Адрозніць барока ад рэнесансу

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Гомель прыняў другое пасяджэнне Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва

/i/content/pi/cult/317/5581/3-1.jpg

Галоўнай лініяй другога пасяджэння Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў краіны стала тэма "Культура - выхаванне праз усё жыццё". 5 красавіка члены Савета сабраліся ў Гомелі- Культурнай сталіцы краіны і СНД-2011, дзе свае залы гасцінна раскрыў Палац Румянцавых і Паскевічаў. На пасяджэнні прысутнічалі рэктары творчых ВНУ, знакамітыя дзеячы культуры і мастацтваў, кіруючыя асобы міністэрстваў культуры, інфармацыі, адукацыі, эканомікі. Як зазначыў для журналістаў перад пачаткам пасяджэння міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, "...у Беларусі робіцца шмат, каб чалавек быў культурна выхаваны. Але ці эфектыўна працуюць нашы ўстановы культуры: клубы, музеі, тэатры? Ці хапае іх? Ці добры прадукт яны прапаноўваюць? Усё гэта патрабуе абмеркавання, каб выпрацаваць дадатковыя падыходы да стварэння больш якасных умоў для культурнага выхавання асобы".

Неабходны складнік самастойнай дзяржавы

Адкрываючы пасяджэнне, міністр культуры Павел Латушка зазначыў: - Кожная дзяржава будуецца на двух стаўпах: эканоміка з аднаго боку, культура і адукацыя, разам, - з другога. Менавіта разам. Уявіць сабе магчымасць існавання ўстойлівай дзяржаўнай структуры без гэтых элементаў немагчыма.

 Мы павінны разумець, што ўспрыняцце выхавання культурнай асобы выключна ў кантэксце існуючай сістэмы адукацыі- толькі частка гэтай агульнай праблематыкі. Грамадзяніна краіны патрэбна культурна выхоўваць, а таксама стымуляваць да культурнага развіцця праз усё жыццё, - падкрэсліў міністр.

У гэтай сувязі кіраўнік Міністэрства зазначыў, што ў краіне існуе развітая сетка ўстаноў адукацыі сферы культуры. Але ці з'яўляецца яна дастаткова эфектыўнай? Павел Латушка падкрэсліў неабходнасць высветліць, ці хапае наяўных устаноў, наколькі яны запатрабаваны, ці эфектыўна працуюць у дадзеным кірунку.

Крокі да вяртання

У Палажэнні аб Рэспубліканскім савеце сказана, што ён створаны, акрамя іншага, для распрацоўкі канкрэтных захадаў па вырашэнні праблемных пытанняў у сферы культуры. Таму з самага пачатку дакладчыкаў прасілі не толькі прыводзіць панараму фактаў па заяўленай тэме, але акцэнтаваць увагу на болевых кропках і прапаноўваць магчымыя шляхі іх ліквідацыі.

 Некаторыя даклады сапраўды атрымалі значны розгалас. У прыватнасці, уразілі факты, агучаныя намеснікам начальніка ўпраўлення навукова-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу Нацыянальнага інстытута адукацыі пры Міністэрстве адукацыі краіны Аленай Гуляевай. Яна зазначыла, што ў школьнай праграме з абавязковых дысцыплін эстэтычнага кірунку засталіся "Музыка" і "Выяўленчае мастацтва", якія выкладаюцца, адпаведна, з першага па чацвёрты і з першага па пяты клас. За 2010 год амаль 86 тысяч школьнікаў наведала факультатывы па культуралагічным накірунку (гэта прыблізна 9% ад агульнай колькасці навучэнцаў школ, гімназій і ліцэяў).

 "Не будзем утойваць, пры такой падрыхтоўцы сённяшні школьнік наўрад ці зможа адрозніць барока ад рэнесансу. Не магу сцвярджаць, што ўсё добра з эстэтычным выхаваннем у сферы адукацыі", - зазначыў пасля заканчэння даклада Павел Латушка. Тую думку падтрымалі іншыя члены Рэспубліканскага савета, зазначыўшы падзенне ўзроўню адукацыі сённяшніх школьнікаў. Потым тыя падлеткі ідуць у творчыя ВНУ, дзе прорва паміж гэтым пакаленнем і, скажам, іх папярэднікамі ўсяго пяць - дзесяць гадоў таму становіцца куды больш відавочнай.

