Сцэнарыі мультфільмаў

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

Адкрыты маладзёжны конкурс на стварэнне літаратурнага сцэнарыя мультыплікацыйнага фільма, прысвечанага нацыянальнай тэматыцы, абвясціла Міністэрства культуры напрыканцы сакавіка.

 

Старшынёй журы конкурсу з'яўляецца дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства Алег Сільвановіч.

 Як паведамілі карэспандэнту "К" у Дэпартаменце, ацэньваць дасланыя работы будуць таксама старшыня Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктар Васільеў, кінарэжысёр студыі мультыплікацыйных фільмаў Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Аляксандр Ленкін, кінарэжысёр-пастаноўшчык студыі ігравых фільмаў "Беларусьфільма" Алена Турава, сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Георгій Марчук...

На конкурс прымаюцца работы ад паўналетніх аўтараў, якія на момант падачы заяўкі маюць не больш за 31 год. Яны павінны накіраваць лісты на адрас Дэпартамента па кінематаграфіі з пазнакай "На маладзёжны конкурс" не пазней за 1 кастрычніка 2011-га. Палажэнне конкурсу, падрабязныя правілы афармлення сцэнарыяў і форму заяўкі можна знайсці на афіцыйным сайце Міністэрства культуры.

Журы разгледзіць сцэнарыі ў лістападзе 2011-га, а 17 снежня, у Дзень беларускага кіно, назаве пераможцу. Ён атрымае грашовую прэмію ў памеры 40 базавых велічынь, уладальнік II месца - прэмію ў памеры 30 базавых велічынь, а ўладальнік III-га - прэмію, што складае 20 базавых велічынь. Аўтары найлепшых работ могуць разлічваць на экранізацыю твораў.