Дырэктар Музея гісторыі старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Барыс Лазука прадставіў першыя два тамы фундаментальнага выдання "Гісторыя сусветнага мастацтва".
Кнігі ўнікальныя тым, што сусветная і айчынная культура разглядаюцца ўзаемазвязана, як сукупнасць гістарычна абумоўленых з'яў і працэсаў. Тым больш, што, як падкрэсліў сам аўтар, айчынная архітэктура, жывапіс, скульптура займаюць годнае месца ў сусветнай культуры, і не адлюстраваць іх было б недаравальна.
Намеснік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак адзначыў, што кніга, створаная сіламі Барыса Лазукі і калектыву выдавецтва "Беларусь", - гэта сапраўдны шэдэўр кніжнай культуры. А таму дзяржава не можа не дапамагаць у выданні фундаментальных даследаванняў, якія дазваляюць ганарыцца сваёй культурай. "Нягледзячы на вялікія выдаткі, такія кнігі будуць выпускацца і надалей", - падкрэсліў Ігар Лапцёнак.
Па словах дырэктара Інстытута, членакарэспандэнта НАН Беларусі Аляксандра Лакоткі, кожны народ мусіць мець сваю вялікую энцыклапедыю, грунтоўныя выданні. А таму праца Барыса Лазукі чарговы раз засведчыла, што айчынныя даследчыкі маюць свой пункт гледжання на падзеі, у тым ліку гісторыю мастацтва.
Да таго ж, сімвалічна, што гэтыя кнігі выйшлі з друку напярэдадні 90-годдзя выдавецтва "Беларусь". Па словах выконваючай абавязкі дырэктара Валянціны Пінчук, сёлета плануецца выпусціць у свет і апошні, трэці, том "Гісторыі сусветнага мастацтва", які закранае адметнасці культуры ХХ-га і пачатку ХХІ стагоддзя.