Галерэйны тыдзень

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

Тры выстаўкі, што дэманструюць дасягненні культуры і мастацтва Грэцыі, Італіі і Францыі, адкрыліся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

 

Выстаўка "Спадчына ў фокусе аб'ектыва: сто пяцьдзясят гадоў фатаграфіі італьянскіх аб'ектаў сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны UNESCO" працуе ў галерэі "Лабірынт". У яе ўваходзіць больш за 200 работ, што адлюстроўваюць 45 аб'ектаў, унесеных у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Гэтыя кадры рабілі вядомыя фотамастакі пачынаючы з сярэдзіны XIX стагоддзя.

У галерэі ж "Ракурс" прайшло мерапрыемства "Пад небам Грэцыі Свяшчэннай..." у рамках святкавання Дня Незалежнасці Грэчаскай Рэспублікі і 190-годдзя вызвалення ад турэцкага прыгнёту. У ім прынялі ўдзел члены Беларускага грамадскага аб'яднання грэкаў "Пелапанэс". Дапаўняюць адмысловую кніжную экспазіцыю жывапісныя работы Ірыны Гілеп і Паўла Дзімітрыядзі ў "Мабільнай галерэі".

 А з 31 сакавіка ў галерэі "Панарама" працуе выстаўка "Вяртанне да рамантызму", што дэманструе работы мастакоў Беларусі, у якіх адчуваецца творчая захопленасць здабыткамі лепшых прадстаўнікоў французскай школы. Аўтары - майстры розных пакаленняў і творчых кірункаў: Фёдар Ястраб, Яўген Шунейка, Ірына Котава, Юрый Падолін, Ігар Гарбуноў, Людміла Налівайка, Карына Харанека, Уладзімір Рынкевіч, Вольга Мельнік... Таксама, акрамя персанальных твораў, аўтары прадстаўляюць калектыўную работу - інсталяцыю на тэму французскай граматыкі "Знайдзі свой дзеяслоў".