Ірына Дарафеева: “Нашы вёскі не пазнаць!”

№ 33 (799) 18.08.2007 - 24.08.2007 г

Тэатр песні заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай завяршыў гастрольны тур па Гомельшчыне. Знакамітая спявачка, паводле традыцыі, выступала не толькі ў раённых цэнтрах і аграгарадках, але і непасрэдна на працоўных месцах хлебаробаў.

 /i/content/pi/cult/126/556/Darafeeva1.jpg
— Такія паездкі, — падзялілася ўражаннямі Ірына, — прыносяць узаемную асалоду, становяцца ў чымсьці адкрыццём для мяне.

— Так, я сама неаднойчы пераконвалася, што перад любой аўдыторыяй вы выступаеце, бы ў першы і апошні раз. І з кожным чарговым выкананнем любой песні быццам нанова адкрываеце яе для сябе і публікі.

— Я сапраўды вельмі сур’ёзна стаўлюся да кожнага свайго выхаду на сцэну: толькі жыўцом, толькі “на ўсе сто”…

— … нават дзвесце працэнтаў!

— Але справа не толькі ў гэтым. Падчас кожных такіх гастролей я штораз нанова адкрываю для сябе Беларусь і дзіўлюся тым зменам, якія апошнім часам адбываюцца на сяле. Раней, бывала, прыязджаеш у мясціны, дзе некалькі дзесяцігоддзяў “не ступала нага” сталічных артыстаў, і дзівішся адно гасціннасці сялян, якія гатовы падзяліцца апошнім, што ў іх ёсць (мне неяк нават куранят дарылі, давялося іх потым перадорваць). А сёння многія нашы вёскі не пазнаць. Паўсюль аграгарадкі, створаны ўсе ўмовы для працы і адпачынку. На той жа Гомельшчыне прыязджаем у Зашыр’е, а там — аграгарадок. І ў ім створана зона адпачынку пад красамоўнай назвай “На хвалях асалоды”, ёсць нават спартыўныя секцыі. Ці ж гэта не радуе?

— На такіх гастрольных турах вам часцяком даводзіцца выступаць у полі, сцэнай у такіх выпадках становіцца звычайны грузавік.

— Сёлета я выступала і на збожжатоку — незабыўныя ўражанні! А ў аграгарадку, што ў вёсцы Бабровічы, убачыла на сваім канцэрце сваякоў. Так расчулілася, што расплакалася. Адчуванне, быццам не проста землякі мяне ўшаноўвалі, а сама зямля беларуская радавалася разам з намі.

Фота Алы ТКАЧЭНКА