Эксклюзівы і...

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

27 красавіка ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адбудзецца афіцыйная цырымонія адкрыцця аргана, падоранага аўстрыйскім прафесарам Ёханам Трумэрам.

 

 А два ранейшыя эксклюзіўныя інструменты - скрыпка А.Гварнеры і сярэбраная флейта фірмы "Maramatsu"- гучалі 6 красавіка на "Вечары кансерваторыі" ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

 На канцэрце прысутнічалі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, намеснік Прэм'ер-міністра Анатоль Тозік, міністр культуры краіны Павел Латушка, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, іншыя афіцыйныя асобы. У зале было шмат прафесійных музыкантаў і аматараў розных пакаленняў з усіх куткоў краіны. Каб напоўніцу прэзентаваць дасягненні нашай вядучай навучальнай установы ў галіне акадэмічнага музычнага мастацтва, патрабаваліся б дзесяткі, а то і сотні праграм. Бо тут што ні студэнт - то лаўрэат аднаго ці некалькіх конкурсаў. Што ні калектыў - то сапраўдная выканальніцкая перліна, якой пазайздросцяць самі мэтры. І хаця вечар сабраў толькі асобных стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, "усяго" сем калектываў (насамрэч іх удвая больш), сярод якіх быў аркестр народных інструментаў педагагічнага факультэта БДАМ у Магілёве, праграма атрымалася не толькі размаітай, але і тэатралізаванай.

З панядзелка ж на авансцэну выйдуць даследчыкі: 11 - 15 красавіка ў БДАМ пройдуць ХХ Міжнародныя навуковыя чытанні памяці Л.Мухарынскай "Музычная культура Беларусі на скрыжаванні эпох" і Міжнародны фестываль этнакультур.