Надчасавы сюжэт вясны

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Спрэчкі аб тым, ці існуе яно, жаночае мастацтва, мабыць, лепш за ўсё весці на чыста жаночай выстаўцы карцін розных жанраў і стыляў. Менавіта такая магчымасць ёсць цяпер у наведвальнікаў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава.

/i/content/pi/cult/317/5589/11-5.jpg

Тут на свой вясновы вернісаж прадставілі творы 14 гомельскіх мастачак. І вясна ў дзвюх экспазіцыйных залах аказалася нават больш пераканаўчай, больш пяшчотна-сонечнай, чым за вокнамі гэтай галерэі. Ды наогул, у рэшце рэшт, што такое жаноцкасць мастацтва? Калі яно такое, якім бачым яго ў гэтых творах, то і мужчынскай частцы творцаў ёсць чаму пазайздросціць.

Акварэліст Святлана Курашова, часам здаецца, піша нават не фарбамі, а самім святлом. Прынамсі, яно застаецца на ейных нацюрмортах. У адным з твораў, які так і называецца: "Асенняе святло", яно зыходзіць ужо не толькі ад кветак, але нават і ад збанка, у якім яны стаяць. Шматколернасць з цнатлівымі пералівамі яна знаходзіць і ў "Чырвоных кветках". Светла-ружовую пяшчоту нельга не адчуць у яе "Шыпшыне". Зрэшты, для самой Святланы Львоўны межы чыстай акварэлі апошнім часам робяцца цеснымі. Яна шукае магчымасці пашырыць іх з дапамогай змяшанай тэхнікі і чымсьці яшчэ, што пакуль з'яўляецца яе творчым сакрэтам. Але менавіта яго ўвасабленне мы бачым у жанравай рабоце "Яблычны сок". Мастачка дасягае нейкай дымчатай - так і хочацца сказаць: аксамітавай - каларытнасці.

Ларыса Зуева дэманструе светлагорцам свае цудоўныя маляўнічыя габелены. І калі "Макі" ды "Дзьмухаўцы" глядзяцца больш чым рэалістычна, то "Кампазіцыя" дазваляе гледачам самім ствараць яе, што называецца, на ўласны густ. Фрагментарнасць - казачная.

Уражвае і прасторавы габелен Ірыны Данілавай "Бурштынавы бераг". Адчуванне ўзнёсласці хваль, якія выкідваюць на бераг бліскучыя бурштынкі, мастачка здолела перадаць з усёй пераканаўчасцю. Зусім інакш, з філасофскім падтэкстам, які тоіцца ў мазаічнай дэталізацыі, успрымаюцца габелены Таццяны Отчык "Недапісаная гісторыя", "Усё жыццё - гульня", "Радасць працы".

Гомельскія мастачкі таленавіта працуюць таксама і ў графіцы (Галіна Масееўская, "Прадчуванне"), у кераміцы (Тамара Дзмітрыева, "Пейзаж-рыба", трыпціх "Чарапаха і тры анёлы"). Што ж да жывапісу алеем, дык адметных стваральнікаў веснавога настрою ў дзвюхзальнай экспазіцыі нямала. Па-сапраўднаму моцна перадае духоўнае зліццё дзяўчынкі з красавіцкай бярозавай прасторай Святлана Наздрын-Платніцкая ("Вясна-падлетак, якая заплятае зялёную касу"). Прываблівае ўвагу і яе партрэтны твор "Цалаванне праведных".

Зрэшты, і жывапісцы прасякнуты той жаноцкасцю, якая не ўмее або не жадае хаваць пачуцці. "Ружы" і "Хрызантэмы" Алы Клеўжыц напісаны без залішняй дэталізацыі, нібыта адным узмахам пэндзля. А вось ейныя ж "Сланечнікі" прымушаюць зноў і зноў прыгадваць Ван Гога: ёсць нешта і ў іх ад падсвядомасці, якая застаецца за межамі рэальнага бачання. Па-свойму незалежна глядзяцца кветкавыя нацюрморты Кацярыны Бушынскай. Таццяна Барысава па-добраму здзівіла карцінай "28 матылькоў", дзе на фоне казачнага чараўніка гэтыя матылькі нібыта ажываюць перад нашым позіркам, надаючы твору таксама жывую зменлівасць.

Анжаліка Шабалтас - надзвычай псіхалагічная мастачка. Гэта адчуваецца нават у назвах яе твораў: "Лялька. Успаміны лета", "Сон. Прагулка" і "Настрой". Яна сапраўды ўмее навеяць фарбамі вобразы далёкага мінулага, якія праз смугу часу становяцца бачнымі наяве. Такія ж пачуцці ўласцівыя надчасавым сюжэтам Любові Сцяпанавай ("Учарашняе лета", "У лабірынтах памяці", "Званок з мінулага"). Значна ўзбагачае геаграфічную прастору экспазіцыі Валянціна Дземянчук "Вулачкай Гурзуфа", "Бухтай Чэхава"...

 Выстаўка называецца "Подых вясны". Але нават захоўваючы адчуванне веснавой прасветленасці і цеплыні, яна тэматычна і жанрава пашырае межы гэтай назвы. А яшчэ пераканаўча сцвярджае, што на Гомельшчыне па-сапраўднаму таленавіта працуюць мастачкі, якімі можа ганарыцца Беларусь.

 Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

Светлагорск