“Ілюмінацыя” з нагоды Біенале

№ 15 (986) 09.04.2011 - 15.04.2011 г

3-га чэрвеня адбудзецца адкрыццё Беларускага павільёна на 54-й Венецыянскай біенале. Затым цягам паловы года ў горадзе на вадзе будзе анклаў айчыннага мастацтва плошчай у 170 квадратных метраў. За два месяцы да старту праект, які наша краіна прадставіць на самай прэстыжнай выстаўцы сучаснага мастацтва, быў прэзентаваны на прэсканферэнцыі ў Мінску.

 

 Як адзначыў пад час прэс-канферэнцыі намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі, стварэнне Нацыянальнага павільёна Беларусі на Венецыянскай біенале стане важным крокам пазіцыянавання нашай краіны праз яе багатую культуру, якой уласцівае не толькі беражлівае захаванне традыцый, але і цяга да эксперыменту.

- Варта ўсведамляць, што Венецыянская біенале - гэта не экспазіцыя дасягненняў у залатых рамах і, з іншага боку, не агляд студэнцкіх работ. Гэта выстаўка канцэптуальнага мастацтва, і менавіта такі падыход быў пакладзены ў аснову стварэння праекта, - патлумачыў карэспандэнту "К" куратар Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь Міхаіл Баразна.

 Як вядома, кожная з Венецыянскіх біенале мае сваю тэму або дэвіз, які вызначаюць яе куратары. Сёлета ён гучыць лаканічна, але змястоўна: "ILLUMInations". Атрымалася цікавая гульня слоў, якую можна інтэрпрэтаваць або як "ілюмінацыі", або як "асвечаныя нацыі"...

 - У часы Дантэ ілюмінатарам называлі мастака, які сродкамі мініяцюры тлумачыў тэкст: гэта быў папярэднік сённяшняга ілюстратара або дызайнера, - кажа Міхаіл Баразна. - Праект, што мае назву "Kodex", ставіць за мэту ўзнавіць гэты прызабыты сэнс слова. Кожны з мастакоў-удзельнікаў аздабляе тэкст сваімі выяўленчымі сродкамі. Што гэта за тэкст? Назавём яго "Беларусь"...

І сапраўды, мэтай удзелу любой краіны ў Венецыянскай біенале зазвычай з'яўляецца не толькі рэпрэзентацыя канкрэтнага праекта, але і памкненне "распавесці" пра сябе на канататыўным узроўні. Таму Нацыянальны павільён у кожным разе будзе ўспрымацца як спосаб пазіцыянавання Беларусі праз канкрэтныя ідэі і вобразы. У гэтым аспекце задуму куратара можна ахарактарызаваць як надзвычай выйгрышную.

Паколькі для цэласнага ўспрыняцця праекта, архітэктарам якога выступае Міхаіл Шыкаў, вялікае значэнне мае паслядоўнасць глядацкага ўспрымання яго "кампанентаў", наведвальнікам будзе прапанаваны своеасаблівы маршрут. Распачнуць яго графічныя творы Юрыя Аляксевіча.

- Першы этап аздаблення тэксту - падрыхтоўчы малюнак,- Міхаіл Баразна праводзіць віртуальную экскурсію па экспазіцыі. - Тым больш, чорна-белая графіка была ўласцівая кнігам Скарыны ды іншых нашых першадрукароў. І менавіта мініяцюрная пластыка паўплывала на стварэнне аб'ёмнапрасторавай - згадайма тыя ж хімеры на сярэднявечных храмах. Таму наступны пункт прыпынку - скульптура Канстанціна Касцючэнкі...

 У праекце "Kodex" будзе месца і для перформансу, які прадставіць адзін з найбольш знаных прадстаўнікоў гэтага віду мастацтва на Беларусі - Віктар Пятроў. А Дзяніс Скварцоў, вядомы перадусім як кінарэжысёр, паўстане ў трохі нязвыклым амплуа- як аўтар мультымедыйнага праекта.

- Прага выкарыстання новых тэхналогій была здавён уласцівая беларускай культуры, - перакананы Міхаіл Баразна. - Згадайма хаця б нашы рукапісы і першадрукі...

Яшчэ адзін твор з экспазіцыі - саламяная скульптура Артура Клінава, што інтэрпрэтуе класічны твор мастацтваў, - з'яўляецца адметным прыкладам адзінства супрацьлегласцей - традыцыйнай народнай культуры ды сучаснага мастацтва.

Беларусь лічаць навічком на Венецыянскай біенале. І сапраўды: Нацыянальны павільён нашай краіны сёлета будзе прадстаўлены ўпершыню. Аднак, у той самы час, асобныя нашы мастакі ўжо бралі ўдзел у знакамітай выстаўцы. Першым з іх быў Міхаіл Савіцкі, які прэзентаваў свае творы ў павільёне СССР. У 2005 годзе беларускія творцы правялі ў межах Біенале асобную выстаўку. І вось цяпер - наступны крок.