Не даць брэнду рассыпацца ў друз

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Як правесці турыстызацыю: адметнасці азёрнага краю замест “раяля ў кустах”

/i/content/pi/cult/317/5582/4-1.jpg

 Пад час нядаўняй рабочай нарады, праведзенай Міністэрствам культуры і Міністэрствам спорту і турызму, прадстаўнікі турагенцтваў ужо не ўпершыню наракалі на брак маршрутаў і адметнасцей, якія рэальна можна прапанаваць турыстам. Бо тыя, маўляў, кожны раз патрабуюць нечага новенькага, і часам даводзіцца, што называецца, шукаць раяль у кустах. Але ўзнікае пытанне: ці не лепш замест гэтага насычаць ужо існыя турмашруты новымі (і цалкам рэальнымі) аб'ектамі паказу, знаходзячы іх літаральна па дарозе? Гэтым вырашыў пацікацца незадоўга да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін.

 Аўтобусы з экскурсантамі нярэдка выпраўляюцца ў бок Полацка, які небеспадстаўна пазіцыянуе сябе як сур'ёзны турцэнтр. З Мінска ў "калыску дзяржаўнасці" ёсць два маршруты: або па прамой трасе, або цераз Глыбокае і Мосар. І ў абодвух выпадках турыстам было б зручна завітаць па дарозе і на Ушаччыну. Балазе там ёсць цэлая гронка адметнасцей, якія месцяцца блізенька адна ля адной.

Але пакуль што аўтобусы праязджаюць зусім побач з імі, толькі - не спыняючыся.

Чыста, дагледжана, але... пуставата

 Калісьці праз Ушаччыну - месца подзвігу беларускіх партызанаў - ужо праходзіў вялікі турыстычны маршрут, прычым усесаюзнага значэння. Першае сведчанне сур'ёзнасці гэтага статуса сустракаеш ужо ля павароту ў райцэнтр з полацкай трасы. Указальнік, які скіроўвае турыстаў да мемарыяла "Прарыў", выкананы ў тым жа манументальным ключы, што і сам комплекс. Не заўважыць яго папросту немагчыма. Адпаведна, у тыя часы не абы-як дбалі пра інфармацыйнае забеспячэнне маршрутаў, і сучаснікам ёсць чаму павучыцца.

Той усесаюзны маршрут спыніў сваё існаванне разам з самім СССР- гэта значыць, два дзесяцігоддзі таму. Скіроўваючыся да мемарыяла, задаешся пытаннем: што ж сталася за гэты час з аб'ектамі паказу, якія ствараліся зусім не з "мясцовым" размахам? Ці "пацягнуў" іх утрыманне Ушацкі раён?

Як выявілася, перасцярогі - марныя. Выбітны ўзор беларускага манументальнага мастацтва, чые вартасці ані не састарэлі пасля змены эпох, захоўваецца ў чысціні і парадку. І гэта прытым, што месціцца ён, лічы, пасярод чыстага поля, а дзень майго наведання быў далёкі ад усіх памятных дат ды іншых "адмысловых нагод" для дзяжурнага добраўпарадкавання.

Не зведаў заняпаду і Музей народнай славы - вялікі будынак у цэнтры пяцітысячнага мястэчка Ушачы, які змяшчае не толькі манументальныя роспісы Уладзіміра Крываблоцкага ды іншыя творы мастакоў паваенных пакаленняў, але і арыгінальныя карціны з унікальнай нават па сусветных мерках партызанскай галерэі.

Адзіная праблема - турысты. Са слоў дырэктара музея Наталлі Бугай вынікае, што сёння асноўная іх катэгорыя - гэта школьнікі з Ушаччыны ды прылеглых раёнаў. Дакладна такая самая карціна назіраецца і ў філіяле музея - хаце Васіля Быкава: чыста, дагледжана, але... пуставата.

Выправіць сітуацыю можа толькі інкарпараванасць гэтых аб'ектаў у новы папулярны маршрут - не лакальнага і нават не рэгіянальнага характару. Тым больш, адметнасці савецкіх часоў дапаўняюцца даўнейшымі гісторыка-культурнымі помнікамі.

