Каб інвестыцыйны “мяч” патрапіў у “сетку” кінематографа

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Адкрытыя для супрацоўніцтва: беларускія праекты ў пошуках надзейных партнёраў

/i/content/pi/cult/317/5585/7-1.jpg

У мінулым нумары "К" паведамляла пра сустрэчу кіраўніцтва сферы культуры краіны з шэрагам беларускіх і расійскіх кінапрадзюсараў. Прадстаўнічая дэлегацыя, у склад якой уваходзілі самыя ўплывовыя на сёння прадстаўнікі кінабізнесу суседняй дзяржавы, была азнаёмлена з магчымасцямі нашай кінаіндустрыі і ўмовамі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з беларускім бокам. Гэтая падзея стала адной са знакавых у айчынным кіно за апошні час, таму "К" вырашыла падрабязней разгледзець перспектывы, якія з яе вынікаюць.

Што на першым месцы?

Наша краіна ў свеце кіно, прынамсі, ужо колькі гадоў далёка не terra incognita. Яшчэ ў сярэдзіне 1990-х некалькі стужак на "Беларусьфільме" зняў вядомы галівудскі прадзюсар і рэжысёр Менахем Голан, а Дзмітрыя Астрахана можна лічыць ці не "сталым жыхаром" нашай краіны...

 Пра тое, што на базе Нацыянальнай кінастудыі зняты шматлікія расійскія фільмы і серыялы, лішні раз казаць не трэба, а мінулым летам паслугамі "Беларусьфільма" хацелі скарыстацца прадзюсары карціны з галівудскай "зоркай" у галоўнай ролі. Былі і іншыя зацікаўленыя ў супрацоўніцтве замежныя партнёры. Сума сродкаў, якая штогадова асвойваецца ў нашай краіне аднымі толькі расіянамі, вымяраецца дзясяткамі мільёнаў долараў. Гэта яшчэ адно сведчанне перспектыўнасці рэспублікі як пляцоўкі для кінавытворчасці. Што ж замінае працаваць у гэтым кірунку больш эфектыўна?

Нягледзячы на асобныя факты паспяховага супрацоўніцтва з іншаземнымі калегамі, беларускае кіно цягам апошніх гадоў не прадстаўлена на сур'ёзным міжнародным узроўні. Гэта тычыцца як адсутнасці нашых стужак на буйных кінафорумах, так і капрадукцыі з кампаніямі вядучых кінакраін у гэтай галіне. Сусветная кінасістэма вылучаецца ўсё большай глабалізацыяй, фільмы, у цітрах якіх - чатыры-пяць краінудзельніц, сёння ўжо не рэдкасць. Відавочна, замежныя прадзюсары маглі б часцей наведваць нашу краіну, прынамсі, размешчана яна вельмі зручна з геапалітычнага пункта гледжання і можа стаць базай шэрагу цікавых сумесных кінапраектаў.

Сустрэча 31 сакавіка якраз была накіравана на інфармаванне патэнцыйных партнёраў.

- Гэта была шчырая і карысная размова. Вынікі яе беларускі бок расцэньвае як станоўчыя, - кажа дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Алег Сільвановіч. - Мы заявілі аб сваім жаданні супрацоўніцтва і падмацавалі яго канкрэтнай інфармацыяй аб тых умовах дзяржаўна-прыватнага партнёрства, якія ствараюцца ў выніку прыняцця адпаведных нарматыўна-прававых актаў. Беларускі бок змог даведацца, якія моманты ў супрацоўніцтве патрабуюць асаблівай увагі, чаго чакаюць ад сваіх патэнцыйных партнёраў замежныя кінематаграфісты. Нашы ж маскоўскія госці і іх беларускія калегі-прадзюсары мелі магчымасць ацаніць сітуацыю ў нашым кіно, атрымаць інфармацыю з першых вуснаў, а таксама задаць найбольш вострыя пытанні кіраўніцтву сферы культуры краіны...