 У адказ намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык зазначыў, што з 2006 года ў краіне зацверджаны культуралагічны прынцып выхавання. Цяпер дапрацоўваецца нарматыўная база Кодэкса аб адукацыі, таму ў дзеячаў культуры яшчэ ёсць час звярнуцца з канкрэтнымі прапановамі, каб іх можна было паспець прыняць да разгляду.

Зазначым, што Міністэрства культуры Беларусі ініцыявала прапанову аднаўлення ў абавязковай праграме агульнаадукацыйных школ прадмета "Сусветная мастацкая культура". Таксама Павел Латушка падтрымаў прапанову Віктара Якжыка падумаць над правядзеннем сумеснай калегіі двух міністэрстваў, каб прыйсці да эфектыўных вырашэнняў вострых пытанняў.

 Болевая сінкопа

 Болевыя кропкі ў сферы музычнай адукацыі трапна акрэсліла спадчынны музыкант, начальнік аддзела вучэбна-метадычнага забеспячэння ўстаноў адукацыі ў галіне культуры Інстытута культуры Беларусі Яўгенія Дзягілева. З яе слоў, Міністэрствам адукацыі не заўсёды ўлічваецца спецыфіка выкладання музыкі. Прынамсі, у існуючых планах будучы музыкант, паступіўшы ва ўстанову пасля базавай школы, павінен правесці за партай чатыры гады, а выпускнік адзінаццацігодкі - тры. Яўгенія Адамаўна ўпэўнена, што такая разбежка замінае якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу, бо прафкампанент пачынаецца ўжо з першага курса, а не з другога.

Сярод іншага, выступоўца прапанавала і абавязковае вывучэнне ў раёнах запыту на спецыялістаў у сферы музыкі, бо на рэгіянальным узроўні ўстановы адукацыі нярэдка адкрываюць спецыяльнасці, якія дубліруюць існуючыя курсы ў профільных вучылішчах і ВНУ. Прычым у першых - не заўсёды адпаведны ўзровень педагагічных кадраў па профільных прадметах.

Прамоўцу падтрымала рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Кацярына Дулава нагадала, што музычная адукацыя пачынаецца з чатырох гадоў і працягваецца практычна ўсё жыццё. Яна зазначыла, што на сёння музыкант не мае магчымасці працягваць паслядыпломную адукацыю непасрэдна па сваёй прафесіі. Цяпер у краіне страчана гістарычная форма адукацыі, якая дае такую ступень, як доктар мастацтваў, прызнаную ва ўсіх найбуйнейшых універсітэтах Еўропы і свету.

 - Музыкант павінен пастаянна знаходзіцца ў творчым асяроддзі, мець магчымасці выязджаць у замежжа на стажыроўкі, - дадала рэктар БДАМ. - Пры гэтым неабходна распрацаваць больш эфектыўныя механізмы, каб зацікавіць маладых спецыялістаў з еўрапейскай адукацыяй працай на радзіме. А для гэтага патрэбна стварыць у Беларусі менеджмент для музыкантаў, узяўшы, магчыма, на ўзбраенне існуючую ў многіх краінах праграму "Вяртанне"...

 Павел Латушка пагадзіўся з неабходнасцю падрабязна вывучыць агучаныя праблемы і дадаў, што з бягучага года Мінкультуры пачынае адпраўляць таленавітую моладзь з творчых ВНУ у замежныя стажыроўкі. "Спадзяёмся, хутка атрымаем неабходную падтрымку і нам удасца змяніць Палажэнне аб спецыяльным фондзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Тады з дапамогай яго сродкаў зможам запрашаць іншамоўных выкладчыкаў да нас і накіроўваць прадстаўнікоў айчыннага прафесарскавыкладчыцкага складу за мяжу", - зазначыў міністр.

Культурны спектр журналістыкі

 Якую б тэму ні закраналі на пасяджэнні, часцей за ўсё ў дакладзе ўзнікала пытанне ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі. Старшыня Саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў зазначыў: "Усе мы ведаем, што на сённяшні дзень густы моладзі фарміруе, у асноўным, тэлебачанне і Інтэрнэт. Дык чаму ў саміх СМІ ўсё менш і менш перадач аб культуры?"

 Шмат гаварылі аб тым, наколькі не стае спецыяльнага тэлевізійнага канала, кшталту расійскага - "Культура" - ці французскага - "Mezzo". Дзе ж знайсці доступ да ўзораў айчыннага мастацтва: балета, оперы, драматычных, лялечных, музычных спектакляў, фальклору?

