музейная экспазіцыя, створаная яшчэ ў 1976-м і часткова мадэрнізаваная ў апошнія дзесяцігоддзі, адносіцца да тыпу класічных. Хоць яна і не страціла сваёй навуковай і мастацкай вартасці, але наспела неабходнасць стварэння новага фармату, з улікам выкарыстання найноўшых інфармацыйных і інтэрактыўных тэхналогій. Да таго ж, як патлумачыла Алена Мацевасян, цягам апошніх гадоў знойдзены новыя дакументы, якія хацелася б абавязкова прадставіць у новай экспазіцыі. Так, напрыклад, кіраўніцтва музея плануе пашырыць тую частку экспазіцыі, якая распавядае пра шляхецкае паходжанне народнага паэта Беларусі, а таксама прадугледзіць у будучай экспазіцыі ўсталяванне сучасных мультымедыйных тэхналогій, з дапамогай якіх наведвальнікі — у першую чаргу, школьнікі — змогуць пабачыць на свае вочы некаторыя фрагменты з драматургічнай спадчыны класіка беларускай літаратуры, увасобленыя на сцэнах сталічных тэатраў. Пачынаем друкаваць Канцэпцыю адразу з пункта, прысвечанага мэтам і задачам праекта, апускаючы ўводзіны, дзе асноўная ўвага надаецца гісторыі фарміравання экспазіцыі і этапам развіцця музея.

/i/content/pi/cult/317/5599/pic_21.jpgАсноўныя мэты і задачы экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Вызначальным прынцыпам навуковай канцэпцыі новай экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы з'яўляецца погляд на экспазіцыю як на комплексную, шматфункцыянальную навукова-мастацкую структуру. Работнік, які распрацоўвае навуковую канцэпцыю экспазіцыі, і мастак (дызайнер), што складае яе мастацкую канцэпцыю, з'яўляюцца раўнапраўнымі ўдзельнікамі адзінага працэсу і выступаюць у дыялогу ўжо з самага пачатку падрыхтоўкі экспазіцыі.

Асноўнай мэтай экспазіцыі з'яўляецца паказ жыцця і творчасці першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ва ўзаемасувязі з гістарычным і культурным развіццём краіны і ягонай ролі ў гісторыі нацыянальнай беларускай літаратуры, культуры, станаўленні беларускай дзяржаўнасці.

Улічваючы, што асноўная частка наведвальнікаў прыходзіць у Літаратурны музей не проста дзеля атрымання інфармацыі, а за эмацыянальнымі перажываннямі, аўтары навуковай канцэпцыі ставяць за мэту стварэнне арыгінальнага навукова-мастацкага апавядання, якое мае сваю драматургію, з інтрыгай, кульмінацыяй, развязкай, эфектамі здзіўлення і нечаканасці. У той жа час аўтары імкнуцца дасягнуць максімальна магчымай інфармацыйнай насычанасці экспазіцыі, здольнай задаволіць самыя рознабаковыя запатрабаванні наведвальнікаў музея.

Галоўныя задачы, якія неабходна вырашыць у працэсе стварэння экспазіцыі:

1. Змяніць канцэптуальныя падыходы да стварэння экспазіцыі з мэтай яе гуманізацыі, набліжэння да чалавека, выкарыстаць інтэрактыўныя прыёмы, экспанаты з мэтай пагружэння наведвальніка ў гістарычную сітуацыю.

2. Перайсці ад апавядальнага пераказу гістарычных фактаў і падзей да іх гісторыка-культурнага асэнсавання.

3. Стварыць лагічна пабудаваную, зразумелую для наведвальніка і зручную ў аглядзе экспазіцыю, з узаемазвязанымі раздзеламі.

4. Забяспячыць даступнасць і лёгкасць успрыняцця музейных экспанатаў для самага шырокага кола наведвальнікаў.

5. Стварыць інфармацыйна насычаную, шматузроўневую экспазіцыю, разлічаную на неаднаразовае наведанне музея людзьмі рознага ўзросту.

6. Пашырыць доступ да музейных прадметаў і музейных калекцый, увесці ў экспазіцыйны кантэкст новыя, арыгінальныя, экспанаты, якія ніколі не дэманстраваліся, але маюць вялікае гісторыка-культурнае значэнне.

7 . Выкарыстоўваць сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі з мэтай большага прадастаўлення інфармацыі.

8. Знайсці сучасныя метады стварэння мастацкага вобраза пры захаванні традыцыйных, сутнасных падыходаў, характэрных для музея ў яго класічным уяўленні. Такі падыход дазволіць захаваць музей як унікальны сацыяльны інстытут.

