Які попыт на трансфер па Карце Памяці?

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Уводзім у інтэрнэт-пошукавік слова “Хатынь”…

/i/content/pi/cult/316/5595/pic_17.jpgПрайшло 68 гадоў з таго дня, калі беларуская вёска Хатынь была спалена разам з жыхарамі. У нашы дні ў Дзяржаўным мемарыяльным комплексе "Хатынь" не парастае травой сцяжынка, якая вядзе шляхам Памяці аб дні жахлівых падзей. Пакланіцца ахвярам Вялікай Айчыннай вайны і зноў знайсці месца "Хатыні" на Карце Памяці сучасніка паспрабавалі карэспандэнты "К". Упэўнены, большасць з нас добра памятае са школьных гадоў экскурсіі ў мемарыял. Але і сёння, у час самых разнастайных турыстычных прапаноў, комплекс застаецца знакавым аб'ектам для нас, беларусаў, і гасцей краіны. Іншая справа - у якім стане сёння славуты аб'ект, наколькі ён даступны для наведвання, скажам, з транспартнага ды інфраструктурнага пункта гледжання, якая, урэшце, яго ўключанасць у маршруты тураператараў? На пачатку працы над артыкулам, прызнаемся, вырашылі наведаць Хатынь у Дзень Памяці ахвяр трагедыі вёскі якраз пры дапамозе аднаго з апошніх. Якраз адсюль і вынікае завязка артыкула...

 

Ці павярхоўная заўвага?

Уводзім у інтэрнэт-пошукавік слова "Хатынь" і глядзім прапановы. Сеціва выдае нам самыя розныя варыянты аднадзённых падарожжаў: "Хатынь - Курган Славы - Раўбічы", "Мінск - Хатынь- Мір- Нясвіж", "Дудуткі- Мінск - Хатынь - Курган Славы- Мір- Нясвіж"...

Пытаемся ў тураператараў наконт мэтанакіраванай паездкі па маршруце "Хатынь - Курган Славы". Так, чуем у адказ, прапанова падобная - ёсць, а вось попыт на яе - невысокі. Звязана гэта і са з'яўленнем новых турыстычных аб'ектаў: людзі хочуць пабачыць новыя мясціны. Ды і, маўляў, патэнцыйныя кліенты не дужа актыўна цікавяцца варыянтамі паездак да тых мясцін, наведанне якіх вымагае душэўнай працы.

- Попыт людзей скіраваўся да інтэрактыўных музеяў, комплексаў, устаноў,- апісвае перавагі сучаснага турыста адзін з аператараў фірмы, - дзе, з аднаго боку, можна дазнацца штосьці, а з іншага - адпачыць...

 Але, што да прапановы, мы пераканаліся: прапанаваныя на айчынным рынку размаітыя туры ўтрымліваюць у сабе "спектр эмоцый": ад лёгкіх (наведанне тых жа Дудутак) да такіх, якія патрабуюць магутных душэўных высілкаў (Хатынь).

- Нельга сказаць, што людзі сёння- іншыя, - каменціруе сітуацыю са свайго боку старшы навуковы супрацоўнік Мемарыяльнага комплексу "Хатынь" Ірына Напрэева. - Амаль усе, хто прыязджае да нас, сыходзяць узрушаныя: і дзеці, і дарослыя. Зусім нядаўна я праводзіла экскурсію для госця з Турцыі, маладога мужчыны, і ён - плакаў, хоць, здаецца, гісторыя нашага народа яму зусім не блізкая. Але асаблівасць Хатыні ў тым, што яе трагедыя кранае ўсіх, яна сімвалічна ўбірае ў сябе боль усіх забітых і закатаваных пад час вайны. Яна - адзін з найгалоўных помнікаў міру ў свеце...

Пазіцыя дырэктара ўстановы ў дачыненні да патрэб сучаснага турыста больш катэгарычная.

- Тое, што тураператары кажуць пра прагу сучасніка да забаў, мне здаецца павярхоўнай заўвагай. Замест таго, каб патэлефанаваць нам і прапанаваць супрацоўніцтва, яны выбіраюць уласны досвед. У выніку часам і экскурсіі, зладжаныя тураператарамі, скажам так, не адпавядаюць патрабаванням, і людзі з'язджаюць расчараванымі. З іншага боку,- падкрэсліў Артур Зельскі, - Хатынь - гэта, даруйце за параўнанне, зусім не Дыснейлэнд. Сюды трэба прыязджаць і маліцца ў цішыні, а не праходзіць па плошчы з пустымі вачыма...