З прабоінай у даху

У самай сярэдзіне дзесяцікіламетровага адрэзку, які аддзяляе Ушачы ад трасы "Мінск - Полацк", падарожнік прамінае аграгарадок "Арэхаўна". Дамкі і крамы, што зіхацяць свежай фарбай, выразна кантрастуюць з шэрым аблезлым будынкам, які займае цэнтральнае месца на аграгарадоцкай плошчы і таму хоцькі-няхоцькі прыцягвае да сябе ўвагу.

 Колішні палац Грабоўскіх, якому ўласцівае нязвыклае для такіх пабудоў асіметрычнае архітэктурнае вырашэнне, праслужыў тутэйшым жыхарам ажно да 1998 года: пакуль яго тэхнічны стан не запатрабаваў неадкладнага рамонту, там месцілася школа. А вось далейшы лёс помніка спадчыны 1-й паловы ХІХ стагоддзя, што называецца, завіснуў у паветры.

Казаць пра тое, што мясцовыя ўлады кінулі помнік спадчыны на волю лёсу, ніяк не выпадае. Вокны палаца і пагэтуль наглуха пазабіваныя дошкамі, прычым гэтая эфектыўная мера кансервацыі падмацавана яшчэ адной: увядзеннем пасады вартаўніка, які замацаваны канкрэтна за гэтым аб'ектам.

- Цягам пэўнага часу мы спрабавалі арганізаваць ахову палаца на грамадскіх пачатках, - распавядае намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Вольга Карчэўская. - Але хутка пераканаліся ў тым, што куды эфектыўней даручыць гэтую справу канкрэтнаму чалавеку, які атрымлівае заробак і нясе персанальную адказнасць.

Натуральна, такія захады (а яны, як ні дзіўна, яшчэ не сталі агульнай практыкай у маштабах краіны) вартыя паўсюднага пераймання. Ды, на вялікі жаль, руплівасць мясцовых улад не здолела ўратаваць будынак ад сапраўднай бяды: адносна нядаўна ў яго даху з'явілася прабоіна, якая мае заканамерную схільнасць павялічвацца ў памерах. А ля фасада літаральна за апошнюю зіму назбіралася ладная купка друзу побач з шыкоўным каваным балконам, які захаваўся яшчэ з "панскіх" часоў.

 Адпаведна, стан будынка прымушае неадкладна паклапаціцца пра ягоную будучыню. Зрэшты, як запэўніла мяне Марыя Шэўчанка, якая выконвае абавязкі начальніка аддзела культуры Ушацкага райвыканкама, такія захады робяцца рэгулярна. І варыянтаў тут бачыцца два.

У свой час у аддзеле культуры райвыканкама саспеў праект пераўтварэння сядзібы ў Цэнтр традыцыйнай культуры - з майстэрнямі рамеснікаў, сувенірнай крамай і "аўтахтоннымі" стравамі. Праект, неаспрэчна, прыгожы, ды і ў яго запатрабаванасць верыцца ахвотна. Пры добрай арганізацыі справы і, галоўнае, яе належнай "раскрутцы" тая ж блізкая полацкая траса рэгулярна дастаўляла б наведвальнікаў. Праблема толькі ў фінансаванні. І вырашыць яе самастойна невялічкі Ушацкі раён не можа.

 Другі спосаб - перадача сядзібы ў прыватныя рукі. Па словах прадстаўнікоў раённага кіраўніцтва, спробы знайсці для яе інвестара рабіліся ўжо неаднаразова, ды пакуль што безвынікова. Вольга Карчэўская прычыну бачыць у тым, што сядзіба сёння апынулася ў цэнтры ажыўленага населенага пункта, і таму такая вабнота сельскага турызму, як аддаленасць ад цывілізацыі, тут адсутнічае. Зрэшты, іншыя фактары здатныя неяк ураўнаважыць гэтую акалічнасць. Сярод іх - і тая ж аўтамагістраль, якая пасля Полацка скіроўваецца на Санкт-Пецярбург. Аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу на яе беларускім адрэзку ўжо даволі шмат, але... Пагадзіцеся, адна справа - спыніцца на ноч у "стандартным" матэлі на ўзбочыне заўсёды шумнай шашы, і зусім іншая - у шляхецкім маёнтку на беразе прыгожага возера. Урэшце, блізкасць агламерацыі "старога" і "новага" Полацкаў, з іх амаль 200-тысячным гарадскім насельніцтвам, таксама здолела б забяспечыць такі тураб'ект кліентамі.

