Звонкі палёт сардэчнай тэмы

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Роберт Ландарскі: “Пейзаж, якога патрабуе мая душа…”

/i/content/pi/cult/317/5587/11-4.jpg

У гомельскім Палацы Румянцавых-Паскевічаў усімі колерамі вясёлкі прымае гледача выстаўка жывапісу заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, таленавітага пейзажыста Роберта Ландарскага. Экспазіцыя, якой ён адзначыў сваё 75-годдзе, - цудоўны падарунак не толькі для з е м л я к о ў г а мяльчан, а для ўсіх тых, хто прыязджае ў Культурную сталіцу Беларусі і СНД-2011.

Менавіта гэты край з яго чароўнай прыродай, лясамі і раўнінамі, палямі і люстэрскамі азёр, жывапіснымі Сожам і Прыпяццю, з палескімі дубровамі і вёскамі з добрымі людзьмі стаў для мастака на ўсё жыццё галоўнай сардэчнай тэмай.

Адна з апошніх работ Ландарскага- трыпціх "Пяю табе, вёсачка мая!" - як бы падводзіць своеасаблівы вынік пэўнага творчага перыяду, у якім настальгічныя ноткі па паступова знікаючым патрыярхальным жыцці беларускай вёскі плаўна перацякаюць у магутнае ўмацаванне простага чалавечага шчасця на нашай зямлі.

У Роберта Ландарскага ёсць усё: і "чыстыя" фігуратыўныя карціны, і нацюрморты, і маса натурных эцюдаў, выкананых алеем на пленэрах, і чароўныя звонкія акварэлі, і малюнкі. Але ўласна пейзаж у творчасці мастака, канешне, займае лідзіруючае месца, хаця і ў гэты жанр ён часта арганічна ўводзіць фігуры людзей, жывёл і птушак ("Пара сенажаці на Палессі", "Вясновая сяўба", "Палёт жаўрука", "Вясеннія клопаты хлебаробаў"). Ды менавіта ў жанры "карціннага пейзажа" з найбольш лірычнай самааддачай творца дасягае злучэння пранізлівай спавядальнасці з аб'ектыўнай сутнасцю вобразаў прыроды.

 "Калі я пішу пейзаж, - казаў мне мастак, - нярэдка дадаю, павялічваю або памяншаю асобныя яго дэталі, але тое не выпраўленне "памылак прыроды" - гэта проста патрэбна мне для ўмацавання майго творчага ўспрымання. Таго патрабуе мая думка, маё - не свавольнае! - успрыманне свету..."

 І сапраўды, Ландарскі ставіцца да натуры, як скульптар да неапрацаванай камлыгі мармуру: ён скарыстоўвае яе ў якасці першаснага "матэрыялу" кампазіцый. Кожны элемент яго пейзажаў мае свой рэальны прататып. Але, па-першае, усім дэталям творца надае закончаную форму, якая вызвалена ад выпадковага, расплывістага, і атрымлівае ў кожным выпадку свой "вобраз", сваё набліжэнне да мастакоўскай задумкі. Па-другое, усе дэталі аб'яднаны і складаюць арганічнае цэлае - не толькі ў сэнсе пластычнай выверанасці аб'ёмных і прасторавых узаемаадносін, але і як "свой свет" мастака, як закончанае стылявое цэлае.

Роберт Ландарскі любіць кантрасныя спалучэнні вялікіх дэкаратыўных мас - зялёных, вохрыстых, карычневых, ліловых, жоўта-аранжавых тонаў, дзе асяроддзем, якое аб'яднае формы і колеры, з'яўляецца сонечнае святло рознай інтэнсіўнасці і рознага настрою. І таму рытмы зялёных дрэў, блакітных азёр, рачулак, пагоркаў, небасхілаў з мяккай смугой аблокаў так прыцягваюць гледача.

У большасці карцін Ландарскага пануе інтанацыя сканцэнтраванай развагі, праніклівага сузірання штодзённасці. Дыяпазон адценняў спакойнай, задумлівай лірыкі даволі шырокі, але гэтая яе галоўная інтанацыя не змяняецца, што творца ні адлюстроўваў бы, - у кожным пейзажы закладзена грунтоўная разнастайнасць мастакоўскіх адчуванняў і роздумаў. Але яны не крычаць, не рвуцца на авансцэну, і ў поўнай меры раскрываюцца для тых гледачоў, якія здольныя засяродзіцца і паглыбіцца ў гэты надзіва маўклівы свет жывапісу.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"