Прагматычныя музеі

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

“Нагляднасць, якую не замяніць лекцыямі”

/i/content/pi/cult/317/5597/pic_20.jpgАдной з найбольш прагрэсіўных рэформ у Расійскай імперыі ў ХІХ ст. стала земская. Згодна з "Палажэннем аб губернскіх і павятовых земскіх установах" ад 1 студзеня 1864 г. земствы ўтвараліся з мэтай арганізацыі мясцовага самакіравання на двух узроўнях - губерні і павета. Разам з тым, адным з важных напрамкаў дзейнасці земскіх устаноў быў і сацыяльна-культурны: у губернях адкрываліся новыя школы, бальніцы, а таксама музеі. 

Аднак на працягу амаль 40 гадоў пасля абвяшчэння земскай рэформы расійскі царскі ўрад не адважваўся на яе правядзенне ў беларускіх губернях. Тлумачылася гэта канфесійным складам насельніцтва Беларусі, значная частка якога вызнавала каталіцтва і лічылася палітычна небяспечнай. Першая спроба часткова ажыццявіць земскую рэформу на Беларусі была здзейснена толькі ў 1903 г. у Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях.

Чым жа былі адметныя земскія ўстановы ў Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губернях?

Паводле архіўных матэрыялаў, значную ўвагу земствы надавалі адукацыі народа, ахове яго здароўя. Такім чынам, з'яўляліся пачатковыя школы, куды запрашаліся кваліфікаваныя настаўнікі, а вучні забяспечваліся неабходнымі падручнікамі. Да таго ж, земствы адкрывалі народныя бібліятэкі-чытальні, нядзельныя школы, вялі кніжны гандаль. Значныя поспехі былі дасягнуты ў справе арганізацыі лячэбных і дабрачынных устаноў, нават барацьбы з алкагалізмам.

Але надзвычай важным сродкам дасягнення сацыяльна-культурных мэт, пастаўленых земствамі, былі музеі. Настаўнікі, урачы, аграномы наладзілі шырокае музейнае будаўніцтва, якое тлумачылася іх арганічнай патрэбай у падобных установах як сродку павышэння агульнакультурнага ўзроўню насельніцтва. Земскія музеі ствараліся па распрацаваным плане, і як вынік - сабраныя калекцыі вылучаліся паслядоўнасцю і сістэматычнасцю. Свядома, згодна з аб'ектыўнымі патрабаваннямі, абіраўся іх профіль, праводзілася далейшая спецыялізацыя. Аднак галоўную ўвагу стваральнікі земскіх музеяў надавалі асветніцкай дзейнасці, імкнуліся весці працу з максімальна шырокай аўдыторыяй, перш за ўсё - вясковай. Усё гэта сведчыла аб рэалізацыі земствамі прагматычнай канцэпцыі музея, якая неаднойчы прапаноўвалася на працягу ХІХ ст. і мела на ўвазе яго ўдзел у сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці краіны.

У 1911 годзе структура "ўзорнага перасоўнага педагагічнага музея" была распрацавана быхаўскай павятовай управай. Адначасова з быхаўскім, камплектаваліся калекцыі перасоўнага музея наглядных дапаможнікаў у Лепелі. Багаты музей такога ж тыпу, які налічваў дваццаць аддзелаў, структураваных згодна з навучальнымі дысцыплінамі, мела магілёўская губернская ўправа. Педагагічны музей з культурна-гістарычным і этнаграфічным аддзеламі з лютага 1916 г. ствараўся магілёўскай павятовай земскай управай.

У студзені 1913 г. быў заснаваны земскі сельскагаспадарчы музей у Мінску. На думку яго стваральніка - губернскага агранома І.Я. Некляпаева, - музейныя экспазіцыі павінны былі дэманстраваць матэрыялы, якія б "...усебакова і поўна характарызавалі мясцовую сельскую гаспадарку". На працягу 1913 - пачатку 1914 гг. першыя паступленні ў музей выкарыстоўваліся на курсах, якія ладзіліся для сялян, настаўнікаў пачатковых школ. З восені ж 1914-га, пасля заняцця будынка музея ваенным ведамствам, работы па камплектаванні калекцый былі спынены.

Ствараліся нават дзіўныя на сённяшні дзень музеі. Варта згадаць, што ў студзені 1913 г. пасяджэнне віцебскага губернскага земства прыняло рэзалюцыю, згодна з якой галоўнай бліжэйшай задачай санітарнага аддзялення на чале з урачом І.А. Сушкевічам было стварэнне перасоўнага санітарна-гігіенічнага музея-выстаўкі. Аўтары рэзалюцыі бачылі ў музеі галоўны сродак папулярызацыі ведаў па санітарыі і гігіене, мяркуючы, што "нагляднасць, якую дапаўняюць нават кароткія тлумачэнні, не можа быць заменена доўгімі чытаннямі і лекцыямі". Сабраныя матэрыялы дазволілі ў перадваенныя месяцы вясны і лета 1914 г. правесці пробныя выстаўкі, на якіх знаёмілі з асновамі медыцынскіх ведаў, гігіены, барацьбы з інфекцыямі, прапагандавалі здаровы лад жыцця. У гады Першай сусветнай вайны земскія музеі Беларусі апынуліся ў складаных умовах. У прыватнасці, на тэрыторыі, занятай нямецкай арміяй, яны былі закрыты і часткова разрабаваны, а ў прыфрантавой паласе расійскае вайсковае камандаванне займала іх памяшканні пад шпіталі і вайсковыя склады.

Ды і далейшы лёс земскіх музеяў не зайздросны. Згодна з дэкрэтам, падпісаным Леніным у 1918 г., земствы былі скасаваны. Але і за той кароткі час сваёй дзейнасці яны ўнеслі важкі ўклад у развіццё мясцовай гаспадаркі, у павышэнне культуры грамадства, у ахову здароўя насельніцтва, у развіццё народнай адукацыі, а самае галоўнае - у развіццё грамадзянскай супольнасці на мясцовым узроўні.

Аляксандр ГУЖАЛОЎСКІ, доктар гістарычных навук

На здымках: земскі музей у Мінску.