Тым не менш, неабходнасць аднаўляць сцяжынку людской памяці пацвердзілі ўсе супрацоўнікі дзяржаўнай установы, з кім давялося пагутарыць.

- Ніхто не кажа пра тое, што праца ў гэтым кірунку не павінна актыўна весціся, - удакладняе дырэктар Мемарыяльнага комплексу. - У перспектыве мы плануем увесці ў аглядавую экскурсію новы аб'ект - старыя хатынскія могілкі. Што да змен у фотадакументальнай экспазіцыі, дык толькі летась завяршылі рэканструкцыю трэцяй залы, таму для нас сёння мэтазгодна больш сканцэнтравацца на экспазіцыйна-выставачнай працы...

Распавёў дырэктар і пра навуковую дзейнасць. Дзякуючы пошукавай працы з архіўнымі дакументамі ўдалося высветліць узрост Хатыні, прасачыць за храналогіяй яе існавання цягам некалькіх стагоддзяў. Таксама распачаліся маштабныя распрацоўкі па стварэнні электроннай базы даных спаленых беларускіх вёсак. Да таго ж, як "К" пісала ўжо, усё большы розгалас набывае і міжнародны праект, скіраваны на павышэнне статуса жыхароў спаленых беларускiх вёсак, якія выратаваліся. Па словах колішняга дырэктара комплексу, каардынатара праекта Наталлі Кірылавай, у выніку прадугледжваецца стварэнне своеасаблівага архіва сведчанняў і ўспамінаў жыхароў спаленых вёсак на сайце Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Памкненняў і напрацовак, як бачым, шмат, але ці дастаткова толькі навуковых высілкаў, каб сучасны наведвальнік пакінуў Хатынь у сваёй памяці як адзін з самых значных аб'ектаў гісторыі Радзімы?

 

Візуалізацыя як актуалізацыя

Як зазначыла старшы навуковы супрацоўнік Мемарыяльнага комплексу Ганна Папко, ёсць у працы з турыстамі, у першую чаргу - замежнымі, і пэўныя асаблівасці.

- Да нас неяк прыязджала група наведвальнікаў з Нарвегіі, - распавядае спецыяліст,- і мы паспрабавалі адразу павесці іх на адкрытую прастору, але гід спыніла: "Абавязкова спачатку пакажыце ім фотадакументальную экспазіцыю. Госці лягчэй успрымуць сам комплекс".

Гэты прыклад уздзеяння фотаздымкаў на нарвежскіх турыстаў пацвердзіў і наша меркаванне, што з'явілася пад час наведання ўстановы, - у патрэбе большай візуалізацыі гістарычных матэрыялаў. Выкарыстанне сучасных тэхналогій значна садзейнічала б, думаецца, знаёмству наведвальніка з трагічнай гісторыяй месца. Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра аўдыягіды, у якіх, нягледзячы на ўжо наяўныя магчымасці мемарыяла (комплекс сёння прапаноўвае экскурсіі на беларускай, рускай і англійскай мовах), можа мець запатрабаванасць госць з замежжа. Не пабаімся памыліцца, сказаўшы: гэтая паслуга асабліва карысталася б попытам у наведвальнікаў-індывідуалаў.

Другая прапанова, якая адначасова "сарвалася з вуснаў" журналістаў "К",- выкарыстанне вялікага плазменнага экрана. Скажам, ён мог быць размешчаны ў месцы, якое, з аднаго боку, з'яўлялася б часткай арэала ўстановы, з іншага - не ўступала б у відавочны канфлікт з галоўным ансамблем комплексу.

Цікава, што падобны элемент быў прадугледжаны ў праекце помніка.

- Глядзельная зала з кінаэкранам планавалася за Сцяной Смутку,- распавёў адзін са стваральнікаў мемарыяла, архітэктар Юрый Градаў. - Яна мусіла быць размешчана ўнутры ўзгорка. Аднак гэтую ідэю так і не ўдалося ажыццявіць...

Сёння ў фотадакументальнай экспазіцыі "Хатыні" працуе зала, дзе ў пералік магчымасцей уваходзіць і прагляд відэафільмаў, аднак, як засведчылі самі супрацоўнікі, яе памеры пакідаюць жадаць лепшага. А значыць, цясніцца ў невялічкім пакойчыку наўрад ці захочуць патэнцыйныя гледачы ваенных хронік.

