Жыццё і дзіўныя прыгоды Міхала Андрыёлі

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Метамарфозы мастакоўскага лёсу, ад якіх кругам галава

/i/content/pi/cult/316/5560/pic_13.jpgМіхал Андрыёлі жыў у Вятцы на другім паверсе драўлянага дома, які належыў сям'і чыноўніка Новікава. Тут мастак меў кухню, пярэднюю і чатыры невялічкія пакоі. Два з іх прыстасаваў пад майстэрні. Тут ён маляваў заказныя партрэты вяцкага Уладыкі Аполаса, архірэяў, чыноўнікаў, купцоў і заможных вяцічаў, гравіраваў свае малюнкі, распрацоўваў эскізы роспісаў для цэркваў і нават змайстраваў лодку з ветразем. Таксама даваў прыватныя ўрокі рысавання... Дом пад чатырохсхільным дахам з фасадам, дэкарыраваным унізе замкавымі камянямі, захаваўся. Пасля ад'езду мастака ён быў некалькі разоў перакуплены, з пачатку 1900-х гадоў і да рэвалюцыі належыў сялянскай сям'і Сапожнікавых...

 (Заканчэнне. Пачатак у № 13.)

 Увогуле, трохгадовы вяцкі перыяд, нягледзячы на становішча ссыльнага, быў даволі вольны, як і жыццё "пад наглядам" землякоў Андрыёлі, былых паўстанцаў С.Карчэцкага, Я.Манюкевіча, Ф.Петэрсона і М.Равенскага - з Міншчыны, Л.Канюшэўскага, В.Савіцкага і Б.Вітаўта- з Ковеншчыны, Т.Хадзько - з Віленшчыны, якія жылі непадалёк ад дома мастака.

Менавіта ў Вятцы лёс моцна знітаваў Андрыёлі з братамі Віктарам і Апалінарам Васняцовымі. Старэйшы, Віктар, ужо вучыўся ў пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, калі Андрыёлі прыбыў у Вятку. Потым, пасля двух гадоў навучання, у сакавіку 1870-га, Васняцоў прыехаў дадому, пазнаёміўся з нашым земляком і, паводле некаторых сведчанняў, стаў яго памочнікам у рабоце над стварэннем па заказе Уладыкі Вяцкага і Слабадскога Аполаса роспісаў у Крыжаўзвіжанскім храме. Але для гісторыі мастацтва галоўнае было ў тым, што менавіта Віктар Васняцоў угаварыў "лёгкага і добрага" Андрыёлі ўзяць на сябе мастацкае выхаванне свайго малодшага брата Апалінара, у той час - навучэнца духоўнага вучылішча. І Апалінар Васняцоў кожную нядзелю прыходзіў да Андрыёлі, ствараў пад пільным наглядам настаўніка малюнкі, пісаў алеем пейзажы проста з акна ягонай майстэрні альбо капіраваў рамантычныя горныя і лясныя альпійскія, бездакорныя па кампазіцыйным майстэрстве, ландшафты швейцарскага мастака Аляксандра Калама...

Нарэшце, Андрыёлі сказаў Апалінару: "Васняцоў, сябра мой, навошта вы рыхтуеце сябе да сану святара? Святароў і без вас шмат, а вось людзей з мастацкім талентам - значна менш. Кідайце семінарскае занудства і з'язджайце ў Пецярбург, у Акадэмію: там вы навучыцеся ўсяму, што патрэбна таленту для ўвасаблення задумак. І, Богам прашу, не трэба раздумваць!" Сапраўды, Андрыёлі так вымуштраваў таленавітага вучня, што не заставалася ніякіх сумненняў: хлопчыку трэба ісці па слядах старэйшага брата і працягваць мастацкую адукацыю ў сталіцы. Але грошай у сям'і Васняцовых на гэтую паездку не аказалася. І тады Андрыёлі выкарыстаў усе свае сувязі з духоўнымі асобамі, знакамітымі купцамі і самім губернатарам горада Кампанейшчыкавым, каб з іх дапамогай арганізаваць мастацкую латарэю. У выніку былі прададзены дзве работы маладога Васняцова за 60 рублёў - "Малочніца" і "Жняя" (а не "Жрыца", як значыцца ў некаторых расійскіх крыніцах): адзін твор набыў сам губернатар Вяткі, другі - епіскап Адам Красінскі, родам з Беларусі. І ў 1872 годзе Апалінар стаў студэнтам Акадэміі мастацтваў, а ў будучыні- выдатным гістарычным жывапісцам, па таленце не ніжэйшым за свайго вялікага брата.

