Рыхтуемся да “Белай вежы”

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

Першыя вераснёўскія дні айчынныя тэатралы ўжо традыцыйна збіраюцца сустрэць у Брэсце. Улюбёны Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа” ў чарговы раз пройдзе ў горадзе над Бугам з 8 па 14 верасня.

Арганізатарамі фестывалю, як заўсёды, з’яўляюцца Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкі тэатр драмы і музыкі, Брэсцкі тэатр лялек, Беларускі саюз тэатральных дзеячаў і Беларускі цэнтр УНІМА. І сёлетняя праграма — як драматычная, так і лялечная — традыцыйна будзе насычаная і падорыць сустрэчы як з ужо вядомымі брэстаўчанам калектывамі, так і з новымі, якія ў Брэст (а можа, нават і на Беларусь увогуле) завітаюць упершыню.
Сярод конкурсных спектакляў Прыбалтыку прадстаўляюць “Майстар-клас” Незалежнага тэатра (Вільнюс, Літва), “Шчаслівых будняў” Рускага тэатра Эстоніі (Талін, Эстонія), “Жаніцьба” Рыжскага рускага тэатра імя М.Чэхава (Рыга, Латвія), Польшчу — “Кадзіш” Тэатра А (Глівіцэ) і “Фердыдурке” Тэатра “Правізорыум” і кампаніі “Тэатр” (Люблін), Расію—”Нінчына зямля. Чужыя” Цэнтра драматургіі і рэжысуры пад кіраўніцтвам М.Рошчына і А.Казанцава (Масква) і “Кружэнне ў нябёсах” Тэатра танца Поснікава (Волагда). Сярод іншых калектываў, ужо вядомых брэстаўчанам, — Рэспубліканскі тэатр “Лучафэрул" (Кішынёў, Малдова) з “Трохграшовай операй”, Дацка-расійскі тэатр “Дыялог” (Капенгаген, Данія) з “Нарвежскай баладай”, Львоўскі тэатр “Уваскрэсенне” (Львоў, Украіна) з “Вішнёвым садам”. Да таго ж, даволі шырока прадстаўлены тэатральныя калектывы з каўказскага рэгіёна і некаторых краін Азіі: “Анёлава лялька” Тбіліскага дзяржаўнага акадэмічнага рускага драматычнага тэатра імя А.Грыбаедава (Тбілісі, Грузія), “Пяць жонак Хаджы Насрэдзіна” Таджыкскага дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя У.Маякоўскага (Душанбэ, Таджыкістан), “За гонар” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Г.Сундукяна (Ерэван, Арменія), а таксама “7 гадзін” Кампаніі “Шарыфі” (Тэгеран, Іран), “Тарцюф” Муніцыпальнага тэатра Касаелі (Касаелі, Турцыя). А абодва амерыканскія кантыненты — Паўднёвы і Паўночны — прадстаўляюць сёлета “Што Курт Кабейн узяў з сабой” Tumbarrancho Teatro (Каракас, Венесуэла) і “Liss fain dance” Liss fain dance (Сан-Францыска, ЗША) адпаведна.
У параўнанні з мінулымі гадамі, значна пашырылася прадстаўніцтва на “Белай вежы” айчынных тэатральных калектываў. Калі раней яны з’яўляліся ў фестывальнай афішы па прынцыпе “гаспадары + 1”, сёлета, акрамя “Дон Жуана” Брэсцкага тэатра драмы і музыкі, гледачы ўбачаць “Сымона-музыку” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы (гэтым спектаклем адкрываецца фестываль), “Прытворна хворага” Жана Батыста Мальера Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, а таксама “Забаву” Славаміра Мрожака Мінскага абласнога драматычнага тэатра з Маладзечна.
Не менш насычаная і прадстаўнічая лялечная праграма фестывалю. Побач з беларусамі (“Месяцам Сальеры” Брэсцкага тэатра лялек і “Гісторыяй аднаго горада” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек (Мінск), у праграме заяўлены калектывы з Украіны — “А дзе ж пятае?” Львоўскага абласнога тэатра лялек” (Львоў) і “Жылі-былі” Івана-Франкоўскага абласнога тэатра лялек імя Марыйкі Підгіранкі (Івана-Франкоўск), Польшчы — “...І гэтак далей...” Тэатра К3 (Беласток) і “Карыус і Бактус” Тэатра Лялькі і Акцёра (Ломжа), Расіі — “Сонечны прамень” Курскага дзяржаўнага тэатра лялек (Курск) і “Дзяцінства Мікіты” Омскага дзяржаўнага тэатра лялек, акцёра, маскі “Арлекін” (Омск), Германіі — Intimitaeten Тэатра фігур Ірыс Майнхард (Леннінген-Шлаттшталь) , Даніі — “Освальд і вялікая малпа” Тэатральнай групы БАЦІДА (Кобехаўн), Сербіі— “Там, далёка...” Тэатра “Байкамела” (Белград), Эстоніі — “Чух, чух, чух...” Талінскага дзяржаўнага тэатра лялек (Талін), Францыі — “Агонь, вада, паветра” Filles en tropiques (Парыж), Іспаніі — “Las tribulaciones de Virginia” Кампаніі Hnos Oligor (Валенсія), Аргенціны — “Туфлі без твару” La Simultanea theater (Буэнас-Айрас), Люксембурга — “Тэо Ціка” Летняга тэатра (Сурры), Велікабрытаніі — “Кракадзіл, які называецца Крык” Ідалрыч Тэатра Ротто (Хасцінгс), Галандыі — “Стан” Кампаніі Джыма Барнарда (Амстэрдам) і Балгарыі — “Лео — ільвінае сэрца” Тэатра драмы і лялек імя Кастуся Вялічкава (Пазарджык).

Таццяна КОМАНАВА