 Прафесар, доктар філалагічных навук, тэатральны крытык Таццяна Арлова зазначыла, што ў новым тысячагоддзі склалася сітуацыя, калі СМІ, асабліва электронныя, актыўна канкурыруюць з адукацыяй, якую даюць школы і ВНУ. Але сучасныя мас-медыя збольшага арыентуюць публіку на забаўляльныя жанры. Аб культурных жа падзеях у лепшым выпадку інфармуюць, а многія эксклюзівы ўвогуле выпадаюць з поля іх зроку.

У век найноўшых тэхналогій размова пра культуру перамясцілася ў блогасферу. Гэты сегмент сёння вельмі папулярны ў моладзі, аднак Таццяна Арлова ўсхвалявана тым, што ён дае павярхоўную інфармацыю. Усё, што датычыцца культуры і мастацтва, па яе словах, сёння адышло ў галіну забаў, а не адукацыі. Пацвярджэннем таму стала даследаванне кафедры сацыялогіі факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. У ім, сярод іншага, гаворыцца: сёння ніхто з апытаных маладых людзей не ведае імёнаў Стэфаніі Станюты і Мікалая Яроменкі-старэйшага...

Але ці знойдуцца сярод маладых "акул пяра" журналісты, якія дакладна і крэатыўна змогуць данесці культурны аспект да аўдыторыі? Прынамсі, намеснік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак зазначыў, што сёлетнія выпускнікі Інстытута журналістыкі БДУ падрыхтаваны не так добра, як раней.

Таццяна Арлова бачыць адну з прычын падзення агульнакультурнага ўзроўню ў тым, што з моманту знікнення ў школе дысцыпліны "Сусветная мастацкая культура" ў Інстытут журналістыкі пачала прыходзіць вельмі дрэнна падрыхтаваная моладзь. Каб упісацца ў кантэкст айчыннай культуры, журналіст павінен вызначыць сэнс і каштоўнасць прадукту, а для гэтага неабходна веданне спецыфікі, візуальная нагледжанасць. На жаль, паводле існуючых адукацыйных планаў, за пяць гадоў навучання ў Інстытуце журналістыкі на прадмет "Гісторыя мастацтваў", які ўключае веды па тэатры, музычным мастацтве, архітэктуры, кіно, мастацкіх стылях і напрамках, адводзіцца ўсяго 24 лекцыйныя гадзіны! Зразумела, ёсць яшчэ спецкурсы на чацвёртым годзе навучання, аднак агульны нізкі ўзровень культурнай адукацыі спараджае факталагічныя памылкі і адсутнасць аналітыкі.

У сувязі з гэтым Таццяна Арлова прапанавала вельмі сур'ёзна перагледзець вучэбныя планы, а ў грамадскіх творчых аб'яднаннях адрадзіць працу па асвеце і выхаванні моладзі, якая сёння адсутнічае.

Кропка адліку

Як зазначыў на заканчэнне Павел Латушка, гэтая сустрэча прадэманстравала, што такая сістэма, як грамадскі савет, з удзелам творчай інтэлігенцыі, - функцыянуе, прычым досыць эфектыўна.

 - Але гэта не азначае, што праблем не існуе. Праблемы мы павінны вырашаць сёння, дбаючы пра нашую будучыню. Мы зразумелі, што неабходна большая каардынацыя ўзаемадзеяння на ўзроўні міністэрстваў культуры і адукацыі па пытаннях выхавання культурнай асобы. Неабходна большая каардынацыя дзеянняў і падпарадкаваных нам інстытутаў, у прыватнасці - Інстытута культуры Беларусі. Зразумела, што вельмі важным у выхаванні культурнай асобы з'яўляецца роля сродкаў масавай інфармацыі, таму мы павінны больш актыўна супрацоўнічаць з Міністэрствам інфармацыі. Неабходна павялічваць і пашыраць выкладанне эстэтычных дысцыплін у сістэме адукацыі. Культура і адукацыя аб'ядноўвае нас, аб'ядноўвае ў адной дзяржаве, пабудову якой без культурна адукаванай асобы ўявіць немагчыма, - падвёў вынік пасяджэння міністр.

Юрый ІВАНОЎ (фота),

нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск - Гомель - Мінск

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"