Між тым, Андрыёлі працягваў у ссылцы сваю м/i/content/pi/cult/316/5560/pic_12.jpgастацкую дзейнасць у галіне манументальнага жывапісу. Па заказе мясцовых купцоў за 1300 рублёў ганарару ён распісваў Успенскую царкву ў Кукарцы. Праўда, ад гэтага роспісу ў алтары да сёння захавалася адзіная фрэска- "Зняцце з Крыжа". Ікона трох маскоўскіх святых Іоны, Пятра і Аляксея, таксама пэндзля Андрыёлі, захавалася менш: толькі адзін лік Пятра ацалеў. За гады, праведзеныя ў Вятцы, Андрыёлі, па ўспамінах сучасніка, "аднавіў амаль усе цэрквы, намаляваў вельмі шмат і пакінуў па сабе ўспамін як чалавек велізарнай працы".

Новай вехай у лёсе ссыльных стаў царскі ўказ 1871 года аб палягчэнні іхняга пакарання. Паводле яго, ссыльныя еўрапейскіх губерняў, якія прабылі ў няволі не менш за два гады, вызваляліся ад нагляду, і ім дазвалялася пражываць паўсюль, акрамя сталіцы і галоўных губернскіх гарадоў, без права ўладкавання на дзяржаўную службу. Але горш за ўсё было тое, што ўсім былым паўстанцам забаранялася вяртацца на радзіму...

Такім чынам, у жніўні 1871 г. Андрыёлі, адбыўшы ў Вятцы тры гады, атрымаў адпаведны дакумент, і яму давялося пераехаць у Варшаву. Хутка па прыездзе сюды Міхаіл пазнаёміўся з вядомымі выдаўцамі Мечыславам і Маўрыцыяй Аргельбрандамі, якія заказалі мастаку серыю малюнкаў, прысвечаных славянскім народным святам. Праз год Андрыёлі за гэтыя работы ("Вербная нядзеля", "Увянчанне дуба" і інш.) быў прызнаны калегамі па цэху "найлепшым ў тым кірунку яго творчасці, які ён сабе абраў". А ў 1873-м, да 400-годдзя з дня нараджэння Каперніка, ён стварае цудоўную кампазіцыю, прысвечаную астраному. Можна лічыць, з гэтага часу пачынаецца яго вельмі актыўная творчая дзейнасць, асабліва- у кніжнай графіцы.

Натуральна, даволі хутка палепшылася яго матэрыяльнае становішча, з'явіліся грошы, на якія мастак напярэдадні калядных святаў 1874 г. набыў у сям'і Тарчыньскіх цэлыя два гектары зямлі з садам каля гарадка Нова-Мінска (Мінск-Мазавецкі) Варшаўскай губерні за тры вярсты ад ракі Віслы і за 36 - ад Варшавы. Праз дзесяць месяцаў Андрыёлі бярэ шлюб з дзяўчынай з нябеднай шляхецкай сям'і- Наталляй Хеленай Тарноўскай. Усё гэта станоўча адбіваецца на яго творчасці. Цяжка ўявіць сабе, але толькі за чатыры гады Андрыёлі выканаў цудоўныя ілюстрацыі да кніг "Марыя. Украінская аповесць" украінска-польскага паэта А.Мальчэўскага, "Старажытныя гавэнды і карцінкі" К.Вуйціцкага, "Ян Дэмбарог" У.Сыракомлі, "Успаміны квестара" І.Ходзькі, "Меір Эзафовіч" Э.Ажэшкі, "Старое паданне" Ю.Крашэўскага, рамантычнай драмы "Ліла Венеда" Ю.Славацкага...

Але апошнія гады 1870-х прынеслі няшчасці Андрыёлі: памерла паўтарагадовая дачка, а неўзабаве пайшла з жыцця таксама і маці мастака. І так здарылася, што менавіта ў гэты цяжкі час яму трэба было распачынаць заказную работу над ілюстрацыямі да выдання "Пана Тадэвуша" Адама Міцкевіча. Адмаўляцца ад заказу было ўжо позна: выдавецтва прыспешвала. І ён, перасільваючы свой мінорны настрой, працаваў кожны дзень з раніцы да поўдня. 24 ілюстрацыі, 10 віньетак і 24 ініцыялы для гэтага выдання атрымаліся цудоўнымі, але патрабавальны да сябе Андрыёлі лічыў, што не ўсё яму ўдалося: "Я гэта рабіў пры ложку маці, якая памірала, і хутка пасля страты дзіцяці..." Прыкладна ў гэты ж час ён стварае ілюстрацыі да паэмы А.Міцкевіча "Гражына" і станковы ліст "Гедымін будуе Віленскі замак".

