Зазвіняць даспехі… на “Лініі Сталіна”

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

ІІІ Міжнародны рыцарскі фестываль “Беларусь сярэднявечная” пройдзе 15 — 16 верасня на цэнтральнай пляцоўцы гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна”. Пра гэта паведамілі на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 15 жніўня ў Рэспубліканскім цэнтры тэхнічнай творчасці навучэнцаў, Алесь Шавель і Антон Бойка — адпаведна дырэктар і камерцыйны дырэктар фестывалю, а таксама Аляксандр Мятла — старшыня дабрачыннага фонду “Памяць Афгана”, які выступае адным з заснавальнікаў гэтага свята.

 /i/content/pi/cult/126/559/Zazvinyac daspehi1.jpg
Сёлетні фестываль “Беларусь сярэднявечная” абяцае стаць шырокамаштабнай падзеяй. Заяўкі на ўдзел у ім падалі 30 рыцарскіх клубаў з розных гарадоў Беларусі, у тым ліку добра вядомыя “Ордэн Паўночнага Храма”, “Унія “Меч і Крумкач”, “Рыцарскі род Снежнага барса”. Збіраюцца прыбыць на рысталішча і іх калегі па захапленні медыявістыкай з Расіі, Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі, Чэхіі…
А.Шавель (а ён таксама кіруе клубам “Рыцарскі род Снежнага барса”) пазнаёміў журналістаў з праграмай фестывалю. Апоўдні 15 верасня, раней за ўсіх, распачне сваю дзейнасць выстаўка-кірмаш “Горад майстроў”.
Падчас урачыстага адкрыцця свята выступяць танцавальныя і музычныя калектывы ў стылі “медыяваль”. Паводле канонаў ХІІІ стагоддзя будзе праводзіцца турнір, дзе будуць змагацца самыя ваяўнічыя і куртуазныя рыцары. Пераможца атрымае права абраць сярод дам каралеву прыгажосці.
Асабліва відовішчным заўсёды бываюць бугурты — групавыя рыцарскія баі. Гэтым разам “арміі” супернікаў будуць спаборнічаць у захопе сцяга, паланенні караля і ў палявой сутычцы. Завершыцца першы фестывальны дзень вогненным шоу.
На другі дзень, у нядзелю, пакажуць сваю трапнасць лучнікі і арбалетчыкі. Лепшы стралок будзе ўганараваны “Залатой стралой”. А потым пачнецца, мабыць, самы захапляльны турнір для цяжкаўзброеных ваяроў, закаваных у даспехі з галавы да пят, з метровымі шчытамі ў дыяметры. Перамога тут вартая галоўнага прыза фестывалю — “Залатой кароны”.
Нарэшце, кульмінацыяй свята, па традыцыі, стане штурм сярэднявечнага замка. У гэтай інсцэніроўцы знойдуць адлюстраванне гераічныя старонкі змагання беларусаў з агрэсарам — Тэўтонскім Ордэнам.
 /i/content/pi/cult/126/559/Zazvinyac daspehi2.jpg

На думку А.Мятлы, гэта наглядна паказвае гістарычную пераемнасць патрыятызму і воінскага гераізму нашага народа. Праз шмат вякоў пасля бітваў з крыжакамі абаронцы “Лініі Сталіна” стаялі насмерць супраць фашысцкіх захопнікаў, якія называлі сябе спадкаемцамі тэўтонцаў.
— Мы ўжо правялі на “Лініі Сталіна” некалькі мерапрыемстваў з удзелам рыцараў, і нам спадабалася з імі супрацоўнічаць, — сказаў Аляксандр Міхайлавіч. — Святы сярэднявечнай культуры заахвочваюць моладзь вывучаць гісторыю сваёй краіны, ствараюць станоўчы імідж воінскай службы.
Пляцоўка для тэатралізаваных дзей і адладжаная інфраструктура комплексу дазваляюць нам праводзіць шырокамаштабныя батальныя рэканструкцыі і годна прымаць вялікую колькасць гасцей — як сваіх, так і замежных.
Пэўна, нікому не давядзецца сумаваць, хто трапіць у “Беларусь сярэднявечную”. Падзеі, адна цікавей за другую, будуць чаргавацца без перапынку. Акрамя таго, для асабліва актыўных гледачоў прадугледжаны майстар-класы па сярэднявечных танцах, катанне на конях, стральба па мішэнях з лукаў і арбалетаў, пацешныя двубоі.

Святлана ІШЧАНКА