Што да апошніх, то, нам падалося, не толькі гэты матэрыял, які і так не патрабуе дадатковых слоў, здолеў бы зацікавіць будучых наведвальнікаў. Дакументальны фармат кінапаказу на плазме, які злучыць і войны ХХ стагоддзя, і ваенныя канфлікты ХХІ-га, мог бы аказаць на гледача дадатковае ўздзеянне. Хатынь - гэта тое месца, што скіроўвае чалавечую душу праз боль і ачышчэнне да міласэрнасці і міру. Яно і сёння- яшчэ адна актуалізацыя каштоўнасцей гуманізму.

 

Слова архітэктара

Роздум над візуальным і сэнсавым "узбагачэннем" комплексу прывёў нас да іншых цікавых знаходак у гэтым рэчышчы. Юрый Градаў апавёў нам цікавыя прапановы стваральнікаў славутага помніка, якія з розных абставін так і не атрымалі свайго ўвасаблення. Адна з іх - запальваць на Дзень Памяці ахвяр Хатыні курыльную чашу: дым ад яе быў бы бачны здалёк і прыцягваў увагу людзей у гэты асаблівы для помніка час. Другая- "закрыццё" новымі пасадкамі пад'езда да мемарыяла. Пад'язджаючы на машыне, наведвальнікі адразу бачаць панараму комплексу, а гэта, на думку, архітэктара, не зусім правільна. Невялічкая паласа дрэўцаў здолела б зрабіць мемарыял больш камерным, закрыўшы яго на першым этапе знаёмства ад гасцей. Але, прамінуўшы прыродную заслону, наведвальнік атрымаў бы большае ўражанне ад сустрэчы з комплексам, паступова прачытваючы ўсе яго сімвалы.

Неаднаразова ўзнімалася пытанне, прызнаўся Юрый Градаў, і пра пабудову капліцы на тэрыторыі "Хатыні".

- На маю думку, Плошча Памяці, дзе шапацяць тры бярозкі, а на месцы чацвёртай - Вечны агонь, з'яўляецца своеасаблівым месцам для пакаяння і малітвы, - кажа архітэктар. - І ўводзіць дадатковы аб'ект у прадуманую кампазіцыю мне падаецца зусім не мэтазгоднай справай...

Ставячыся з павагай да пункта гледжання заслужанага майстра, мы не ўтрымаемся ад магчымасці выказаць сваё меркаванне на гэты конт. Невялічкая капліца ўсё ж магла б быць уведзена ў комплекс, аднак - у баку ад асноўнай кампазіцыі мемарыяла, якая сапраўды з'яўляецца агульным непарушным цэлым. На тым жа адрэзку да галоўнай трасы, у лясным асяродку, месца для маленькага храма, дзе хтосьці з наведвальнікаў мог бы звярнуцца да Бога, не праблематычна адшукаць.

 

Самае складанае

Нельга абмінуць і яшчэ адзін момант. Вядома, што самы складаны, але і неабходны элемент кожнага музея - інфраструктура. На выездзе на трасу нас чакала кафэ-рэстаран "Партызанскі бор". Рэстаран быў закрыты на спецабслугоўванне, а кафэ са свайго сціплага меню магло прапанаваць нам хіба што піцу-паўфабрыкат. Мы не чакалі вялікай разнастайнасці страў у прыдарожнай установе, але ж на пэўныя элементарныя прапановы для наведвальнікаў кафэ, якое месціцца побач з аб'ектам, можна было спадзявацца. Выкажам прапанову аб тым, што стварэнне побач з комплексам падворка са стылізаванай хатай і сялянскай кухняй, ніяк бы не панізіла статус аб'екта, а, наадварот, надало б дадатковае значэнне трагедыі знішчанай вёскі - спакойнага ціхага кутка Беларусі.

Зрэшты, засталося толькі змяніць якасць наяўнага сэрвісу: са знака "мінус" - на "плюс".

 

Пяць гадоў абнаўлення

Дык у якім жа стане сёння славуты аб'ект? Колькі лічбаў, фактаў і дэталей. У 2006-м "Хатынь" была перададзена на баланс упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама. Вобласць імкнецца зрабіць усё, каб утрымліваць Мемарыяльны комплекс на належным узроўні.

- За пяць няпоўных гадоў у комплекс разам з філіяламі было ўкладзена каля 5 мільярдаў беларускіх рублёў,- распавядае намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Эдуард Багдановіч. - У Хатыні ўпершыню за чатыры дзесяцігоддзі заменены інжынерныя камунікацыі. Былі адрэстаўраваны могілкі спаленых вёсак, Сцяна Смутку... Комплекс сёння з'яўляецца прасторай безбар'ернага асяроддзя; толькі летась усталявана шаснаццаць пандусаў. Былі прапановы з нямецкага боку дапамагчы ў гэтай справе, але мы вырашылі ўсё выканаць уласнымі сіламі. Гэта святыя аб'екты, і тут грошай мы не павінны шкадаваць, - такая прынцыповая пазіцыя старшыні нашага аблвыканкама Барыса Батуры...

Сёлета, як запэўніў Эдуард Багдановіч, завершацца работы і па сістэме водазабеспячэння Хатыні. Вядзецца замена падсветкі, якая ў перспектыве будзе з выкарыстаннем галагенавых лямпаў.

Сёння пры дзяржаўнай установе дзейнічаюць і два філіялы: Мемарыяльны комплекс "Дальва", што знаходзіцца за 30 кіламетраў ад Хатыні, і яшчэ адзін славуты помнік - Курган Славы.

- У 2009 былі адрамантаваны інжынерныя камунікацыі Кургана Славы,- удакладняе намеснік начальніка ўпраўлення культуры. - Значнае дасягненне на гэтым аб'екце - аўтаматычная сістэма паліву тэрыторыі. Да таго ж, на знакамітым сімвале яднання чатырох франтоў і партызан у баях за вызваленне Беларусі заменена светлавое абсталяванне. Але толькі гэтымі ўдасканаленнямі не абмяжуемся. Магчыма, давядзецца праводзіць капітальны рамонт. Пільнай увагі патрабуе той жа газон...

У Дальве, "сястры Хатыні", таксама запланавана рэканструкцыя.

- Не так даўно адрамантавалі скульптуру маці з дзіцем, - пералічвае Эдуард Багдановіч. - Была адноўлена і экспазіцыя мемарыяла...

Суразмоўца прызнаўся, што ўвагі гэтаму комплексу сапраўды доўгі час бракавала, але ўжо бліжэйшым часам усе неабходныя сродкі на яго рэстаўрацыю будуць выдаткаваны ў поўным аб'ёме.

 

Ізноў пра транспарт

Пацікавіліся ў супрацоўнікаў "Хатыні", якія праблемы патрабуюць, на іх погляд, першачарговага вырашэння.

- Транспарт! - хорам адказваюць спецыялісты. - На жаль, няма наладжанага злучэння ні з Мінскам, ні з Лагойскам. Ад таго губляем наведвальнікаў...

 І сапраўды, пытанне, як даехаць да вядомага комплексу, паўстала, нагадаем, на першым этапе падрыхтоўкі да паездкі і для карэспандэнтаў "К". Рэйсавыя аўтобусы не ходзяць да славутага мемарыяла. А маніторынг трансферных паслуг вывеў на нятанныя кошты на дарогу. Так, прапановы ёсць, але для таго, каб, да прыкладу, дабрацца ў Хатынь удваіх і вярнуцца назад, спатрэбіцца шэсцьдзясят тысяч. Адзначым, праўда, што кошт памяншаецца, калі ахвотных будзе больш.

Па меркаванні Эдуарда Багдановіча, транспарт - праблема, якая патрабуе вырашэння. Аднак, як засведчыў суразмоўца, пакуль набыццё асобнага аўтобуса для мемарыяла не апраўдана.

- Трэба ўсё абдумаць. Магчыма, больш правільна - пусціць некалькі спецыяльных рэйсавых аўтобусаў з Мінска і Лагойска, якія будуць курсіраваць па выхадных днях. Да таго ж, мы звязваемся з выканкамамі іншых абласцей, каардынуем стварэнне турыстычных маршрутаў...

Зрэшты, нягледзячы на складанасці з транспартам, у плане колькасці наведвальнікаў "Хатыні" скардзіцца не выпадае: толькі за мінулы год комплекс наведалі 180 тысяч чалавек з экскурсіяй. Не менш было індывідуальных наведвальнікаў, зазначаюць у аддзеле экскурсійнамасавай работы.