Страціўшы блізкіх людзей, мастак не можа заставацца ў Нова-Мінску, дзе ўсё нагадвала аб нядаўняй трагедыі, і пераядзжае з жонкай на новае месца: у фальварак Анелін, што на поўначы ад г. Карчава. Гэты фальварак ён купіў у нейкага пана Сігізмунда Куртца, каб пабудаваць там сярод прыроднай прасторы некалькі хатак-лецішчаў для далейшай здачы арандатарам, а таксама два шыкоўныя маёнткі пад назвай "Мой" і "Двор" у арыгінальным архітэктурным стылі- "swidermajer" (у 30-я гады ХХ ст. гэты тэрмін прыдумаў паэт Канстант Ільдэфанс Гальчынскі - па аналогіі з вядомым стылем "bidermajer"). Гэты кірунак спалучаў у сабе элементы готыка-рэнесанснага (мазавецкага) стылю, узораў рубленых прыгожых альпійскіх дамкоў і старажытнага рускага дойлідства, якое мастак палюбіў яшчэ на Вятчыне. І ўсяму гэтаму жывапіснаму маёнтку ля лесу, на крутым беразе ракі Свідэр, Андрыёлі даў назву "Бжэгі" ("Берагі"). Тут яго часта бачылі за працай над пленэрнымі эцюдамі; тут, у наваколлі, ён ажыццяўляў штодзённыя прагулкі пешшу або на кані. Адсюль аднойчы мастак выправіўся ў воднае падарожжа па Вісле і на лодцы даплыў аж да Кракава. Як вынік гэтай вандроўкі, з'явілася графічная серыя пад назвай "Берагі Віслы". Пазней тут, у Бжэгах, у адсутнасць мастака, здарыўся пажар: загінула шмат ягоных малюнкаў, эскізаў і эцюдаў... Страта была незаменная, але і гэтым разам Андрыёлі ўспрыняў драму трывала і мужна. Праз кароткі час Міхал бярэцца за ілюстрацыі да яшчэ аднаго твора А.Міцкевіча - эпічнай паэмы з гісторыі ВКЛ - "Конрад Валенрод", над якімі ён працаваў даволі доўга.

Знаходзячыся ў Парыжы (на кватэры Уладзіслава Міцкевіча), Андрыёлі паралельна заключае пагадненне аб супрацоўніцтве з буйнымі парыжскімі, лонданскімі і варшаўскімі выдавецтвамі, у тым ліку афармляе раман А.Дзюма "Графіня дэ Мансаро". Папулярнасць мастака як ілюстратара расце. У Парыжы мэтры ад мастацтва запрашаюць яго на розныя вечарыны, нават выбіраюць у склад невялічкай групы дэлегатаў на Літаратурнамастацкі кангрэс у Мадрыдзе па праблемах аўтарскага права. Ёсць звесткі, што ў гэты перыяд Андрыёлі працаваў з гравёрам і выдатным ілюстратарам "галоўных" кніг Рабле, Дантэ, Перо, Сервантэса, геніем святлаценю ў графіцы Гюставам Дарэ. Ён быў усяго на чатыры гады старэйшы за нашага зямляка.

У маі 1884-га Андрыёлі разам з Наталляй з'ехаў у свой маёнтак Бжэгі, каб хоць трошкі прывесці яго да ладу пасля пажару. У кастрычніку яны вяртаюцца ў Парыж, які да таго часу ахапіла эпідэмія халеры. Вуліцы пуставалі, прадуктовыя і прамысловыя крамы не працавалі, трупы людзей і жывёл ніхто не прыбіраў... Але Андрыёлі, нягледзячы ні на што, чамусьці заставаўся ў Парыжы аж да вясны наступнага года. Што яго там так трымала - не ведаю. І толькі вясной 1885-га ён пакінуў горад і выправіўся на кароткі адпачынак у сонечную Італію, а адтуль, праз Швейцарыю, Германію і Варшаву,- у Бжэгі, каб зноў узяцца за працу па добраўпарадкаванні маёнтка.

Тым часам у лістападзе 1885 г. Андрыёлі атрымаў новы буйны заказ ад брытанскіх выдаўцоў, "офіс" якіх размяшчаўся ў Парыжы: зрабіць 200 ілюстрацый да раманаў Фенімора Купера. Трэба было ехаць у Парыж на перамовы, хаця спачатку ў Міхала была думка адмовіцца ад заказу, паколькі свет і героі Купера былі для яго як мастака чужыя і далёкія. Але талент ёсць талент, і, глыбока ўнікнуўшы ў літаратурную прастору асяроддзя, у атмасферу эпохі, у жыва выпісаныя вобразы амеріканскіх каланістаў - асабліва галоўнага персанажа Наці Бампа - Скураная Панчоха і індзейцаў - герояў Купера, Андрыёлі з уласцівым яму майстэрствам за кароткі тэрмін зрабіў такія бліскучыя ілюстрацыі да гісторыка-прыгодніцкай пенталогіі, што да сённяшняга дня яны застаюцца непераўзыдзенымі. У гэтым дачыненні я смела магу параўнаць ягоныя малюнкі з геніяльнымі ілюстрацыямі вышэйзгаданага Гюстава Дарэ, бо па "карцінках" таго і другога асабіста я "прайшоў" сваё дзяцінства.

