Баланс без антракту

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Метамарфозы ў прасторы фаўны

/i/content/pi/cult/316/5555/pic.jpgУ Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва працуе выстаўка жывапісу маладога беларускага мастака Васіля Зянько пад назвай "Драпежнік - ахвяра". У экспазіцыю ўвайшлі жывапісныя кампазіцыі, што адлюстроўваюць прадстаўнікоў фаўны, адны з якіх выступаюць у ролі паляўнічых, а іншыя - у ролі патэнцыйнай здабычы.

Паляванне ў разуменні аўтара - гэта цэлае мастацтва. Ахвяры пастаянна звяртаюцца да розных хітрыкаў, каб не быць злоўленымі, у той час як дзеянні драпежнікаў накіраваны на пераадоленне гэтых "выкрунтасаў". У некаторых творах адбываюцца нечаканыя метамарфозы: драпежнік раптам сам становіцца ахвярай. Падобнае ўзаемадзеянне персанажаў карцін успрымаецца бясконцым дзействам без перапынкаў на антракт, у якім драпежнікі і іхнія ахвяры выступаюць як акцёры рэальнага тэатра.

Ідэя гэтага праекта не абмяжоўваецца толькі паказам сістэмы "драпежнік - ахвяра" ў Свеце біясферы, які вечна эвалюцыянуе. Хоць ужо адно гэта заслугоўвае пільнай увагі мастака, паколькі ўсё ў прыродзе мае непаўторную прыгажосць, разнастайнасць і мудрасць светаўладкавання. Уважлівы глядач прасочыць у кампазіцыях некаторую ўзаемасувязь агульных законаў прыроды з чалавечым грамадствам. Такое "падзяленне" адбываецца ў адпаведнасці з псіхалагічным складам кожнага чалавека.

Дуальнасць свету мае на ўвазе, што ўсё /i/content/pi/cult/316/5555/pic_2.jpgімкнецца да пэўнага балансу: правы бок заўсёды ўраўнаважвае левы, верх - ніз, добрае - дрэннае, драпежнік - здабычу і г. д. Зыходзячы з захавання такога роду раўнавагі, псіхалогія "ахвяры" і "драпежніка" не можа быць аднолькавай, з усімі вынікаючымі адсюль наступствамі. У той жа час, выбудоўванне падобнага роду паралелей паміж светам прыроды і соцыумам з'яўляецца толькі суб'ектыўным пунктам гледжання аўтара праекта: кожны наведвальнік мае права на свой асацыятыўны шэраг пры праглядзе гэтай выстаўкі.

Творы Васіля Зянько адрознівае ў сваім родзе ўнікальная аўтарская манера пісьма. Яна грунтуецца на нечаканым спалучэнні некаторых стылявых асаблівасцей арт-нуво (арнаментальная хвалістасць ліній прыродных форм жывёльнага свету, прысутнасць лёгкай асіметрыі) і афрыканскага стылю (яркі, насычаны каларыт, прыродны мінімалізм, грубыя фактуры). Імпульсіўнасць, рытміка, маляўнічасць суседнічаюць у кампазіцыях Зянько з прыроднай прастатой і светлай наіўнасцю. Дадзеныя прыёмы падпарадкаваны індывідуальнаму аўтарскаму бачанню, таму работы мастака, выкананыя акрылавымі фарбамі, заўсёды лёгка пазнаюцца і валодаюць унікальнай сілай гучання.

Наталля СЯЛІЦКАЯ, мастацтвазнаўца