9. Фарміраваць адзіны мастацкі стыль экспазіцыі і музея ў цэлым, які дазволіць, нягледзячы на шматлікасць падыходаў і рашэнняў, сфарміраваць непаўторны вобраз Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Рысамі гэтага стылю стануць стаўленне да музея як да свайго роду храма Купалавай спадчыны, захаванне лепшых класічных традыцый у афармленні ўсіх інтэр'ераў музея, яго рэкламнай прадукцыі, брэндах, атмасферы гасціннасці і ўвагі да наведвальніка. Стыль у экспазіцыі дыктуе наяўнасць арыгінальных экспанатаў, рарытэтаў і апраўданае ўключэнне тыражаваных і капійных матэрыялаў, уважлівыя адносіны да экспаната-рарытэта і магчымасць "пагружэння" ў гістарычнае асяроддзе шляхам інтэрактыўных прыёмаў, а таксама фарміраванне пэўнага мастацкага вобраза, адметнасці музейнай прасторы.

Канцэпцыя створана на аснове храналагічна-праблемнага падыходу, з выкарыстаннем метадалагічнай базы, аснову якой склалі прынцыпы гістарызму і аб'ектыўнасці, гуманізму, мультыдысцыплінарнага падыходу ў адлюстраванні жыцця і творчасці Янкі Купалы. Пры стварэнні канцэпцыі выкарыстоўваліся як агульнанавуковыя метады (аналізу і сінтэзу), так і спецыяльна-гістарычныя (гісторыка-сістэмны, гісторыка-параўнальны).

Асноўнымі метадамі пабудовы новай экспазіцыі будуць храналагічна-тэматычны, вобразна-сюжэтны і ансамблевы.

Галоўная ідэя новай экспазіцыі - паказаць Янку Купалу як генія нацыянальнай літаратуры, духоўнага бацьку нацыі, паэта-прарока, паэта-філосафа, які сваёй творчасцю выхоўваў свядомасць беларускага народа.

Асноўная тэма, што пройдзе праз усю экспазіцыю, - тэма "Шляхі". Шляхі паэта па Беларусі і да Беларусі... Шляхі як імкненне Янкі Купалы ў будучыню, як спасціжэнне жыцця, як філасофскае асэнсаванне вечнай праўды быцця.

Экспазіцыя ахоплівае перыяд з XVI ст. - пачатак гісторыі роду Луцэвічаў - па сённяшні дзень. Гутарка між мінулым, сучасным і будучым раскрываецца праз жыццё і творчасць паэта.

У экспазіцыю ўводзяцца новыя раздзелы і тэмы:

"Шляхецкае паходжанне Янкі Купалы" (праз архіўныя матэрыялы і дакументы);

"Янка Купала - першы стваральнік санетаў у сучаснай беларускай паэзіі";

 "Касмічныя матывы ў паэзіі Янкі Купалы як найважнейшая грань ягонага таленту, выяўленне творчай інтуіцыі і глыбіннага душэўнага вопыту";

 "Мінск - родны горад паэта";

"Стан і развіццё беларускага і замежнага купалазнаўства ў канцы ХХ і першым дзесяцігоддзі ХХІ ст., у тым ліку ў беларускай эміграцыі".

Музей ставіць перад сабой задачу скіраваць наведвальніка на інтэлектуальную працу душы і сэрца, каб пасля азнаямлення з экспанатамі ўзнікала патрэба шукаць адказы на пытанні, пастаўленыя ў раздзелах і тэмах. Для дасягнення гэтага мяркуецца ўвядзенне элементаў інтэрактыўнасці і мемарыяльнасці (рэканструкцыя асобных інтэр'ераў), выкарыстанне новых інфармацыйных тэхналогій, а таксама прымяненне ўсіх відаў эксплікацый, у тым ліку ўказальнікаў-піктаграм з тэкстамі на замежных мовах.

Прапануецца храналагічна-тэматычны, вобразна-сюжэтны і ансамблевы метады пабудовы экспазіцыі; экспазіцыйныя матэрыялы (рукапісы, друкаваныя выданні, дакументы, гістарычныя матэрыялы, рэчы часу, мемарыяльныя рэчы, фотаздымкі, мастацкія творы) пажадана прадставіць у большай ступені нетрадыцыйна, вобразна-прасторава, аб'ёмна, што вымагае нестандартнага экспазіцыйнага абсталявання з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Для захавання ўнікальных музейных прадметаў неабходна стварыць іх якасныя муляжы, макеты, фотакопіі, і ў першую чаргу гэта тычыцца пісьмовых крыніц (рукапісаў, фотаздымкаў, дакументаў, часопісаў, газет і г. д.).