Часам здараецца, што непарушным мурам паміж патэнцыйным уласнікам і старой сядзібай з'яўляецца прадажная цана апошняй, якая зусім не адпавядае рэальнаму попыту. Намеснік старшыні райвыканкама па эканамічных пытаннях Вера Дзямешка запэўніла мяне, што Арэхаўна - гэта зусім не той выпадак. Мясцовыя ўлады дакладна ўсведамляюць: зарабіць на занядбаным палацы ўсё адно не атрымаецца. І гатовы аддаць яго, лічы, задарма, але - з абавязковай умовай прадастаўлення інвестыцыйнага праекта, які працаваў бы на карысць раёна. "Асабіста даводзілася гутарыць з некалькімі зацікаўленымі бізнесменамі. Яны выяўлялі жаданне прыдбаць помнік спадчыны менавіта на такіх умовах", - кажа яна.

Таму праблема тут мае іншы характар. Як неаднойчы зазначалі спецыялісты Міністэрства культуры краіны, кампаніі па перадачы закінутых шляхецкіх сядзіб у прыватныя рукі сур'ёзна бракуе рэкламна-інфармацыйнага забеспячэння. Звесткі пра Арэхаўна можна знайсці на турыстычным сайце Віцебшчыны. Але... Ці кожны патэнцыйны інвестар знойдзе гэты сайт? Як водзіцца ў сённяшнім свеце, зазвычай не мы шукаем тыя або іншыя тавары, а яны самі знаходзяць нас - праз тонка прадуманую рэкламную кампанію.

Мясцовыя ўлады ўсё ж не пакідаюць спробы адшукаць для палаца Грабоўскіх новага гаспадара. Асцярожнае спадзяванне яны ўскладаюць на інвестыцыйны форум, які запланаваны ў раёне ў бліжэйшай будучыні. І сапраўды, як паказвае досвед іншых куткоў Беларусі, знайсці інвестара для такога помніка спадчыны сёння вельмі складана. Але - рэальна.

 Хоць на дровы пусціць...

 Колішняя сядзіба Маліноўскіх у вёсцы Чарапоўшчына - лічы, гатовы аб'ект агратурызму з гістарычным ухілам. Адметны дамок будавалі відавочна не італьянскія архітэктары, а тутэйшыя майстры: напалову ён - з цэглы, а напалову - з дрэва. Але брак "высокай школы" цудоўна кампенсаваўся вынаходлівасцю мясцовых дойлідаў.

Мясціны тут - ціхія і надзвычай прыгожыя, і спыніўшыся ў тым дамку на пастой, шчаслівы ўладальнік асабістага транспарту (веласіпед таксама падыдзе) здолеў бы паставіць своеасаблівы эксперымент: ніколі не ўваходзіць двойчы ў адну ваду за ўвесь час адпачынку. Азёраў на Ушаччыне безліч: хтосьці кажа, што 120, хтосьці - 180... І кожнае мае свой "твар". А зусім побач, за цяперашняй мяжой раёна, - знакамітае Шо, якое лічылася пэўны час цэнтрам Еўропы, найглыбейшае на Беларусі возера Доўгае... Думаецца, знайшлося б нямала тых, хто аддаў бы перавагу такому спосабу адпачынку перад аднастайнымі і тлумнымі пляжамі Крыма або Турцыі.

Зрэшты, досыць пастаральных карцін. Сядзіба Маліноўскіх турыстаў сёння не прымае.

"Яшчэ ў 20-я гады то была здатная будыніна з верандай, зашклёнай разнаколернымі шкельцамі", - згадваў некалі Васіль Быкаў, які ў дзіцячым веку часцяком бегаў падзівіцца на панскі палац. "Адна з нямногіх сядзіб Беларусі, стан якой выклікаў у мяне прыемнае здзіўленне <...>. Усе шыбы цэлыя, ніякіх паганых надпісаў унутры, столь, здаецца, прастаяла б яшчэ некалькі стагоддзяў..." Гэта водгук аднаго з інтэрнэт-карыстальнікаў, і зроблены ён быў ужо ў верасні 2009-га.

Здавалася б, зусім мала часу прайшло: нейкія паўтара года. Але мае ўражанні ад наведання колішняга маёнтка Маліноўскіх былі зусім іншыя. І справа нават не ў выбітых шыбах або непрыстойных графіці, якія ўжо паспелі з'явіцца. Галоўная праблема будынка - вялізная рваная "рана", што ўзнікла на столі, па ўсім, літаральна ў гэты халодны сезон. Скрозь яе праглядаюцца промні сонца - і гэта значыць, што праз дзіравы дах вільгаць трапляе наўпрост у будынак.

Сведчанняў, да чаго можа прывесці падобны стан рэчаў, доўга шукаць не выпадае. Побач з сядзібным домам- старая стайня, збудаваная ў такім самым "цагляна-драўляным" стылі. Яе гонта канчаткова абрынулася, пахаваўшы пад сабою і добрую палову пабудовы.

Між тым, у інтэр'ерах сядзібнага дома захавалася нямала арыгінальных фрагментаў: і драўляная вінтавая лесвіца, і ляпныя разеткі, і нават кесонная столь... А вось дзверы туды "гасцінна" адчынены, і ніякіх прыкмет дагляду заўважыць мне не ўдалося.

Зважаючы на згаданыя акалічнасці, лёгка зрабіць выснову аб тым, што сядзіба мае "безгаспадарны" статус. Ды, як выявілася, гэта не зусім так. Як паведамілі мне ў аддзеле культуры, маёнтак ужо гадоў мо дзесяць таму перайшоў у прыватную ўласнасць, прычым уласнікі за гэты час змяняліся. Аднак тыя змены, відавочна, не пайшлі сядзібе на карысць. Дзіўна, але гаспадар зусім не імкнецца захаваць і прымножыць укладзеныя ў маёмасць грошы!

Зрэшты, гэта ягоная асабістая справа. Зусім іншы аспект - захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, да якой, без сумневу, дэ-факта належыць і былы сядзібны дом Маліноўскіх. Але... Як выявілася, даць юрыдычную ацэнку дзеянням уласніка на дадзены момант, бадай, немагчыма: палацава-паркавы комплекс не ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, і таму сёння з ім, па ідэі, можна рабіць усё, што заўгодна, - хоць на дровы пусціць.

Паводле беларускага заканадаўства, выступіць з ініцыятывай аб наданні аб'екту статуса помніка спадчыны можа кожны руплівец. Але перадусім яе варта чакаць менавіта ад спецыяліста, адказнага за справу аховы спадчыны ў раёне. Як выявілася, на Ушаччыне гэтая справа даручана "ў нагрузку" ўжо згаданай Наталлі Бугай.

 Малады і імпэтны дырэктар Музея народнай славы на жыццё не скардзілася, але... Мяркуйце самі: пад ейнай апекай - і вялікі музей, і два яго філіялы - комплекс "Прарыў" і хата Васіля Быкава. І плюс яшчэ іншыя абавязкі. Толькі археалагічных помнікаў у раёне болей за 20, а нават проста дабрацца да гэтых курганаў і могільнікаў не так і лёгка: часам яны месцяцца літаральна пасярод лесу.

На Ушаччыне ёсць што ахоўваць. І таму пазіцыя Міністэрства культуры краіны, якое ўжо не першы год настойвае на неабходнасці ўвядзення ў штат райаддзелаў культуры тых спецыялістаў, якія займаліся б справай аховы спадчыны не "па сумяшчальніцтве", у гэтым выпадку падаецца цалкам матываванай.

Ці можа быць храм без вернікаў?

