Арбіты Ізмаіла Капланава

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Эпоха працягласцю ў эстраду

/i/content/pi/cult/316/5559/pic_11.jpgПайшоў з жыцця цудоўны музыкант і кампазітар Ізмаіл Капланаў. А насамрэч - быццам сышла цэлая эпоха. Працягласцю нават не ў тую ці іншую колькасць часу, а ў гады станаўлення і развіцця беларускай эстрады.

Ён стаяў на досвітку нараджэння нашай нацыянальнай эстрады, шмат у чым фарміраваў яе аблічча. А колькі дзён таму яму стала дрэнна на сцэне. Пад час канцэрта ў Дзяржынску. Яшчэ ў 1960-я ён стварыў першы на Беларусі ВІА. Назва была больш чым сімвалічнай: "Арбіта-67". І справа не толькі ў тым, што калектыў гастраляваў па ўсім СССР, у замежжы, перамог на Усесаюзным конкурсе эстраднай песні. Акурат гэты гурт вывеў на сольную "арбіту" Віктара Вуячыча, дапамог знасці свае арбіты Уладзіміру Мулявіну, Уладзіславу Місевічу, якія працавалі ў капланаўскім калектыве яшчэ ў "дапесняроўскі" перыяд. Пазней, у 1980-я, Ізмаіл Капланаў удзельнічаў у "выхадзе на арбіту" Тэатра песні Ядвігі Паплаўскай /i/content/pi/cult/316/5559/pic_10.jpgі Аляксандра Ціхановіча. У 2000-я, літаральна да апошняга дня, - падтрымліваў моладзь і пісаў, на здзіўленне, абсалютна маладыя і нават маладзёжныя па духу песні, цудоўныя інструментальныя кампазіцыі. Але і сам увесь час знаходзіўся ў коле дзеяння сваёй "арбіты" - спявачкі, жонкі і самага блізкага сябра Нэлі Багуслаўскай.

...Дык, можа, Ізмаіл Львовіч не сышоў ад нас? Яго проста не бачна. Але толькі фізічна! Бо душу і талент, што ўзраслі ў яго шматлікіх творах, а таксама ва ўсіх, хто з ім сутыкаўся і каму ён дапамагаў, не бачыць немагчыма...

"Культураўцы"