Прапануемыя раздзелы і тэмы:

І раздзел. Вытокі (ХVІ - ХІХ стст. - 1907 г.)

Радавод. Паходжанне. Шляхта. Нараджэнне. Сям'я. Мова. Пачатак літаратурнага шляху. Ад газеты "Северо-Западный край" да першай беларускай газеты "Наша Ніва".

Рэканструкцыя часткі інтэр'ера бібліятэкі "Веды". Мультымедыйная бібліятэка (прыжыццёвыя выданні твораў Янкі Купалы, у тым ліку з аўтографамі паэта).

Я не паэта, о крый мяне Божа!

Не рвуся я к славе гэткай німала,

Хоць песеньку-думку і высную можа,

Завуся я толькі - Янка Купала.

("Я не паэта")

Галоўная ідэя раздзела - карані і шляхі роду Луцэвічаў, як і ў далейшым сцежкі, дарогі і шляхі самога паэта. Час, доля, выбар шляху, сам шлях... Раздзел прадугледжвае наступныя тэмы: "Ад вытокаў радаводных", "Нараджэнне будучага паэта. Ясевы "ўніверсітэты", "Пачатак літаратурнага шляху (ад "Северо-Западного края" да "Нашай нівы")".

Сваё адметнае вырашэнне знойдуць экспазіцыйныя вобразы радаводнага дрэва Луцэвічаў і свята Купалле - дня, калі нарадзіўся Ясь Луцэвіч. Сімвалы гэтага свята - Папараць-кветка, Сонца, Кола (сімвал сонечнага і жыццёвага колазвароту).

Перад мастацкай канцэпцыяй раздзела стаіць задача ўвасобіць і сімвалічна падкрэсліць шляхі продкаў класіка, самога Песняра і ў цэлым падаць вобраз Беларусі таго часу праз творчасць пачынаючага паэта.

 

ІІ раздзел. Нараджэнне класіка (1908-1928 гг.)

Нацыянальная ідэя і канцэпцыя незалежнасці Беларусі Янкі Купалы. Вільня- Санкт-Пецярбург - Мінск.

"А хто там ідзе?", "Маладая Беларусь", "Паўстань", публіцыстыка 1918- 1920 гг., "Перад будучыняй".

Раздзел прысвечаны асэнсаванню Беларусі як незалежнай дзяржавы ў творах паэта, значэнню асобы Янкі Купалы як "духоўнага бацькі нацыі". Гэта плануецца прасачыць як па яго творах, так і па варунках ягонага жыцця.

Ты жыў, ты панаваў у краі родным,

Сцярог ад чужака й законы ўкладаў,

Звон вечавы сход склікаваў народны,

І сход аб шчасці Бацькаўшчыны дбаў.

("Свайму народу")

Вядомы беларускі літаратуразнаўца У.Конан адзначаў: "Творчасць Янкі Купалы - няспынны мастацкі кліч, звернуты да беларуса, да Сусвету...".

На фоне гісторыі краіны, жыцця нацыянальнай інтэлігенцыі і ўсяго беларускага народа будуецца навуковая і мастацкая канцэпцыі раздзела.

Праблемы дзяржаватворчасці і нацыянальнай ідэі ў паэзіі, драматургіі і публіцыстыцы Янкі Купалы ў апошняе дзесяцігоддзе распрацоўваліся даследчыкамі, агучваліся на міжнародных канферэнцыях - Купалаўскіх чытаннях. У новай экспазіцыі гэтыя тэмы праз ягоную творчасць даследуюцца ўпершыню.

Тры гістарычна-аб'ектыўныя фактары - мова, нацыя, дзяржава - складаюць базавую аснову нацыянальнай ідэі. "Нацыя, мова, дзяржаўнасць ляжаць у аснове свабоднага развіцця кожнага этнасу, а таксама фармулявання і ўсведамлення грамадскай думкай Нацыянальнай ідэі. Гэта закон развіцця грамадства кожнай нацыі і народа ў прасторы і часе".

Новая экспазіцыя ставіць задачу паказаць, як фарміраваліся вышэйзгаданыя фактары ў творчасці Янкі Купалы і як сваёй творчасцю паэт-прарок, паэт-філосаф, паэт-грамадзянін выхоўваў самасвядомасць у беларускага народа.

Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца,

Як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца;

Дзеліш з намі вечна ўсё, што з намі ходзе

У благой і добрай мачысе-прыгодзе...

Як жыло ты з намі - будзеш вечна жыці,

Грамадой мільёнаў з светам гаманіці...

 ("Роднае слова")

(Працяг будзе.)