 Курс на такое партнёрства - адзін з асноўных вектараў развіцця айчыннай кінематаграфіі, упэўнены ў Дэпартаменце па кінематаграфіі. У выніку ўнясення змяненняў і дапаўненняў у заканадаўства прыватныя кінапрадзюсары атрымаюць магчымасць практычна ўпершыню ў нашай краіне аб'ядноўваць плыні прыватнага капіталу з дзяржаўнымі інвестыцыямі, што стане прынцыповым новаўвядзеннем. Яшчэ адной важнай навіной і несумненным плюсам для тых, хто збіраецца працаваць у кіно на Беларусі, павінны стаць падатковыя льготы і дзяржаўныя гарантыі па вяртанні ўкладзеных у кінавытворчасць "прадзюсарскіх рызык" пры ўмове вялікай глядацкай запатрабаванасці стужкі. Такая падтрымка з боку дзяржавы вельмі добра паказала сябе ў еўрапейскіх краінах кшталту Чэхіі і Венгрыі, якія ў апошнія гады сталі сапраўднай Мекай нават для заакіянскіх прадзюсараў. І нават расіяне нярэдка аддаюць перавагу той жа знакамітай пражскай студыі "Барандаў", бо вытворчасць на ёй часцяком аказваецца эканамічна больш мэтазгоднай, чым на "Мосфильме". І не ў апошнюю чаргу - дзякуючы прэферэнцыям і падатковым ільготам.

 - Эканамічны бок праблемы развіцця кінавытворчасці - вельмі істотны, таму яму надаецца такая ўвага, - падкрэслівае Алег Сільвановіч. - Возьмем тыя самыя льготныя крэдыты. Раздаваць іх налева і направа, зразумела, сэнсу не мае. Але падтрымка годных кінапраектаў у найбольш адказныя моманты папросту неабходная, напрыклад, калі першапачатковы бюджэт стужкі вычарпаны, а для заканчэння работы застаецца зрабіць зусім няшмат. У гэтым выпадку льготны крэдыт можа зрабіць карысную справу.

 Яшчэ адным перспектыўным кірункам супрацоўніцтва з расійскімі кінематаграфістамі ў Дэпартаменце па кінематаграфіі лічаць продаж паслуг Нацыянальнай кінастудыі. Менавіта дзякуючы гэтай форме дзейнасці "Беларусьфільму" ўдалося перажыць цяжкія гады "малакарціння" 90-х, а беларускім кінематаграфістам - не страціць сваю кваліфікацыю. Пасля рэканструкцыі, якая ў цэлым павінна скончыцца да 31 снежня 2012 года, Нацыянальная кінастудыя павінна стаць куды больш прывабнай для працы кінематаграфістаў - як сваіх, так і чужых.

Хто "заказвае музыку"?

Пра тое, што прапановы беларусаў зацікавілі расіян, сведчыць хаця б той факт, што вельмі занятыя расійскія прадзюсары знайшлі "акно" ў сваіх насычаных графіках. Інакш быць не можа: у жорсткіх умовах рыначнай эканомікі, у якіх існуе свет кінабізнесу, любы намёк на дадатковыя фінансавыя магчымасці ўспрымаецца з вялікай надзеяй. Але размовы аб тым, каб здымаць расійскае кіно на беларускія грошы, не ідзе: як было падкрэслена на сустрэчы міністрам культуры нашай краіны Паўлам Латушкам, кіно, якое фінансуецца дзяржаўнымі сродкамі, павінна працаваць на свядомасць народа, культуру і ідэалогію дзяржавы. Будучыя нацыянальныя праекты, якія могуць прэтэндаваць на стопрацэнтнае фінансаванне з боку дзяржавы, павінны мець адпаведную тэматыку, падтрымліваць нацыянальныя каштоўнасці, узнімаць пытанні айчыннай гісторыі і сучаснасці. Калі справа ідзе аб частковым фінансаванні, патрабаванне з боку дзяржавы тое ж самае: бюджэтныя сродкі павінны ісці на прапаганду нацыянальнай культуры і агульначалавечых каштоўнасцей. Да таго ж, на праекце, які часткова будзе фінансавацца з беларускага бюджэту, у прапарцыянальнай меры павінны працаваць айчынныя спецыялісты і нашы ж акцёры.

Што да астатняга, то "мяч", як кажуць, - "на баку" патэнцыйных партнёраў: на Беларусі з нецярплівасцю чакаюць іх праектаў. Бо менавіта фінансаванне праектаў, а не канкрэтных арганізацый сёння ў прыярытэце ў Дэпартаменце па кінематаграфіі.

Да слова, расійскія ўдзельнікі сустрэчы актыўна скарысталіся магчымасцю задаць пытанні кіраўніцтву сферы культуры нашай краіны. У першую чаргу іх хвалявалі эканамічныя і юрыдычныя нюансы патэнцыйнага супрацоўніцтва, а таксама канкрэтныя параметры працы "Беларусьфільма" і айчынных кінаспецыялістаў. Галоўны нюанс - у конкурсе кінапраектаў змогуць прыняць удзел толькі кампаніі-рэзідэнты нашай краіны, а гэта значыць, іншаземным прадзюсарам давядзецца альбо шукаць партнёраў у Беларусі і ствараць з імі сумесныя прадпрыемствы, альбо рэгістраваць на тэрыторыі краіны філіялы сваіх кампаній. У любым выпадку, сродкі айчынных падаткаплацельшчыкаў, укладзеныя ў сумесныя праекты, будуць знаходзіцца пад пільным кантролем з боку дзяржавы.

 Выйсці на агульны кінарынак

Удзельнік сустрэчы з беларускага боку - кіраўнік адной з айчынных прыватных прадзюсарскіх кампаній, што паспяхова працуе як на нашым, так і на расійскім тэлевізійным рынку, Аляксандр Мышалаў вельмі станоўча ацэньвае вынікі сустрэчы:

- Лічу, што з боку кіраўніцтва Міністэрства культуры і Дэпартамента па кінематаграфіі было зроблена ўсё магчымае, каб прыцягнуць увагу да Беларусі як да сучаснай кінематаграфічнай дзяржавы, - выказаў ён сваё меркаванне карэспандэнту "К". - Годна выглядаюць і тыя захады па зменах у заканадаўства, якія ініцыяваны. Але трэба разумець, што асноўная праблема беларускай кінавытворчасці - не ў заканадаўстве ці фінансаванні, а ў ізаляванасці ад глабальнага кінарынку. Калі будзем арыентавацца на кінапрадукт сусветнага ўзроўню, многія "хваробы" айчыннага кіно сыдуць у нябыт, - упэўнены прадзюсар, чые дакументальныя серыялы вядомыя гледачам не толькі нашых тэлеканалаў. Сапраўды, пэўныя айчынныя ігравыя і дакументальныя фільмы выглядаюць так, быццам іх аўтары не задумваюцца аб тым, для каго яны здымаюць... Між тым, ісці ад гледача да вытворцы, а не наадварот, - сусветная практыка. Нездарма лепшыя беларускія кінаспецыялісты з задавальненнем працуюць на замежных праектах не толькі таму, што ім прапануюць больш важкія ганарары, але і таму, што маюць шанц атрымаць карысны досвед і перспектывы. У выніку шмат хто з іх за апошнія пятнаццаць гадоў з'ехаў за мяжу. Задача - не толькі вярнуць тых, хто цяпер працуе ў тых жа Маскве і Кіеве, але і "ўзгадаваць" годную змену, зацікаўленую ў працы на Радзіме.

Ствараючы спрыяльныя ўмовы для прыватнага кінакапіталу, трэба разлічваць на тыя перавагі, якія мае Беларусь перад іншымі краінамі. Адна з іх - выгаднае геапалітычнае становішча і ніжэйшыя, у параўнанні з маскоўскімі, цэны. Аднак ёсць і пэўны мінус - адносна "бедная" натура: няма ні гор, ні мора, якія заўсёды запатрабаваны для здымак. Як паведаміў на сустрэчы старшыня Праўлення Асацыяцыі кінатэлепрадзюсараў Расіі Сяргей Сяльянаў, толькі каля 20% яго перспектыўных праектаў па геаграфічных умовах падыходзяць для здымак на Беларусі. Так, свайго "Крыма" ў нас няма, а гэта значыць, што прывабліваць патэнцыйных кліентаў трэба нечым іншым.

Тут зноў можна звярнуцца да станоўчага замежнага вопыту. Чэшскія заканадаўцы, напрыклад, стварылі сур'ёзныя падатковыя льготы для аніматараў, і цяпер Прага з'яўляецца адным з сусветных цэнтраў гэтага віду мастацтва. Як тут не ўзгадаць нашых выдатных аніматараў, для працы якіх, да слова, не трэба экзатычнай натуры і вялізных павільёнаў з каштоўнай апаратурай. Дарэчы, анімацыя - самы запатрабаваны прадукт на сучасным кінарынку. Як і камп'ютарныя спецэфекты, сучаснае абсталяванне і адмысловыя павільёны для вытворчасці якіх могуць стаць "разыначкай" адноўленага "Беларусьфільма" і прыцягнуць увагу кінематаграфістаў не толькі з краін былога СССР.

А пра тое, што цікавасць да нашай краіны ў плане сумеснай кінавытворчасці існуе, яскрава сведчаць водгукі на перамовы, якія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь вядзе з вядучымі кінематаграфістамі свету, у тым ліку з такімі карыфеямі сусветнага кінамастацтва, як Эмір Кустурыца і Кшыштаф Занусі. Спадзяёмся, пасля таго, як змены ў заканадаўстве пачнуць працаваць, да вышэйназваных мэтраў далучацца і тыя, хто вырашае, якім будзе кіно ў ХХІ стагоддзі.