Не ведаю, што здарылася ў сям'і Андрыёлі, але ў 1887 г., пасля сумеснага падарожжа мастака і ягонай жонкі па гістарычных мясцінах Паўднёвай Польшчы і пасля заканчэння працы над алейнымі абразамі "Святога Казіміра" і "Хрыстоса ў труне" для парафіі ў Карчэве, яны разышліся. І адразу ж пасля разводу Міхал, каб прыйсці ў сябе, накіраваўся ў Сілезію, адкуль прывёз некалькі дзясяткаў замалёвак пад агульнай назвай "Пад зямлёй і на зямлі". Але гэтая работа была для яго больш "хобі", адпачынкам ад галоўнай мэты - далейшым працягам працы над ілюстрацыямі твораў яго любімага Адама Міцкевіча.

У 1891 г. Андрыёлі двойчы наведвае Санкт-Пецярбург, паколькі атрымаў прапанову ілюстраваць "Героя нашага часу" М.Лермантава. Адтуль увосень таго ж года выпраўляецца на радзіму, дзе малюе старажытныя помнікі гісторыі і дойлідства, падрабязныя "карцінкі" сялянскага і гарадскога побыту, шукае найбольш характэрныя беларускія і літоўскія чалавечыя тыпы, строі, падворкі, хатнія інтэр'еры і іншыя этнаграфічныя дэталі. А ў наступным, 1892-м, годзе зноў працуе над ілюстрацыямі да чарговага твора Адама Міцкевіча - паэмы "Дзяды" - і заканчвае шматфігурную кампазіцыю "Адкуль вярталіся ліцвіны?".

У лютым 1893-га мастак, каб паправіць здароўе, якое астатнім часам вельмі пагоршылася, рушыў у Харватыю і Чарнагорыю. Але нічога не дапамагло, і давялося з'ехаць на некалькі тыдняў у Бжэгі (як аказалася, у апошні раз), потым - у Варшаву: для сур'ёзнага лячэння. Усё марна. Пераканаўшыся, што справа- безнадзейная, Андрыёлі 18 чэрвеня 1893 года піша завяшчанне, і ў пачатку ліпеня, па парадзе сяброў-дактароў, кладзецца ў шпіталь курортнага гарадка Наленчаў, непадалёк ад Варшавы, хаця добра ведае, што шанцаў паправіцца ў яго ніякіх... Так і здарылася: раніцай 23 жніўня ўсё было скончана. Сціплае пахаванне адбылося там жа, на мясцовых могілках... Сёння там стаіць шыкоўны класічна-строгі помнік з чорнага мармуру з велічным крыжам і партрэтным барэльефам мастака.

Што сказаць у заключэнне? Мастакоўскі шлях Міхала Андрыёлі- пераканаўчая ілюстрацыя да лацінскай мудрасці: "Sic transit gloria mundi" ("Так праходзіць людская слава"). Яшчэ пры жыцці ягоныя творы прыводзілі ў захапленне! Некалі ж унікальны альбом "Жанчыны рускіх пісьменнікаў" з партрэтамі галоўных гераінь твораў Пушкіна, Талстога, Лермантава, Тургенева я ў маладосці перагортваў ва ўніверсітэцкай бібліятэцы Ленінграда, праўда, зусім не ведаючы, што мастак меў дачыненне да Беларусі... Так, Андрыёлі быў у модзе. За кнігамі з яго "карцінкамі" ганяліся, мець у сямейных бібліятэках такія тамы лічылася гонарам. Словам, творцам захапляліся знакамітыя людзі і простыя чытачы. Нездарма 80-я гады XIX cт. хтосьці з французскіх бібліяфілаў назваў дзесяцігоддзем Андрыёлі. І сёння не-не - ды і з'яўляюцца шыкоўныя выданні з ягонымі ілюстрацыямі. Напрыклад, не так даўно на мінскім кніжным развале па вуліцы Янкі Купалы я бачыў раман Купера "Апошні з магікан" з найдасканалымі ілюстрацыямі Андрыёлі, прычым пераплёт быў з чорнай натуральнай скуры Cabra і залатым абрэзам. Аднак хто сёння ведае аўтара такіх цудоўных твораў? Вось Гюстава Дарэ ўсе ведаюць у свеце, а Міхала Андрыёлі?..

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"