- Да нас прыязджаюць з усяго свету: летась госці былі прыкладна з 80 краін,- удакладняе загадчык профільнага аддзела Кацярына Зіброва.

Тым не менш, нельга сказаць, што цікавасць сучасніка да Мемарыяльнага комплексу - вялікая. Вядома, параўноўваць з савецкім часам, калі толькі ўдзень мемарыял перажываў паломніцтва ў 60 - 80 тысяч чалавек, - рэч не зусім карэктная: тое, як кажуць, была іншая па сваіх абшарах і колькасці насельніцтва краіна. Аднак тэзіс, што месца Хатыні на Карце Памяці патрабуе далейшага прасоўвання і карэктываў у гэтым сэнсе, наўрад ці падлягае сумневу.

- Так, мы шукаем метады, каб прыцягваць у комплекс як мага больш людзей, - зазначае Эдуард Багдановіч.- Падключылі сістэму адукацыі, заключылі дамовы з чатырнаццаццю турфірмамі...

Але ў цэлым, падкрэслівае суразмоўца, задача грамадства - стварыць матывацыю для наведвання комплексу, якая, у сваю чаргу, падштурхне людзей дабрацца ў Хатынь нават і ўласнымі намаганнямі.

 

Замест заканчэння

Завітаць у Дальву, якая нібыта знаходзіцца ў ценю сваёй "галаўной установы", вырашылі і мы.

Гэтая вёска - таксама з тых, якія спалены фашыстамі. Адбылося гэта 19 чэрвеня 1944 года - за некалькі дзён да прыходу Чырвонай Арміі. Калі пра Хатынь ведае ці не кожны жыхар нашай краіны ды вялікае мноства замежных гасцей Беларусі, то пра Дальву, на жаль, - зусім нямногія. Тым не менш, гэты комплекс не саступае Хатыні, у першую чаргу - сваёй эмацыйнасцю. Кожная дэталь - ад сімвалічнай дзіцячай цацкі, кнігі, скрыпкі, што ляжаць ля бетонных вянцоў зрубаў на месцы спаленых хат, да велічнага і, разам з тым, жалобнага помніка маці з сынам і шаснаццаціметровай Сцяны Памяці з імёнамі ўсіх ахвяр Дальвы - мае вялікі антываенны пасыл. 44 жыхары былі спалены тут, 29 з іх - дзеці...

Праглядаючы брашуру, што набылі ў "Хатыні", адзначаем для сябе: у будучым Дальва мусіць пабагацець на новыя аб'екты, што размесцяцца трохі наводдаль ад мемарыяла: тую ж аўтастаянку, адсутнасць якой нам адразу кінулася ў вочы, пляцоўкі для адпачынку, капліцу, крыніцу, калодзеж, нават арэлі... Усё гэта пераконвае ў адкрыцці новай старонкі гісторыі Мемарыяльнага комплексу.

Раптам да нашай адзінокай кампаніі ў Дальве далучаюцца новыя наведвальнікі: на стаянку заязджае машына з расійскімі нумарамі.

- Проста так заехалі: убачылі шыльду - і вырашылі паглядзець, - кажуць маладыя хлопцы з Расіі.

Гэтая раптоўная сустрэча прымусіла прыгадаць пра "геакэшынг" - крэатыўны праект, дзякуючы якому Дальва ўжо не з'яўляецца terrа incognitа для шматлікіх расійскіх турыстаў, ды не толькі для іх. Згодна з правіламі гэтага праекта, на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны па каардынатах трэба знайсці адказ на выкладзенае ў Інтэрнэце цікавае пытанне. У выніку сайт праекта ўяўляе з сябе вялікую базу даных гістарычных аб'ектаў з каментарыямі яго ўдзельнікаў. Дарэчы, свае прыхільныя водгукі пра Дальву на ім пакінулі некалькі дзясяткаў чалавек.

Гэты факт яшчэ раз пацвярджае тую тэзу, што ідэя шмат чаго вартая. І, нягледзячы на тое, што падарожжа па Лагойшчыне не прынесла нам гатовых адказаў, яно дало магчымасць паразважаць над тым, як зрабіць так, каб сцяжынкі нашай Памяці не зарасталі травой забыцця.

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ, Кастусь АНТАНОВІЧ,

нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск - Лагойскі раён - Мінск