Арыгіналы твораў славутага мастака прадстаўлены са збору Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Па словах загадчыка яго мастацкага аддзела Кацярыны Санюкевіч, асноўную частку экспазіцыі складуць 34 гравюры Антоніса Ван Дэйка - знакамітага фламандскага мастака XVII стагоддзя, вучня і паплечніка Пітэра Паўля Рубенса. На выстаўцы будзе прадстаўлена таксама і частка "Іканаграфіі" Ван Дэйка - галерэі выяў знакамітых сучаснікаў славутага майстра.
Апрача таго, у экспазіцыі наведвальнікі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі змогуць пабачыць графіку іншых знакамітых еўрапейскіх мастакоў, у прыватнасці - тры работы Рубенса.
Выстаўка твораў Ван Дэйка ўжо прайшла з вялікім поспехам у Польшчы, а цягам сакавіка экспанавалася ў Віцебску. У сталіцы яе можна будзе наведаць да 9 мая.