Скіроўваючыся ўглыб раёна, бачыш за акном бясконцыя лясы і пагоркі - сапраўдны цуд некранутай прыроды. І раптам позірк выхоплівае велічныя барочныя абрысы, якія добра праглядаюцца за некалькі кіламетраў. Так, касцёл Святой Веранікі, збудаваны, разам з бернардзінскім кляштаром, у першай палове XVIII стагоддзя, па-ранейшаму выглядае велічна, нягледзячы на свой незайздросны стан і абламаныя спічастыя вежы.

Пад час вайны гэтая ландшафтная дамінанта выкарыстоўвалася немцамі ў якасці агнявой кропкі. Калі б руіны касцёла наведвалі экскурсіі, гід абавязкова звяртаў бы ўвагу турыстаў на шматлікія шчэрбіны ад куляў на старой тынкоўцы.

Уласна, з часоў вайны храм і кляштар стаяць напаўзруйнаваныя. І пытанне іх далейшага лёсу на сёння адназначнага адказу не мае. Прычым справа не толькі ў грошах на рэстаўрацыю: знайсці прымяненне для вялізнага касцёла ў невялічкай вёсцы Селішча практычна немагчыма.

Натуральна, што самая лагічная з такіх функцый - уласна касцёл. Але... Варта згадаць, што само гэтае слова азначае, перадусім, сход або грамаду вернікаў, а ўжо потым будынак. Як адзначыла Вольга Карчэўская, каталікоў на Ушаччыне зусім вобмаль, а непасрэдна ў Селішчы - і пагатоў. А ці можа быць храм без вернікаў?

Варта адзначыць, што такая сітуацыя, на жаль, не адзінкавая. Згадайма ўража/i/content/pi/cult/317/5582/4-2.jpgльныя руіны касцёла Візітацыі Найсвяцейшай Панны Марыі, якія ўзвышаюцца па-над Вялікай Бераставіцай, роспісы XVIII стагоддзя, што чэзнуць, адкрытыя ўсім стыхіям, у Лыскаве... Можна прывесці і яшчэ пару-тройку прыкладаў.

 Нават у цяперашнім сваім стане гэтыя святыні здатныя прыцягваць увагу турыстаў. А той факт, што нават у беларускай глыбінцы паўставалі сапраўдныя перліны архітэктуры еўрапейскай велічыні, - гэта цікавы штрых да іміджа краіны, здатны пазіцыянаваць яе для замежных гасцей куды лепш за расповеды пра багатую культуру, не падмацаваныя матэрыяльнымі сведчаннямі.

 Таму самае важнае сёння - не даць цэгле рассыпацца ў друз.

У межах раёна нават кансервацыя такіх аб'ектаў выглядае на задачу непасільную. Яна вымагае ўвагі на больш высокім узроўні. Але варта спадзявацца, што гэтая добрая справа магла б аб'яднаць высілкі як дзяржаўных структур, так і Рымска-каталіцкага касцёла на Беларусі, а таксама саміх вернікаў, чыёй духоўнай спадчынай з'яўляюцца занядбаныя сёння кляштары.

Што да далёкасяжнай іх перспектывы, разлічанай на дзесяцігоддзі... Тут можна нават не рабіць прагнозаў, а проста даверыцца волі Божай. Менавіта ад чалавека сёння залежыць саму такую перспектыву забяспечыць.

■ ■ ■

І геаграфія, і гісторыя Ушаччыны літаральна натхняюць на стварэнне турыстычных брэндаў. Згадайма і тыя самыя азёры, і анамальную колькасць знакамітых літаратараў на адзін квадратны кіламетр... Гэты край знаходзіцца нібы ў баку ад цывілізацыі, але пры тым паўз яго праходзяць магістральныя шляхі. І таму цалкам можна разлічваць на тое, што ў недалёкай будучыні, калі абнаўленне кан'юнктуры туррынку стане ўжо неабходнасцю, тыя "прызабытыя" мясціны стануць знаходкай. І знаходкай - нечаканай.

 І хаця іх паўнавартасная "турыстызацыя" выглядае хіба перспектыўнай, пэўныя крокі ёй насустрач неабходны ўжо сёння. Бо калі ў згаданых вышэй сядзібах канчаткова абваляцца дахі, турпатэнцыял краю ад гэтага відавочна не павялічыцца.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Ушацкі раён - Мінск