Як паведаміла нам прарэктар па навуковай рабоце Марыя Бяспалая, усё зроблена для таго, каб студэнт не бедаваў, адчуваў сябе камфортна, утульна і ў час навучання, і ў час адпачынку, разумеў, што універсітэт для яго — родны дом… Па словах Марыі Аркадзьеўны, большая палова студэнтаў — іншагароднія. Два інтэрнаты на 1400 месцаў задаволяць патрэбы ўсіх “бюджэтнікаў”, якім неабходна жыллё…
Начальнік эксплуатацыйна-тэхнічнага аддзела універсітэта Мікалай Савіцкі паказаў нам новыя аўдыторыі, ліфты, адрамантаваныя лесвіцы ў галоўным вучэбным корпусе. Капітальна даведзены да ладу восьмы паверх: зманціравана столь, пакладзена плітка на падлозе (узор адмысловы — вынік творчых намаганняў саміх універсітэцкіх гаспадарнікаў). Аналагічныя работы заканчваюцца на сёмым і шостым паверхах. Аддзелкай займаецца ААА “Артпол і К”. Майстар будаўнічай арганізацыі Аляксей Сярбаеў пераконвае, што да верасня ўсё будзе зроблена. А на працягу навучальнага года запланавана паэтапна добраўпарадкаваць пяты, чацвёрты і трэці паверхі. На ход і якасць навучальнага працэсу гэта адмоўна не паўплывае. Заканчваецца рамонт дзвюх вялікіх аўдыторый. Падрыхтаваны чытальныя залы з электроннай бібліятэкай… Начальнік эксплуатацыйна-тэхнічнага аддзела БДУ культуры і мастацтва М.Савіцкі ў новай аўдыторыі.
У інтэрнаце № 1 выкананы бягучы касметычны рамонт. А ля другога інтэрната, дзе ўжо ўцеплены тарцы сцен, адрамантаваны фасад і дах, мы пераканаліся на ўласныя вочы, што універсітэт для студэнта — сапраўды родны дом. І справа не толькі ў высокай камфортнасці двух інтэрнатаў, хоць будынкам па 27 — 30 гадоў: у жылых блоках — па два пакоі, душавая, прыбіральня; ёсць памяшканні для дыскатэк і заняткаў спортам. Гаворка пра іншае. На прылеглай да інтэрната № 2 тэрыторыі працавала імправізаваная студэнцкая брыгада: Аляксандр Арапіновіч з Зэльвы, Аляксандр Бельскі з Чэрвеньскага раёна, Таццяна Журава з Браслава, Яўгенія Рамбальская з Паставаў. Курсы — ад другога да пятага, факультэты — культуралогіі, інфармацыйна-дакументных камунікацый… Хлопцы і дзяўчаты за час летніх вакацый паспелі і дома адпачыць, і па Мінску засумаваць. Вярнуліся, каб дапамагчы фарбаваць сцены ў інтэрнацкіх калідорах. Цяпер падразаюць кусты, праполваюць клумбы. Ля інтэрната № 2 працуе студэнцкая брыгада.
— Жывём тут не першы год, — паведамляе чацвёртакурснік Іван Лопуць,— таму і хочам, каб інтэрнат і знутры, і звонку выглядаў па-людску…
— Малайцы, стараюцца, і сябе паважаюць, і універсітэт родны, — дае ацэнку неабыякавым студэнтам загадчыца інтэрнацкай гаспадаркі Марыя Кавальчук.
А прафесійныя будаўнікі тым часам мянялі ўваходныя дзверы інтэрната, заканчвалі адмостку будынка…
Па словах М.Савіцкага, сёлета на рамонтныя работы ва універсітэцкім гарадку выдаткавана 900 мільёнаў рублёў. Палова ўжо асвоена.
І яшчэ адна прыемная навіна: у гэтым годзе між інтэрнатамі і галоўным вучэбным корпусам Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў пачнецца ўзвядзенне універсітэцкага спартыўна-культурнага цэнтра (праектная дакументацыя падрыхтавана і ўзгадняецца цяпер у Камітэце архітэктуры). У студэнтаў неўзабаве з’явяцца шыкоўная універсальная зала для правядзення і спартыўных, і відовішчных мерапрыемстваў, зручныя памяшканні для рэпетыцый і аздараўлення.
Андрэй СТАРЖЫНСКІ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА