Сумясціць несумяшчальнае: праблемы па адрасе mosty.by

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Якая “планка” матэрыяльна-тэхнічнай базы ў бюджэце Мастоўшчыны?

Новы этап развіцця cяла: сацыякультурны зрэз 

Дзякуючы дзяржаўным праграмам адраджэння і развіцця сяла, развіцця малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў многія рэгіёны краіны значна палепшылі сваю матэрыяльна-тэхнічную базу, у тым ліку і ва ўстановах культуры. Вынік - навідавоку: больш якаснае абслугоўванне гарадскога і сельскага насельніцтва, выкананне плана платных паслуг, павелічэнне колькасці і разнастайнасці мерапрыемстваў... Палепшылася за мінулую пяцігодку і матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў культуры Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці. Тут было ўведзена шаснаццаць аграгарадкоў, у якіх адрамантаваны ўсе ўстановы культуры. Да таго ж, на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы сферы культуры з раённага бюджэту былі накіраваны значныя асігнаванні, што, безумоўна, узняло "планку" культурнага жыцця горада і раёна на новы, больш высокі, узровень. Але праблема паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы на Мастоўшчыне пакуль яшчэ досыць актуальная. І больш за ўсё - у самім райцэнтры. 

 

Народ пытаецца і прапануе

 "Гукаўзмацняльная апаратура - недасканалая"

А напачатку, па традыцыі, - вынікі невялікага апытання жыхароў Мастоўшчыны.

Марыя Іванаўна, пенсіянерка, г. Масты:

- Напэўна, самая набалелая гарадская праблема - неабходнасць рамонту Цэнтральнай раённай бібліятэкі. Мне там вельмі падабаецца: шмат кніг, часопісаў і газет - як кажуць, на любы густ. А вось плямы ад вады на сценах установу, зразумела, не ўпрыгожваюць...

Андрэй, студэнт-завочнік, г. Масты:

- У раённы Дом культуры заўсёды хаджу на дыскатэкі. Падабаецца. Але ў вялікай глядзельнай зале і сцэна, і крэслы, і агульны выгляд - як падаецца, яшчэ з савецкага часу. Ды і гукаўзмацняльная апаратура - вельмі недасканалая. А так хацелася б, каб наш РДК быў не горшы за падобныя ўстановы суседніх раёнаў...

Ірына Базыльчык, выхавальніца дзіцячага садка, аграгарадок "Пацэвічы":

- Шмат літаратуры ў нашай бібліятэцы, а нядаўна ўстанавілі тут камп'ютар. Дрэнна толькі адно: няма пакуль што да гэтага ПК прынтара. А без яго, пагадзіцеся, вельмі нязручна. Ці з'явіцца ў нас гэтая патрэбная тэхніка?

 

Другі ў вобласці, але...

Па выніках 2010 года Мастоўскі раённы дом культуры заняў ганаровае ІІ месца ў абласным конкурсе "Установа культуры года". І, па словах дырэктара РДК Сяргея Фядотава, адбылося тое цалкам не выпадкова.

- Шмат працавалі над удасканаленнем разнастайных формаў платных паслуг, - распавёў кіраўнік установы. - Увялі новыя віды, і, як вынік, зарабілі больш за сто мільёнаў рублёў. Сума для нашага 16-тысячнага горада досыць вялікая...

Пры ўстанове працуе дзесяць калектываў са званнем "народны" - выдатны паказчык якасці працы мясцовых работнікаў. Ладзяцца шматлікія раённыя мерапрыемствы, летась адбыўся ўжо сёмы па ліку абласны Фестываль дзіцячай эстраднай творчасці "Масты надзей", а сёлета пройдзе міжраённы Фестываль дзіцячай творчасці "Слаўлю Ліпічанскую пушчу". Цікавы нюанс: работнікі Мастоўскага РДК цяпер распрацоўваюць сайт аддзела культуры. Інтэрнэт-рэсурс ужо даступны па адрасе www.mosty.by і распавядае пра ўсе культурныя цікавосткі раёна і тыя мерапрыемствы, што адбыліся на Мастоўшчыне цягам апошніх трох месяцаў. Тут жа можна даведацца пра "біяграфіі" і творчыя здабыткі ўсіх народных і ўзорных калектываў раёна.

Словам, працуюць у РДК таленавітыя і творчыя людзі. Але далейшаму паспяховаму развіццю ўстановы культуры замінае шэраг аб'ектыўных прычын. Адна з іх - неабходнасць рамонтных работ.

- Год "нараджэння" нашай установы - 1993-і, і таму даўно наспела патрэба ў рамонце РДК, - распавёў дырэктар Сяргей Фядотаў. - Зрухі ў гэтым плане ёсць. У 2006-м была распачата рэканструкцыя будынка: зроблены дах, фасад, фае, шэраг кабінетаў на першым паверсе і частка - на другім. Але зза недахопу фінансавання работы ў 2009 годзе спыніліся. Таму мы не паспелі зрабіць рамонт у вялікай (на 436 месцаў) і малой (на 96 месцаў) глядзельных залах, у шэрагу памяшканняў РДК. І ці будуць грошы на працяг рэканструкцыі сёлета - пытанне з досыць няпэўным адказам...

Па словах кіраўніка ўстановы, наяўная гукаўзмацняльная, светлавая, камп'ютарная тэхніка, што ёсць у РДК, таксама патрабуе абнаўлення. Ды і студыя гуказапісу, якой вельмі ганарацца супрацоўнікі, карыстаецца, тым не менш, у сваёй працы даволі састарэлым абсталяваннем.

 І яшчэ. У будынку Дома культуры "прапісаліся" таксама Раённы метадычны цэнтр народнай творчасці і Дзіцячая школа мастацтваў. Месца для ўсіх - замала, і таму галоўная і даўняя мара дырэктара Мастоўскай ДШМ Ганны Плішань - пераезд у новы, больш утульны, асобны будынак. Да таго ж, у тых памяшканнях, якія займае школа, таксама патрэбны рамонт. Па словах Ганны Плішань, некаторыя кабінеты паступова даводзяцца да ладу рабочымі гаспадарчай групы аддзела культуры, але не так хутка, як хацелася б. Нарматывы гукаізаляцыі ў памяшканнях школы не вытрымліваюцца, існуе і актуальная праблема абнаўлення музычных інструментаў...

 

/i/content/pi/cult/316/5562/pic_16.jpgБібліятэка ў чаканні рамонту

Калі ў Мастоўскім раённым доме культуры мараць пра завяршэнне рэканструкцыі, дык у Цэнтральнай раённай бібліятэцы толькі яшчэ чакаюць пачатку рамонтных работ. Бо вонкавы выгляд фасада гэтай ўстановы культуры наведвальніка не надта ўражвае: на ім бачныя шматлікія падцёкі і плямы ад вады...

- Наша бібліятэка была пабудавана ў 1984-м, але пакуль што ні разу не рамантавалася, - патлумачыла дырэктар Мастоўскай ЦБС Таццяна Валчкевіч. - Мы ўжо цягам некалькіх гадоў стаім у плане на цякучы рамонт, але пакуль што грошы пад гэтыя мэты нам не выдаткоўваліся. Дзенідзе цячэ дах, патрэбны рамонт фасада, замена вокнаў і шмат чаго яшчэ...

Хапае тут і іншых праблем. Наяўная камп'ютарная база раённай біблятэкі - 12 ПК - састарэлая, для наладжанай працы не стае мультымедыйнага абсталявання, брашуравальнага апарата, ламінатара... Але мясцовыя бібліятэкары не сядзяць склаўшы рукі, а зарабляюць самі: леташні план платных паслуг быў перавыкананы і склаў звыш 30 мільёнаў рублёў. Уводзяцца і новыя віды паслуг, сярод якіх найбольш запатрабаваныя - пракат відэадыскаў, ксеракапіраванне, карыстанне Інтэрнэтам... Яшчэ пяць гадоў таму ў Мастоўскай ЦРБ абслугоўванне чытачоў было пераведзена ў аўтаматычны рэжым, што значна палегчыла працу бібліятэкараў і прыйшлося даспадобы чытачам...

Таму цалкам заканамерна і заслужана Мастоўская ЦРБ неаднойчы адзначалася ў ліку лепшых бібліятэк Гродзеншчыны. Але патрэба рамонтных работ ва ўстанове - надзённая і актуальная. А без яе вырашэння казаць пра далейшае паспяховае развіццё раённай бібліятэкі не выпадае.

 

Недабудаваны аграгарадоцкі

Свае праблемы маюць і ўстановы культуры Мастоўскага раёна. У адным з леташніх аграгарадкоў - "Пацэвічы" - на рамонт даху і фасада мясцовага СДК пайшло прыкладна 95 мільёнаў рублёў. Таму звонку ўстанова выглядае досыць прывабна.

А вось унутры карціна крыху іншая, бо рамонт памяшканняў у Пацэвіцкім СДК летась не праводзіўся. Толькі сёлета сіламі гаспадарчай групы аддзела культуры распачаўся рамонт у памяшканні, дзе моладзь аграгарадка збіраецца на дыскатэкі. А вось да вялікай глядзельнай залы - прыкладна на 200 месцаў - і вялікага пакоя для заняткаў гурткоў ды аматарскіх аб'яднанняў рукі, як кажуць, пакуль што не дайшлі... Праблема яшчэ і ў тым, што танцавальныя вечары ў Пацэвіцкім СДК наведвае не так ужо і шмат людзей. Па словах дырэктара ўстановы Лідзіі Садоўскай, у мінулую суботу на дыскатэку прыйшло чалавек 10 - 12. Прычына - і ў рамонце танцавальнай залы, і ў тым, што гукаўзмацняльная апаратура, якая ёсць у СДК, - старая, няма найноўшай светлавой тэхнікі, іншых прылад... Усё гэта, натуральна, не спрыяе наведванню...

Сярод іншага - патрэба ў новай мэблі, у новых камплектах касцюмаў для тых калектываў, што працуюць на базе Пацэвіцкага СДК. Дарэчы, падобныя праблемы - недахоп новых касцюмаў, патрэба ў абнаўленні гукаўзмацняльнай апаратуры, у набыцці ноўтбука - існуюць і ў супрацоўнікаў Цэнтральнага Дома культуры аграгарадка "Струбніца", куды таксама завітаў цягам камандзіроўкі.

 

Усе праблемныя пытанні сацыякультурнага /i/content/pi/cult/316/5562/pic_18.jpgразвіцця раёна былі абмеркаваны на райвыканкамаўскай "лятучцы", ініцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама па пытаннях развіцця сацыяльнай сферы Таіса МУРЫНА і начальнік аддзела культуры Уладзімір СВІСТУНОЎ.

 

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Таіса Мікалаеўна, за час камандзіроўкі наведаў шэраг устаноў культуры горада і раёна. Можна сказаць, што адна з найбольш вострых праблем - гэта нездавальняючая матэрыяльна-тэхнічная база...

Таіса МУРЫНА:

- У параўнанні з недалёкімі ад нас Лідскім, Ваўкавыскім, Карэліцкім раёнамі ў нас, натуральна, матэрыяльна-тэхнічная база слабейшая. Але мы робім усё магчымае для яе паляпшэння. За апошнюю пяцігодку на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры раёна з райбюджэту было выдаткавана тры з паловай мільярды рублёў. Гэта неблагія грошы. І заўсёды тыя сродкі накіроўваюцца на найбольш праблемныя аб'екты.

Уладзімір СВІСТУНОЎ:

- Летась рамонтныя работы вяліся на 13 установах культуры. Мы здалі ўсе аб'екты ў аграгарадках. А іх у раёне нямала: 16.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Але, напрыклад, у аграгарадку 2010 года "Пацэвічы" адрамантаваны толькі дах і фасад - унутраныя памяшканні яшчэ да ладу не даведзены. Патрабуе абнаўлення апаратура, мэбля, касцюмы, як і ў яшчэ адным СДК - аграгарадка "Струбніца"...

Уладзімір СВІСТУНОЎ:

- У хуткім часе гаспадарчая група аддзела культуры адрамантуе танцавальную залу гэтага клуба. З цягам часу распачнём работы і ў глядзельнай.

Таіса МУРЫНА:

- Магчыма, на клуб у аграгарадку "Пацэвічы" мы яшчэ атрымаем дадатковыя сумы па Рэспубліканскай інавацыйнай праграме і на гэтыя грошы давядзём да ладу ўнутраныя памяшканні ўстановы. Што да нястачы якаснай апаратуры, патрэбы ў новых камплектах касцюмаў, дык гэта сапраўды актуальнае пытанне для калектываў многіх нашых СК і СДК. Нават знакамітаму народнаму ансамблю народнай песні "Ярыца", што працуе на базе РДК, таксама неабходны новыя касцюмы. Паступова будзем вырашаць і гэтую праблему.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- У Пацэвіцкай сельскай бібліятэцы не працуе Інтэрнэт, няма вельмі патрэбнага ім прынтара...

Уладзімір СВІСТУНОЎ:

- Днямі падключым гэтую бібліятэку да Інтэрнэта, а цягам года набудзем і тэхніку.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- На жаль, не дзейнічае ў раёне і запатрабаваны насельніцтвам аўтаклуб...

Таіса МУРЫНА:

- Я ўпэўнена, што сельскае насельніцтва раёна не знаходзіцца па-за ўвагай культработнікаў. Усе нашы ўстановы культуры запатрабаваны, як, дарэчы, і аўтабібліятэка, што дзейнічае на Мастоўшчыне ўжо працяглы час. А замест аўтаклуба маем "агітцягнік", што выязджае раз на квартал у аддаленыя і маланаселеныя вёскі. У гэтым аўтобусе ёсць месца не толькі для культработнікаў, але і для супрацоўнікаў медыцыны, сацыяльных службаў, міліцыі. Наш "агітцягнік" вельмі чакаюць жыхары многіх населеных пунктаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Шмат праблем і ў гарадскіх установах культуры: РДК, Цэнтральнай раённай бібліятэцы...

Таіса МУРЫНА:

- Першасная наша задача на гэты год - рамонт даху ЦРБ. Гэта зробім сёлета абавязкова.

Уладзімір СВІСТУНОЎ:

- Па маіх папярэдніх падліках, на рамонт ЦРБ спатрэбіцца прыкладна 200 мільёнаў рублёў. А што да РДК, дык мы паступова рамантуем установу сваімі сіламі. Ужо некалькі гадоў таму абнавілі дах, фасад, некаторыя памяшканні. Летась, да прыкладу, гаспадарчая група аддзела культуры адрамантавала там яшчэ тры кабінеты. замяніла электраабсталяванне. За пазабюджэтныя сродкі закупілі для РДК сістэму відэаназірання коштам у дзесяць з паловай мільёнаў рублёў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Але не зроблены рамонт у вялікай і малой глядзельных залах РДК...

Таіса МУРЫНА:

- Спачатку давядзём да ладу дах раённай бібліятэкі. Ды і не можам мы адразу вырашыць усе праблемы ў сферы культуры, бо патрабуе ўвагі яшчэ і медыцына, і адукацыя... Але культура, безумоўна, - прыярытэтная сфера, і старшыня Мастоўскага райвыканкама Аляксей Шафарэвіч заўсёды нас падтрымлівае.

Уладзімір СВІСТУНОЎ:

- Напрыклад, летась са сродкаў райбюджэту дадаткова было выдзелена 50 мільёнаў рублёў - на закупку літаратуры для ЦБС, - а яшчэ 10 мільёнаў атрымалі на набыццё музычнай апаратуры. Да таго ж, паляпшаем матэрыяльна-тэхнічную базу і з дапамогай нашых спонсараў: летась такім чынам закупілі акустычную сістэму для Дубненскага СДК на суму 11 з паловай мільёнаў рублёў, а ў Дубненскай сельскай бібліятэцы ўстанавілі камп'ютар.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Якія перспектывы ў развіцці сацыякультурнай сферы раёна?

Таіса МУРЫНА:

- На бліжэйшы час нам трэба стварыць у горадзе Маладзёжны цэнтр. Хутчэй за ўсё, ён паўстане на базе нашага кінатэатра, які цяпер рамантуецца. Распрацоўваем Палажэнне аб гэтым Маладзёжным цэнтры, улічваючы досвед суседніх раёнаў, дзе працуюць падобныя ўстановы.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Але ж кінатэатр у будынку таксама працягне функцыянаваць? Усё ж без яго таксама аніяк...

Таіса МУРЫНА:

- Так, безумоўна. А ў Маладзёжным цэнтры будуць ладзіцца дыскатэкі, магчыма, з'явяцца новыя формы культурнага адпачынку - більярд, боўлінг, - будзе функцыянаваць невялікае сямейнае кафэ. Нам трэба выходзіць на больш якасны ўзровень работы з моладдзю, як і з пакаленнем 30-ці - 40-гадовых, бо, на жаль, на маю думку, менавіта гэтым людзям цяпер надаецца мала ўвагі.

Уладзімір СВІСТУНОЎ:

- Працуем і з гэтай катэгорыяй насельніцтва. Добрай завядзёнкай для нашага раёна сталася правядзенне занальных тураў спаборніцтваў шматдзетных сем'яў: сёлета конкурсы адбыліся на базе Луненскага і Мікелеўшчынскага СДК. Ды і ва ўсіх установах культуры прайшлі мерапрыемствы па святкаванні Дня сям'і.

Таіса МУРЫНА:

 - Усё гэта так, але трэба, каб было больш аматарскіх аб'яднанняў для людзей сярэдняга веку. А, акрамя пільнай увагі да абнаўлення і паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, работнікам аддзела культуры варта зрабіць акцэнт на пошуку новых формаў працы з насельніцтвам, каб прыцягваць больш людзей на дыскатэкі, рабіць раённыя мерапрыемствы яшчэ больш цікавымі і разнастайнымі.

 

Дэталь да агульнай карціны

/i/content/pi/cult/316/5562/pic_17.jpgРазвіццё на трансграніччы

Пра Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей, створаны настаўнікам Алесем Белакозам, "К" пісала неаднойчы. Чарговая нагода згадаць гэты знакавы аб'ект культуры Мастоўшчыны даволі значная: сёлета ўстанова атрымае грант у суме роўнай прыкладна 200 тысячам еўра.

Грошы гэтыя, па словах выконваючай абавязкі дырэктара Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурнакраязнаўчага музея Кацярыны Басінскай, атрыманы ў рамках Міжнароднай праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва "Польшча - Беларусь - Украіна". Плануецца, што сродкі будуць накіраваны на рамонт музейных памяшканняў, сістэмы ацяплення, на падвядзенне сістэмы каналізацыі і ўсталяванне санвузлоў, добраўпарадкаванне музейнай тэрыторыі. Як вядома, у фондах музея - больш за трынаццаць тысяч экспанатаў, а чатырнаццаць экспазіцыйных залаў, такія, як "Пісьменнікі Гродзеншчыны", "Беларусь літаратурная", "Гудзевіцкія народныя касцюмы", "Народная медыцына" і іншыя, зацікавяць любога наведвальніка. У ліку арыгінальных прадметаў - глобус з пазнакамі на беларускай мове, старадаўнія аўтэнтычныя строі, аўтографы шматлікіх айчынных пісьменнікаў. На думку Кацярыны Басінскай, змены ў музеі паспрыяюць таму, што ў Гудзевічы будуць яшчэ часцей прыязджаць айчынныя і замежныя турысты.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"