Каб студэнт не бедаваў

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў рыхтуецца да новага навучальнага года. Асноўныя рамонтныя работы вядуцца цяпер у вучэбным корпусе, бо два універсітэцкія інтэрнаты практычна падрыхтаваны для прыёму прагнай да навукі моладзі.

Як паведаміла нам прарэктар па навуковай рабоце Марыя Бяспалая, усё зроблена для таго, каб студэнт не бедаваў, адчуваў сябе камфортна, утульна і ў час навучання, і ў час адпачынку, разумеў, што універсітэт для яго — родны дом… Па словах Марыі Аркадзьеўны, большая палова студэнтаў — іншагароднія. Два інтэрнаты на 1400 месцаў задаволяць патрэбы ўсіх “бюджэтнікаў”, якім неабходна жыллё…
 /i/content/pi/cult/126/558/Kab student1.jpg
 Начальнік эксплуатацыйна-тэхнічнага аддзела БДУ культуры і мастацтва М.Савіцкі ў новай аўдыторыі.
Начальнік эксплуатацыйна-тэхнічнага аддзела універсітэта Мікалай Савіцкі паказаў нам новыя аўдыторыі, ліфты, адрамантаваныя лесвіцы ў галоўным вучэбным корпусе. Капітальна даведзены да ладу восьмы паверх: зманціравана столь, пакладзена плітка на падлозе (узор адмысловы — вынік творчых намаганняў саміх універсітэцкіх гаспадарнікаў). Аналагічныя работы заканчваюцца на сёмым і шостым паверхах. Аддзелкай займаецца ААА “Артпол і К”. Майстар будаўнічай арганізацыі Аляксей Сярбаеў пераконвае, што да верасня ўсё будзе зроблена. А на працягу навучальнага года запланавана паэтапна добраўпарадкаваць пяты, чацвёрты і трэці паверхі. На ход і якасць навучальнага працэсу гэта адмоўна не паўплывае. Заканчваецца рамонт дзвюх вялікіх аўдыторый. Падрыхтаваны чытальныя залы з электроннай бібліятэкай…
У інтэрнаце № 1 выкананы бягучы касметычны рамонт. А ля другога інтэрната, дзе ўжо ўцеплены тарцы сцен, адрамантаваны фасад і дах, мы пераканаліся на ўласныя вочы, што універсітэт для студэнта — сапраўды родны дом. І справа не толькі ў высокай камфортнасці двух інтэрнатаў, хоць будынкам па 27 — 30 гадоў: у жылых блоках — па два пакоі, душавая, прыбіральня; ёсць памяшканні для дыскатэк і заняткаў спортам. Гаворка пра іншае. На прылеглай да інтэрната № 2 тэрыторыі працавала імправізаваная студэнцкая брыгада: Аляксандр Арапіновіч з Зэльвы, Аляксандр Бельскі з Чэрвеньскага раёна, Таццяна Журава з Браслава, Яўгенія Рамбальская з Паставаў. Курсы — ад другога да пятага, факультэты — культуралогіі, інфармацыйна-дакументных камунікацый… Хлопцы і дзяўчаты за час летніх вакацый паспелі і дома адпачыць, і па Мінску засумаваць. Вярнуліся, каб дапамагчы фарбаваць сцены ў інтэрнацкіх калідорах. Цяпер падразаюць кусты, праполваюць клумбы.
 /i/content/pi/cult/126/558/Kab student2.jpg
 Ля інтэрната № 2 працуе студэнцкая брыгада.

— Жывём тут не першы год, — паведамляе чацвёртакурснік Іван Лопуць,— таму і хочам, каб інтэрнат і знутры, і звонку выглядаў па-людску…
— Малайцы, стараюцца, і сябе паважаюць, і універсітэт родны, — дае ацэнку неабыякавым студэнтам загадчыца інтэрнацкай гаспадаркі Марыя Кавальчук.
А прафесійныя будаўнікі тым часам мянялі ўваходныя дзверы інтэрната, заканчвалі адмостку будынка…
Па словах М.Савіцкага, сёлета на рамонтныя работы ва універсітэцкім гарадку выдаткавана 900 мільёнаў рублёў. Палова ўжо асвоена.
І яшчэ адна прыемная навіна: у гэтым годзе між інтэрнатамі і галоўным вучэбным корпусам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў пачнецца ўзвядзенне універсітэцкага спартыўна-культурнага цэнтра (праектная дакументацыя падрыхтавана і ўзгадняецца цяпер у Камітэце архітэктуры). У студэнтаў неўзабаве з’явяцца шыкоўная універсальная зала для правядзення і спартыўных, і відовішчных мерапрыемстваў, зручныя памяшканні для рэпетыцый і аздараўлення.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА